У памяць ахвяраў вайны 1812 года

Запланаваны мерапрыемствы ў памяць ахвяраў вайны 1812 года, паведаміў старшыня грамадскага камітэта“Вялікая Літва — гістарычная памяць Беларусі, мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава.



Запланаваны мерапрыемствы ў памяць ахвяраў вайны 1812 года, паведаміў старшыня грамадскага камітэта“Вялікая Літва — гістарычная памяць Беларусі, мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава.


Паводле ягоных слоў, у гэтым годзе спаўняецца 200 год паходу на Вялікае Княства Літоўскае войскаў Напалеона Банапарта і ўдзелу жыхароў ВКЛ ў вайне 1812 года. “Пасля захопу Расійскай імперыяй зямель ВКЛ Масква ўсклала на мясцовае насельніцтва грабежніцкі падатак, нашмат большы, чым на жыхароў расійскіх губерні. У ВКЛ былі ўведзены рэкруцкія наборы, чаго раней не ведаў наш край. Каля 500 тысяч вольных сялян расійскія ўлады зрабілі прыгоннымі і раздалі сваім памешчыкам. Беларускія гарады пазбавілі самакіравання па Магдэбургскаму праву. У 1812 годзе з беларускіх зямель у расійскае войска было выстаўлена больш за 130 тысяч жаўнераў, дзякуючы чаму агульная колькасць жыхароў нашага краю ў войску імперыі склала звыш 220 тысяч чалавек. Тысячы з іх загінулі ў розных паходах, бітвах і войнах, якія вяла Расія напрыканцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў, — адзначыў Купава.


Паводле ягоных слоў, пасля абяцання Напалеона аднавіць ВКЛ і пераходу французскай арміі праз Нёман многія юнакі-ліцвіны сталі запісвацца ў напалеонаўскую армію. “На патрабаванне імператара Францыі Рада ВКЛ абяцала апрануць і паслаць ў армію Напалеона 100 тысяч сваіх жаўнераў. На справе на баку французаў прынялі ўдзел 25 тысяч ураджэнцаў Беларусі, у тым ліку конніца князя Радзівіла. Па волі чужынцаў нашы жаўнеры мусілі часцяком ваяваць адзін супраць другога і станавіліся ахвярамі захопніцкай палітыкі Францыі і Расіі, — сказаў Купава.


Ён звярнуў увагу на тое, што войска Напалеона па сутнасці было еўрапейскім: з 604 батальёнаў пяхоты толькі 297 былі французскімі, ў 80 тысячнай конніцы французамі былі ўсяго 38 тысяч кавалерыстаў. “Масавае дэзерцірства да жніўня 1812 года стала вялікай праблемай у войску Напалеона. У беларускіх лясах адседжваліся 75 тысяч салдат французскай арміі. Пачаліся масавыя рабункі насельніцтва. У Беларусі імператар Францыі трымаў 100-тысячнае войска, якое і засталося тут назаўсёды. У выніку гэтай авантурнай кампаніі ў Беларусі загінуў 1 мільён жыхароў  і тысячы жаўнераў з розных краін. Пасля паразы Напалеона некаторыя беларускія палкі ваявалі ў Еўропе за чужыя інтарэсы, — падкрэсліў Купава.


Ён паведаміў, што, прымаючы пад увагу вялікі след ў айчыннай гісторыі, які пакінула вайна 1812 года, а таксама неабходнасць захаваць памяць пра загінулых жаўнераў і мірных жыхароў Беларусі, грамадскі камітэт запланаваў шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх — міжнародная навуковая канферэнцыя з удзелам навукоўцаў Беларусі і краін Еўропы (чэрвень), выстава сябраў Беларускага саюза мастакоў “Нашэсце (чэрвень), выпуск памятных плакатаў, каляндара і паштоўкі, а таксама канцэрт-рэквіем (лістапад).   


Паводле слоў Купавы, грамадскі камітэт “Вялікая Літва — гістарычная памяць Беларусі створаны ў чэрвені мінулага года. Сярод яго ўдзельнікаў — выбітныя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі,  у тым ліку праваслаўны святар Леанід Акаловіч, гісторыкі Эдвард Зайкоўскі, Здзіслаў Сіцька, Алесь Жлутка і сакратар камітэта Мікола Ліннік.

Свае прапановы па ўдзелу ў мерапрыемствах трэба накіроўваць у грамадскі камітэт. Мабільны тэлефон для кантактаў: 8-029-551-32-36.

Каментаваць