У Мінску арганізавалі звалку будаўнічых адходаў ад “Мінск-Міра” — гараджане жывуць у пыле

Нічога іншага, як пазвальваць бетонныя адкіды проста ў горадзе, ініцыятары будаўніцтва “Мінск-Мір” не прыдумалі. Руйнуючы інфраструктуру пад новы комплекс, звалку зрабілі непадалёк.



Рэалізацыю праекта пачалі інтэнсіўнымі тэмпамі з 21 жніўня. Зносяць аб’екты ля аэрапорта “Мінск-1”, на тэрыторыі якога і будзе пабудаваны фешэнэбельны офісна-жыллёвы комплекс. А тоны плітаў і арматуры самазвалы завозяць на пустыр, што на вуліцы Брэсцкай. Пры разгрузцы бетонны і пясочны смог уздымаецца на дзясяткі метраў.

“Велізарная колькасць пылу, — кажа мясцовая жыхарка Ганна Кучмінская. — У людзей з’яўляецца алергія. Ужо не гаворым пра тое, як гэта ўздзейнічае на нервовую сістэму”. 

Пыл трапляе і ў інтэрнат, які знаходзіцца акурат насупраць заезда на звалку. “Дзеці плачуць, што ім паветра не хапае, — абураецца загадчыца інтэрната Іна Маргулевіч. — У нас ёсць зусім маленькія дзеці, паўтара-два годзіка. Не адчыніць вакно, не павесіць пялёнкі-распашонкі. Дый проста не прыбрацца. Вось прыбраў, а праз гадзіну праводзіш рукой па мэблі — чорныя пальцы”.

У першыя дні працаў вываз будаўнічага смецця адбываўся кругласутачна. Людзі званілі ў міліцыю, выклікалі ДАІ, абрывалі тэлефоны інстанцый. У выніку бразганне і скрыгатанне самазвалаў ўдалося спыніць хаця б па начах.

Дазвол на складзіраванне ў горадзе будаўнічых адкідаў выдала адміністрацыя Кастрычніцкага раёна. Але, як адзначылі там, зроблена гэта з санкцыі Мінгарвыканкама. І чыноўнікі не бачаць аніякай небяспекі для здароўя людзей.

“Калі яны не лазяць па забароненай тэрыторыі, то пыл і шум наўрад  на здароўе паўплываюць”, — заявіў першы намеснік главы раённай адміністрацыі Міхаіл Шайко.

Аднак жыхары лічаць, што дзеянні чыноўнікаў, якія выдалі дазвол, падпадаюць пад Крымінальны кодэкс. Гэта артыкул 265 — “Парушэнне патрабаванняў экалагічнай бяспекі”.

Інвестару «Мінск-Міра», сербскай кампаніі Dana Holdings, указам Лукашэнкі прадастаўленыя шматлікія льготы. Не абцяжарылі забудоўшчыкаў і пазбаўленнем ад адкідаў. На думку жыхароў Брэсцкай, з'яўленне звалкі тлумачыцца жаданнем чыноўнікаў дагадзіць Лукашэнку. Ён назваў праект "Мінск-Мір" гістарычным, і пры ўзнікненні "незразумелых тармажэнняў" падчас рэалізацыі параіў звяртацца асабіста да яго. Пачалося фарсіраванае руйнаванне тэрыторыі пад будоўлю. І каб не губляць час на вываз смецця, звалку зладзілі наўпрост у горадзе.

Жыхары Брэсцкай і суседніх вуліц накіравалі пісьмовую заяву  ў пракуратуру, дзяржкантроль, гарвыканкам і адміністрацыю прэзідэнта. Аднак вышэйшыя інстанцыі, адна за адной, пачалі пераадрасоўваць зварот у адміністрацыю Кастрычніцкага раёна.

“Гэта паказвае, як улада ставіцца да звычайных жыхароў, — канстатаваў Мікалай Верамееў, які жыве на вуліцы Брэсцкай. — І проста падрывае веру людзей у выканаўчыя ўлады. Атрымліваецца, што ніхто не застрахаваны ад такіх нечаканых, неапраўданых рашэнняў. На шкоду здароўю і жыццю людзей. І, адпаведна, я не разумею, як могуць тады людзі галасаваць за такую ўладу”.

У адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сказалі, што вываз будаўнічага хламу з новабудоўлі разлічаны на чатыры месяцы. Потым з вуліцы Брэсцкай яго пачнуць перамяшчаць за горад. А працаўнікі, якія займаюцца вывазам смецця, кажуць пра планы ўсталяваць на звалцы бетонадрабілку. І перапрацоўваць там тоны адкідаў.

Але і першы, і другі варыянт азначае, што жыхары Брэсцкай будуць удыхаць пыл у лёгкія яшчэ доўгія месяцы. І пакуль для адных узводзіцца шыкоўнае жыллё, другія вымушаныя травіцца пылам з элітнай будоўлі.

Фота аўтара

Каментаваць