У Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Адукцыя для свабоды” (фота)

28 лістапада ў Мінску ўзнагародзілі пераможцаў IV конкурсу “Адукацыя для свабоды/ Ноўтбук актыўнаму настаўніку”. 



За найлепшыя вынікі ў галіне медыяадукацыі ноўтбукі атрымалі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Віцебскай гімназіі №5 Галіна Сухава, настаўніца ангельскай мовы Нясвіжскай гімназіі Наталля Катчанка і дырэктар Столінскай сярэдняй школы №2, выкладчыца рускай мовы і літаратуры Ала Лазіцкая.

Як паведаміла арганізатар конкурсу, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы (ТБШ) Тамара Мацкевіч, у трох намінацыях творчага спаборніцтва (медыяадукацыя на ўроку, медыадукацыя  па-за ўрокам і медыяпісьменная сям’я) удзельнічалі 32 педагогі з усіх рэгіёнаў Беларусі. На жаль, конкурс адукацыйных матэрыялаў “Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку” праводзіцца не штогод, бо для ягонай арганізацыі патрэбныя вялікія сродкі, сказала Тамара Мацкевіч.

Яна выказала вялікую падзяку апекунам творчага спаборніцтва, у тым ліку Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Беларусі, Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы, Медыяінстытуту Фойё Універсітэту Карла Ліннея (Кальмар, Швецыя), Асацыяцыі выдаўцоў мясцовых газет, Беларускаму аўдыёвізуальнаму архіву, Арт-Сядзібе і сайту nastaunik.info.   

Грамадскі дзеяч, мовазнаўца і педагог Вінцук Вячорка звярнуў увагу на тое, што медыяадукацыя дазваляе настаўніку адкрыць беларускую і сусветную адукацыйныя прасторы. “А калі мы хочам, каб беларуская школа была канкурэнтаздольнай, а нашыя выхаванцы  — свабоднымі людзьмі, неабходна адказаць на выклікі сучаснасці”, — зазначыў Вінцук Вячорка.

Сярод гэтых выклікаў ён назваў шырокае карыстанне інтэрнэтам большасцю насельніцтва Беларусі (пяць мільёнаў чалавек) і ўзрастанне ролі медыяў у фармаванні свядомасці цэлых народаў. Пры гэтым спадар Вінцук падкрэсліў, што беларусы не будуць народам да таго часу, пакуль самі за сябе не заступяцца. Разам з тым, Вінцук Вячорка акцэнтаваў увагу педагогаў на рэальныя праблемы з інтэрнэтам у нашых дзяцей, а таксама на актуальнасць стварэння прафесійнага медыйнага адукацыйнага прадукту на беларускай мове. “Усё гэта дазволіць узгадоўваць у нашых вучняў крытычнае мысленне і спрыяць фармаванню ў іх беларускацэнтрычнага погляду на айчыннае мінулае”, — падкрэсліў Вінцук Вячорка.

Сустрэча прайшла ў добразычлівай і кранальнай атмасферы сардэчнасці і сяброўства. Цеплыню гэтаму сапраўднаму і незабыўнаму святу нацыянальнай педагогікі надалі, у тым ліку, выступы старшыні ТБШ, кандыдата філалагічных навук Алеся Лозкі, першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне, кандыдата філалагічных навук Пётры Садоўскага,  непасрэднасць, гумар і дабрыня вядоўцы імпрэзы, актора, журналіста, аўтара тэлепраекту на канале СТБ “Новыя падарожжы дылетанта” Юрася Жыгамонта.

Трэба дадаць, што ўсе ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны адмысловымі дыпломамі і рознымі прызамі ад арганізатараў творчага спаборніцтва, у тым ліку кніжкамі, камплектамі святочных паштовак, мультымедыяй, настольнымі гульнямі і вышымайкамі.  

Музычныя віншаванні ад аўтараў “Альбому школьных песень” перадалі настаўнікам бард Юрась Несцярэнка і навучэнец Беларускага гуманітарнага ліцэю ў Гданьску (Польшча) Адась Матафонаў.

Пераможца конкурсу Наталля Катчанка падкрэсліла, што сама арганізацыя творчага спаборніцтва і цырымонія ўзнагароджання настолькі натхняюць і акрыляюць педагогаў, што яны з вялікім жаданнем гатовыя удзельнічаць у новых адукацыйных праектах ТБШ дзеля падвышэння прафесійнага майстэрства настаўнікаў. 

Каментаваць