У. Някляеў: “Мы маем сцэнар”

У дзень Усебеларускага сходу апаненты ўлады правялі альтэрнатыўны сход пад адкрытым небам. Мерапрыемства прайшло ў фармаце сустрэчы кандыдатаў ў прэзідэнты з выбаршчыкамі.



У дзень Усебеларускага сходу апаненты ўлады правялі альтэрнатыўны сход пад адкрытым небам. Мерапрыемства прайшло ў фармаце сустрэчы кандыдатаў ў прэзідэнты з выбаршчыкамі.

Вечарам 6 снежня Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў выступілі ля чыгуначнага вакзала ў Мінску, дзе ўсталяваны кругласутачны пікет Някляева. На сустрэчу з кандыдатамі прыехалі людзі з іншых гарадоў, і атрымалася яна шматлюднай. Розныя сцягі — бел-чырвона-белыя, хрысціянскіх дэмакратаў, кампаніі “Гавары праўду! і “Еўрапейскай Беларусі, з надпісамі “За Някляева і гербам Мінска — утварылі пярэстую каляровую палітру. Была зладжана сцэна, і першым са сваёй музычнай праграмай на ёй выступіў рэпер Vinsent.

А Уладзімір Някляеў выступіў з “забароненай прамовай, планаванай для Усебеларускага сходу. Як вядома, кандыдата не прапусцілі ў дэлегаты, хаця за яго вылучэнне на сход падпісаліся 27 тысяч чалавек. Асноўны лейтматыў выступу — знявага народа “хамскай уладай. І заклік “зрабіць свой выбар і вызначыць сваю будучыню на выбарах 19 снежня.

“Час мяняць лысую рызіну! — крылатай фразай са свайго тэлевыступу распачаў прамову Андрэй Саннікаў. “Беларусь сёння стаіць перад гістарычным выбарам. Мы ўсе можам памяняць сітуацыю. Мы ўсе можам зрабіць так, што Беларусь стане свабоднай, — сказаў кандыдат. Ён заклікаў не галасаваць датэрмінова. “Галасуйце 19-га і прыходзьце разам. Мы сустрэнемся на Плошчы і вырашым лёс краіны, — заявіў Саннікаў.

Паэт Генадзь Бураўкін адрасаваў Усебеларускаму сходу пытанні: “Чаму з усіх кандыдатаў у прэзідэнты на сходзе толькі адзін? Што, іншыя кандыдаты не беларусы? Што, тыя мільён чалавек, якія за іх падпісаліся, не беларусы? Хіба так можна дазваляць рабіць з намі? Я разумею, што час ад часу людзям трэба збірацца на сходы, збірацца на веча. Але толькі тады, калі збіраюцца ўсе! Калі ж збіраецца толькі кучка, гэта не сход. Гэта сходка.

Паэт узгадаў рускага пісьменніка Платонава, які сказаў: “Без меня народ не полный. “Дык вось я гэтым, каторыя прыйшлі на сход, кажу: “Без нас, а нас многа, беларускага народа быць не можа. Вы не маеце права выступаць ад імя беларусаў. Мы вам пра гэта напамінаем. І мы павінны яшчэ раз напомніць пра гэта 19 снежня — дружна, смела, рашуча.



“Кіраўнік, які баіцца свайго народа, не можа быць лідэрам нацыі. А народ, які баіцца свайго кіраўніка, не можа быць гаспадаром сваёй краіны, — заявіў Генадзь Бураўкін.

Журналістка Ірына Халіп лічыць, што ва ўлады няма сілы. “Яна можа толькі запалохваць, таму што не ўмее пераконваць. Яна можа несці лухту, таму што яна не ўмее гаварыць праўду. Яна можа саджаць у турмы, таму што яна не ўмее весці цывілізаваныя спрэчкі. Дык што, цяжка будзе перамагчы? Не, не цяжка.

Ірына нагадала, што яе муж Андрэй Саннікаў у сваім тэлевыступе прапанаваў жанчынам адпусціць сваіх мужчын на Плошчу. “Дык вось, я ўсё ж такі прапаную і жанчынам прыйсці таксама. Я жанчына. Я маці. Я жонка. Я дачка. Я буду на Плошчы. Усе мае блізкія, усе мае сябры будуць на Плошчы.

На Плошчу заклікаў і мастак Аляксей Марачкін. А музычны выступ працягнуў Зміцер Вайцюшкевіч.

Настрой у людзей быў прыўзняты, і ўпершыню адчуўся перадвыбарчы азарт. “Жыве Беларусь! і “Сыходзь! — скандзіравалі ўдзельнікі. Праз дарогу на супрацьлеглым баку стаяла група людзей з чырвона-зялёнымі сцягамі. Аднаго з правакатараў — хлопца, які паводзіў сябе агрэсіўна, затрымалі ля сцэны дружыннікі. Акрамя вялікай колькасці журналістаў, “працавала шмат аператараў у цывільным. У іх самая поўная версія мерапрыемства, бо яны здымалі на відэа бесперапынна.

“Плошча будзе мірнай. Калі толькі ўлады не пойдуць на правакацыі. Прыходзьце і не бойцеся. Я са свайго боку абяцаю, што ўсе мае людзі зробяць усё для таго, каб вы былі ў бяспецы, — сказаў прысутным Уладзімір Някляеў. Ён паведаміў, што на Плошчы будзе дружына.

“Мы маем сцэнар Плошчы 19 снежня а восьмай гадзіне вечара. І слухайце толькі тых, хто на гэтую Плошчу вас закліча. Мы ўсё зможам зрабіць, калі мы будзем разам, — заявіў Някляеў.

Наступная сустрэча з кандыдатамі адбудзецца ў Дзень салідарнасці — вечарам 16 снежня на Плошчы Свабоды.
 

Каментаваць