У Нью-Ёрку адзначылі Дзень аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Беларусі (відэа)

23 жніўня ў Беларускім цэнтры ў Нью-Ёрку на Атлантык-Авеню, 401 адбылася ўрачыстая імпрэза, прысвечаная  Дню аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці  Беларусі, калі 25 жніўня 1991 года  Дэкларацыі  аб незалежнасці  ад 27 ліпеня 1990 года быў нададзены статус  канстытуцыйнага закону  і наша краіна набыла юрыдычны статус  незалежнай дзяржавы.



З таго часу Беларусь з'явілася на мапе свету як самастойная краіна, а ў самой Беларусі распачаўся працэс дзяржаўнага будаўніцтва.

Пра падзеі таго часу распавёў  сп. Зянон Пазьняк — непасрэдны іх  ўдзельнік, лідэр апазіцыі ў Вярхоўным Савеце , якая ініцыявала прыняцце закону  аб  незалежнасці  і дамаглася, каб ён стаўся рэальнасцю. Са святам прысутных вітала госця з Канады — старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвілла.

Сп.  Галіна Пазьняк па-мастацку пранікнёна задэкламавала  патрыятычныя вершы Ларысы Геніюш, галоўным зместам якіх ёсць ідэя волі і незалежнасці  Беларусі.

У другой палове імпрэзы адбылася прэзентацыя новых кнігаў, якія сваёй тэматыкаю непасрэдна звязаныя са святкаваннем і ўдала дапоўнілі  ягоную  праграму.

Госць з Прагі, журналіст Беларускай рэдакцыі  "Радыё Свабода", намеснік старшыні  Рады БНР сп. Сяргей  Навумчык  прадставіў свае дзве новыя кнігі пра падзеі 1994 і 1995 гадоў  ў Беларусі, калі аднаўлялася наша дзяржаўнасць і як пачыналася станаўленне маладой краіны. Ён таксама быў  актыўным удзельнікам тых падзеяў.

Вядучая імпрэзы — старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА сп. Таццяна Красоўская прадставіла слова прысутнаму госцю — выбітнаму дзеячу беларускай эміграцыі ў ЗША сп. Вітаўту Кіпелю. Яна адзначыла, што менавіта беларуская эміграцыя захоўвала ў савецкія часы ідэю незалежнасці  Беларусі  і кожны год святкавала ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі  25 сакавіка 1918 года. 

 

Сп. Кіпель прапанаваў увазе прысутных сваю кнігу ўспамінаў "Жыць і дзеіць", што выйшла сёлета ў Менску. Ён падкрэсліў, што галоўны  сэнс кнігі і адлюстраванага ў ёй ягонага асабістага жыцця  як раз і ёсць гэтая ідэя змагання за незалежнасць Бацькаўшчыны.  Усё, што рабіла  эміграцыя, было накіравана дзеля таго, каб гэты дзень настаў. Адмыслова на імпрэзу  ў Нью-Ёрк прыехаў рэдактар кнігі, журналіст Радыё Свабода сп. Сяргей Шупа, які таксама ўзяў слова і выказаў  ўдзячнасць сп. Кіпелю за ягоную працу і тое, што ўсё гэта цяпер занатавана для гісторыі.

Каментаваць