У Слоніме сабралі больш за 200 подпісаў супраць дэкрэта аб дармаедстве

Больш за 200 подпісаў сабралі ў Слоніме супраць дэкрэту пра дармаедства і за стварэнне працоўных месцаў з годнымі заробкамі ў горадзе. Подпісы адправілі ў адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Савет міністраў Беларусі, у Гродзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам.



У калектыўным звароце паведамляецца, што ў Слонімскім раёне ўтварылася крытычная сітуацыя з працаўладкаваннем. Прадпрыемствы развальваюцца, масава скарочваюцца працоўныя месцы. Складаная сітуацыя з прадпрымальнікамі, якія ўрэшце папоўняць шэрагі беспрацоўных.

Тым, хто зарабляў на жыццё ў Расіі, ехаць туды ў большасці сваёй, не мае сэнсу: у сувязі з крызісам не заробіш. З-за штодзённага росту цэн большасць грамадзян знаходзіцца на мяжы выжывання.

“У такой сітуацыі грамадзяне не маюць магчымасці рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на працу. Кіраўніцтва краіны замест стварэння працоўных месцаў з годным заробкам, прымае закон аб дармаедстве. Як выжыць у гэтых умовах маладым сем'ям, якія не маюць ні кватэры, ні працы з дастойным заробкам, на які можна жыць, а не выжываць, іншым катэгорыям грамадзян, якія не маюць працы?” — цытуе актывіста Івана Бедку прэс-служба аргкамітэта па стварэнню партыі БХД.

Каментаваць