У Смілавічах увекавечана памяць Ібрагіма Канапацкага

На доме №62 па вуліцы Рэспубліканскай у гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёну, дзе 28 лютага 1949 году нарадзіўся грамадскі і рэлігійны дзеяч беларуска-татарскага нацыянальнага адраджэння, намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання татараў “Зікр уль-Кітаб” (“Памяць і кніга”), кандыдат гістарычных навук Ібрагім Канапацкі, усталявана мемарыяльная дошка.



Мемарыяльная дошка на доме, дзе нарадзіўся Ібрагім Канапацкі


На дошцы, створанай вядомым беларускім скульптарам Алесем Шатэрнікам, — барэльефы навукоўцы і Мінскай саборнай мячэці, узведзенай у 1902 годзе і разбуранай у 1962-м. Аднаўленню гэтай мусульманскай святыні шмат гадоў прысвяціў Ібрагім Канапацкі. Дошку ўпрыгожвае выслоўе з Карану па-арабску “У імя Алаха, Міласцівага, Міласэрнага”.

Зарына Канапацкая з сваёй бабуляю Софіяй Мустафаўнай Канапацкай, якой днямі споўнілася 85 год

 

У каментары НЧ дачка навукоўцы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ і БДПУ імя Максіма Танка Зарына Канапацкая распавяла:

— Я вельмі ганаруся нашым шляхецкім родам Канапацкіх гербу “Адвага” — адным з самых старажытных татарскіх радоў на Беларусі. Канапацкія адносіліся да ваеннага саслоўя, якое складала асобную групу феадалаў Вялікага Княства Літоўскага.

Шляхецтва ваенных татараў прызнавалася законамі і ўладамі дзяржавы. Наш радавод вядзе свой пачатак з XV стагоддзя, а дакументальна аформлены 26 лістапада 1795 году ротмістрам татарскай харугвы, уладальнікам вялікага маёнтку з сялянамі Шчытаміжыцы Мінскага ваяводства Абрагімам Канапацкім, пра што сведчаць дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі. Прадстаўнікі нашага роду ўдзельнічалі ва ўсіх важных падзеях айчыннай гісторыі, пачынаючы з XV стагоддзя, калі вялікі князь Вітаўт запрасіў татараў з Крыму на вайсковую службу ў ВКЛ.  

Для мяне ўсё гэта не толькі вельмі цікава, але і вельмі важна, бо наш слаўны радавод натхняе, каб адпавядаць сваім знакамітым продкам. Сярод іх былі выбітныя людзі, у тым ліку ўдзельнікі нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 году пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі; палкоўнік, удзельнік руска-японскай і Першай сусветнай войнаў Гасан Канапацкі, які быў прызначаны камандуючым Беларускай арміі пасля абвяшчэння БНР і выклаў канцэпцыю стварэння нацыянальнага войска; апошні мула Смілавіцкай мячэці — мой прапрадзед Ібрагім Хасіневіч і, безумоўна, мой бацька, якога назвалі ў гонар знакамітага прадзеда.

Для мяне слова “бацька” увасабляе любоў, сяброўства і павагу. У памяці ён застаўся клапатлівым татам, строгім настаўнікам і добрым дарадцам. Пры гэтым бацька вельмі паважаў людзей — ад самых маленькіх да старых. Быў чалавека цярплівым, ўмеў выслухаць і зразумець іншых. Я не памятаю, каб каго-небудзь ён пакрыўдзіў ці абразіў дрэнным словам. І за гэта строга караў сваіх дзяцей. Разам з тым, гэты вясёлы і аптымістычны чалавек быў ласуном, як малое дзіця. І калі тата мяне з братам вадзіў у цырк, дык маці казала, што ў антракце імпрэзы галоўны цырк адбываецца ў буфеце, дзе бацька купляў кожнаму цукеркі, прысмакі і марожанае…

Тата вельмі шанаваў нацыянальныя традыцыі і кожнае свята мы прыязджалі да бабулі ў Смілавічы, дзе Софія Мустафаўна гатавала святочны стол з знакамітымі калдунамі і іншымі звычайнымі стравамі. Пасля мы абавязкова наведвалі мізар — мусульманскія могілкі, дзе ўшаноўвалі памяць продкаў. Усведамленне беларуска-татарскай гісторыі і культуры з самага маленства для мяне неад’емна звязана менавіта з бацькам. А ягонае ўменне у кожнай справе знаходзіць галоўнае вельмі важнае для навукоўцы. Вось чаму тата стаў такім выбітным чалавекам.    

Магіла Ібрагіма Канапацкага на мізары ў Смілавічах

 

Мячэць у Смілавічах, якую пабудаваў Ібрагім Канапацкі

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2014-04-07 16:00:20
Харошы быў чалавек Ібрагім Канапацкі. Добра, што з'явілася мем. дошка на доме, дзе ён нарадзіўся.
  • Зарына Канапацкая
  • 2014-04-08 03:50:59
Выказываю шчырую падзяку аўтару - Марату Рыгоравічу Гаравому за павагу, клопат, удзел у справе ушанавання памяці майго бацькі і добры ўспамін, які выдатна ўвасабіўся ў гэтым цудоўным артыкуле. Нізкі
паклон ад усёй нашай сям'і.

Каментаваць