У правах чалавека нічога не змяняецца

Трэці беларускі праваабарончы форум, які скончыўся сёння ў Вільні, скончыўся як звычайна. Дэлегаты мерапрыемства прынялі тры рэзалюцыі. Адна з іх — рэзалюцыя па стане з правамі чалавека ў Беларусі, да болі нагадвала аналагічны дакумент, прыняты на папярэднім форуме, у 2010 годзе.



Фота www.svaboda.org/


Яшчэ падчас характарыстыкі сучаснага стану правоў чалавек ў Беларусі праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што не можа пахваліцца тым, чым хваліўся ў рэзалюцыі папярэдняга форуму, які праходзіў 25 верасня 2010 года. У той час, у сувязі з так званай «лібералізацяй» многія мелі спадзеў, што сітуацыя наладзіцца. Аднак падзеі 19 снежня 2010 года перакрэслілі ўсе меркаваныя «дасягненні» ўладаў. Надзеі на паляпшэнне сітуацыі не спраўдзіліся.

У мінулай рэзалюцыі былі нейкія аптымістычныя моманты. Прынамсі, праваабаронцы віталі датэрміновае вызваленне некаторых палітычных зняволеных, распачаты дыялог з Еўрапейскім Саюзам па пытаннях правоў чалавека, прадстаўленне нацыянальнай справаздачы ў межах Універсальнага перыядычнага агляду ААН. Таксама ў якасці станоўчых момантаў былі адзначаныя кропкавыя захады па лібералізацыі ўнутранай палітыкі, у тым ліку звязаныя з памяншэннем размаху палітычных рэпрэсій пасля іх эскалацыі ў 2006 годзе, рэгістрацыяй асобных грамадскіх арганізацый і вяртаннем у дзяржаўныя сеткі распаўсюду часткі недзяржаўных СМІ, стварэнне Грамадска-кансультатыўнага Савета пры Адміністрацыі прэзідэнта і Каардынацыйнага Савета ў сферы масавай інфармацыі і запрашэннем у іх склад асобных прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці краіны.

Варта было праваабаронцам вітаць стварэнне Грамадска-кансультатыўнага Савета пры Адміністрацыі прэзідэнта, як ён хутка згарнуў сваю працу, а потым ягоная дзейнасць увогуле была спыненая. Датэрмінова вызваленыя палітзэкі былі замененыя новымі, лібералізацыя ўнутранай палітыкі змянілася антылібералізацыяй, і гэтак далей.

Таму зараз у рэзалюцыях ніякіх станоўчых момантаў не адзначаецца. А некаторыя пункты новай рэзалюцыі літаральна перапісаныя са старой.

Напрыклад, у новай рэзалюцыі патрабуецца неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных вязняў і аднаўлення іх у правах. У мінулай рэзалюцыі пра гэта было сказана: «У святле бягучага грамадска-палітычнага парадку дня мы таксама заклікаем беларускі ўрад у бліжэйшай кароткатэрміновай перспектыве вызваліць палітычных зняволеных і аднавіць правы асобаў, якія былі пакараны і/ці застаюцца часткова пазбаўленымі правоў на падставе іх палітычных меркаванняў ці грамадскай дзейнасці, уключна з аднаўленнем па месцы вучобы адлічаных студэнтаў і па месцы працы звольненых грамадска-палітычных дзеячаў».

Што ж, нельга не прызнаць, што ўлады ў некаторай ступені нават выканалі гэта патрабаванне. Проста старыя палітвязні былі замененыя новымі. А ў некаторай частцы — у выпадку Міколы Аўтуховіча, гэтае патрабаванне было праігнараванае.

Зараз ад беларускіх уладаў патрабуецца «Абвесціць мараторый на выкананне смяротных прысудаў з наступным скасаваннем смяротнага пакарання». Гэты пункт даслоўна (!!!) спісаны з мінулай рэзалюцыі.

Зараз патрабуецца «Выключыць з заканадаўства артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, а таксама скасаваць забарону на дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў без дзяржаўнай рэгістрацыі». А ў мінулай рэзалюцыі гэта гучала так: «Мы заклікаем урад Беларусі да скасавання забароны на дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў і іншых структур грамадзянскай супольнасці, у тым ліку да скасавання артыкула 1931 Крымінальнага кодэкса».

У мінулай рэзалюцыі быў заклік да «ажыццяўлення захадаў па выкананні рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН, прынятых па справах парушэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з боку Рэспублікі Беларусь». У сёлетняй рэзалюцыі праваабаронцы ўжо патрабуюць «ажыццявіць захады па ўвасабленні ў жыццё рэкамендацыяў Камітэта па правах чалавека ААН, прынятых па справах парушэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з боку Рэспублікі Беларусь, а таксама рашэнняў іншых дагаварных органаў сістэмы ААН». Як кажуць, знайдзі 10 адрозненняў...

У рэзалюцыях, канешне, ёсць і адрозненні. Раней праваабаронцы пісалі пра адсутнасць незалежнай судовай сістэмы як самастойнай галіны ўлады, што фактычна пазбаўляе грамадзянаў магчымасці абараніць парушаныя правы ў судовым парадку і абмяжоўвае доступ да правасуддзя. Гэта было ў «канстатуючай» частцы, то бок, праваабаронцы проста на гэта звярталі ўвагу. Зараз пункт пра тое, што трэба «аднавіць сістэму незалежнага ад выканаўчай улады суда і незалежнай пракуратуры, інстытуту незалежнай адвакатуры, распачаць набліжэнне еўрапейскіх стандартаў у галіне пенітэнцыярнай сістэмы», ужо ўпісаны ў патрабаванні праваабарончых арганізацыяў.

Тое ж самае з расследаваннямі справаў «гучных знікненняў» у Беларусі. Мінулым разам проста канстатавалася, што «да гэтага часу не праведзена поўнае, аб’ектыўнае і галоснае расследаванне знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, афіцыйнае расследаванне справы аб знікненні Дзмітрыя Завадскага прыпынена 31 сакавіка 2006 года і з тых часоў не ўзнаўлялася». Зараз, з улікам таго, што ў хуткім часе сканчаецца тэрмін даўніны па гэтых справах, праваабаронцы ўжо патрабуюць «завершыць поўнае і ўсебаковае расследаванне» гэтых справаў у канкрэтны тэрмін — да мая 2014 года, калі існуе пагроза сканчэння тэрміну даўніны па гэтых злачынствах.  Пры гэтым катэгарычна кажацца пра сканчэнне расследавання і адкрыты суд над злачынцамі, а не перакваліфікацыю справаў на артыкулы, якія не маюць тэрміну даўніны.

Карацей, як канстатуюць правааюбаронцы, «з боку ўладаў Беларусі не адбылося аніякіх істотных крокаў, якія б сведчылі пра намер палепшыць сітуацыю і вырашыць наяўныя балючыя праблемы ў галіне правоў чалавека».

Прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні Таццяна Рэвяка патлумачыла: у абедзвюх рэзалюцый шмат агульнага таму, што сітуацыя ў Беларусі не мяняецца. «Фактычна, тыя праблемы, якія былі ў 2010 годзе, засталіся. Нават яны былі менш вострыя ў 2010 годзе, а зараз сталі глыбокімі і паказалі немагчымасць іх вырашэння без сістэмных зменаў. Я б нават сказала, што гэтыя пытанні будуць пераходзіць з рэзалюцыі ў рэзалюцыю, мы будзем пра іх размаўляць да тае пары, пакуль праблемы не будуць вырашаныя. Калі ёсць праблема са зніклымі — значыць, размаўляць будзем да тае пары, пакуль справы не будуць расследаваныя. Калі ў нас будуць палітвязні, значыць, гэта будзе знаходзіць адлюстраванне ў рэзалюцыях. І тое, што няма станоўчай дынамікі — гэта бяда. Бяда не тое, што мы паўтараемся, бяда ў тым, што мы вымушаныя паўтарацца», — кажа Рэвяка.

«Рэзалюцыя — гэта, перш за ўсё, агульная пазіцыя. Агульная пазіцыя тых людзей, якія сабраліся тут. Нават калі наўпрост не ўплываюць на сітуацыю. Маўляў, ва ўрадзе прачыталі нашую рэзалюцыю і пачалі думаць, якія яны там, ва ўладзе, кепскія, заплакалі і ўсё памянялі. Гэтага глупа чакаць, і немагчыма чакаць. Але насамрэч мы не можам гэтыя праблемы не фіксаваць, і мы будзем іх фіксаваць. Рэзалюцыя — гэта знак для ўрада, што ёсць праблемы, і гэтыя праблемы выклікаюць занепакоенасць вялікай прафесійнай супольнасці, і колькі б часу не сышло, будуць рэзалюцыі і звароты. Гэта той мінімум, які мы можам дазволіць сабе для таго, каб фіксаваць сваю пазіцыю, і фіксаваць сваё жаданне і намер над гэтымі праблемамі працаваць», — адзначыла Таццяна Рэвяка.

Але рэзалюцыі маюць яшчэ і практычнае значэнне, перш за ўсё для самой праваабарончай супольнасці. Кожнае пытанне ў рэзалюцыі было абмеркавана на адпаведных тэматычных групах. І перш за ўсё, вырашалася, што яшчэ праваабаронцы могуць зрабіць для таго, каб палепшыць сітуацыю ў сваёй галіне. Так што пытанні рэзалюцыі — пытанні яшчэ і для праваабаронцаў.

Каментаваць