У СНД няма прасторы для манеўра

Кіраўнік Беларусі наведаў з рабочым візітам Туркменістан, дзе ўзяў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Па выніках сустрэчы Беларусь афіцыйна абвешчана старшынёй СНД у 2013 годзе.
 



На саміце ў Ашхабадзе было разгледжана каля 20 праектаў дакументаў, сярод якіх адзін з асноўных — праект дэкларацыі кіраўнікоў дзяржаў СНД аб далейшым развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва. Таксама было падпісана пагадненне аб арганізацыі інтэграванага валютнага рынку з краінамі СНД.

«Намі падпісана пагадненне аб арганізацыі інтэграванага валютнага рынку. Такім чынам, ідзе працэс удасканалення ўзаемадзеяння ў фінансавай сферы», — паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Па словах Пяскова, пагадненне істотна спросціць працу банкаў краін СНД.

Гэта дазволіць удзельнікам пагаднення бесперашкодна здзяйсняць абменныя аперацыі на сваёй тэрыторыі і ўзмоцніць пазіцыі рубля на постсавецкай прасторы. Эксперты адзначаюць, што ўмацаванне расійскага рубля ўвязанае з палітычнымі амбіцыямі Крамля па зборы зямель постсавецкай прасторы.

Не так даўно кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Іваноў заявіў, што ў перспектыве расійскі рубель можа заняць пазіцыі рэзервовай валюты на тэрыторыі СНД. Гэта значыць, што цэнтрабанкі Садружнасці будуць назапашваць рублёвыя актывы ў сваіх міжнародных рэзервах і выкарыстоўваць рубель для міжнародных аперацый.

Таксама кіраўнікі дзяржаў разгледзелі вынікі працы Садружнасці, функцыянаванне Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД па ўмацаванні інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, а таксама шэраг гуманітарных і культурных пытанняў. Акрамя таго, была абмеркавана тэма сумеснага святкавання 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сустрэча ў Ашхабадзе не абышлася без канфліктаў і вострых выказванняў. Так, прэзідэнт Кіргізіі Алмазбек Атамбаеў праігнараваў саміт СНД. Афіцыйныя крыніцы спасылаліся на шчыльны графік палітыка, а таксама на складаную ўнутрыпалітычную сітуацыю ўнутры Кіргізіі. «Эксперты ў Кіргізіі першапачаткова меркавалі, што Атамбаеў можа не паехаць у Ашхабад з-за Беларусі. Бішкек так і не дараваў Мінску адмовы ў выдачы экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева і яго малодшага брата Жаныбека. І, мабыць, тым самым плануе заручыцца іх падтрымкай у ціску на Мінск. У наступным годзе Кіргізія мае намер увайсці ў Мытны саюз. Але ўступленне будзе залежаць і ад Беларусі. А Лукашэнка — таксама прэзідэнт. І не выключана, што ў патрэбны момант у яго таксама можа апынуцца занадта шчыльны графік», — паведамляла радыё «Голос России».

На пасяджэнні Савета лідараў краін СНД у вузкім складзе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін раскрытыкаваў АБСЕ, заявіўшы, што арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе даўно варта спыніць абслугоўваць інтарэсы асобных дзяржаў.

«Не менш важна нарошчваць каардынацыю па актуальных пытаннях дзейнасці АБСЕ. Цяперашні стан спраў у арганізацыі, на жаль, не выклікае аптымізму. АБСЕ даўно час спыніць абслугоўваць інтарэсы асобных краін, засяродзіць сваю ўвагу на аб’яднаўчым парадку», — сказаў расійскі лідар.

У 2013 годзе старшынства ў АБСЕ пяройдзе да Украіны. «Разлічваю, што ў якасці старшыні АБСЕ ў 2013 годзе Украіна будзе займаць менавіта такую пазіцыю», — заявіў Пуцін.

У Ашхабадзе адбыліся двухбаковыя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтамі Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым і Украіны Віктарам Януковічам. З Уладзімірам Пуціным беларускі кіраўнік персанальных сустрэч не меў.

Дарэчы, у 2013 годзе Украіна будзе старшынстваваць у АБСЕ, Літва возьме старшынства у Еўрасаюзе ў другой палове 2013 года. Ці ёсць нейкая разынка ў адмысловых статусах старшынь трох краін-суседак. Разважае палітолаг Алесь Лагвінец: “Ёсць адрозненне старшынства ў ЕС і СНД. СНД — гэта збольшага клуб,і ён цяпер мала на што ўплывае, трымаецца збольшага на тым, што Расія хоча захаваць прыярытэт на постсавецкай прасторы. І для Беларусі як старшыні СНД будуць вельмі абмежаваныя магчымасці на нешта паўплываць.

Саміт СНД



Эксперт мяркуе, што высокія статусы краіны ў міжнародных арганізацыях часам можна выкарыстоўваць, каб, напрыклад, палепшыць свой імідж. Але ў выпадку Беларусі “занадта мала прасторы для манеўру, а краіны-сябры СНД маюць свае інтарэсы — хто на Каўказе, хто ў Турцыі.

Што тычыцца будучага старшынства ў Еўрасаюзе Літвы, то гэтая дзяржава будзе вымушаная працаваць у межах агульнай стратэгіі ЕС, хіба што з’явіцца мажлівасць больш увагі надаваць праграме “Усходняе партнёрства ды прыцягнуць увагу да Беларусі. На жаль, на ўзроўні СНД Беларусь не зможа акцэнтаваць на сабе ўвагу.

Перад самітам Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі правёў апытанне наконт ацэнкі стабільнасці краін СНД. Беларусь і Казахстан у рэйтынгу найбольш стабільных краін СНД лідзіруюць. Самымі стабільнымі і паспяховымі ў СНД апытаныя расіяне лічаць Беларусь (45%), Казахстан (33%), Украіну (17%).

Астатнія краіны з прыкметным адрывам адстаюць у рэйтынгу даверу: Арменія атрымала 5%, Кіргізія і Азербайджан — па 4%, Узбекістан — 3%, Малдова, Туркменія і Таджыкістан — па 2%. Найменш надзейным партнёрам на постсавецкай прасторы расіяне  лічаць Грузію з 1%.

Аналагічна расіяне ацэньваюць і кіраўнікоў краін СНД.

Каментаваць