У Старым Лепелі будуюць будучыню

У вёсцы Стары Лепель (Лепельскі раён Віцебскай вобласці) ужо шмат гадоў ажыццяўляецца праект па будаўніцтву жылля для сем’яў перасяленцаў з паўднёвых раёнаў Беларусі, якія найбольш пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Адметнасць гэтага праекта ў тым, што ажыццяўляюць яго не ўрадавыя структуры, а простыя людзі з Беларусі, Германіі, а з апошняга года — і з Італіі. У Старым Лепелі адчыніўся Культурна-адукацыйны цэнтр, які па сучасных экалагічных тэхналогіях сумесна будавалі спецыялісты і валанцёры з Германіі і Беларусі.



У вёсцы Стары Лепель (Лепельскі раён Віцебскай вобласці) ужо шмат гадоў ажыццяўляецца праект па будаўніцтву жылля для сем’яў перасяленцаў з паўднёвых раёнаў Беларусі, якія найбольш пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Адметнасць гэтага праекта ў тым, што ажыццяўляюць яго не ўрадавыя структуры, а простыя людзі з Беларусі, Германіі, а з апошняга года — і з Італіі. У Старым Лепелі адчыніўся Культурна-адукацыйны цэнтр, які па сучасных экалагічных тэхналогіях сумесна будавалі спецыялісты і валанцёры з Германіі і Беларусі.

Практычна ўвесь жнівень у Старым Лепелі на базе Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «ЭкаДом» маладыя энтузіясты з Мінску, а таксама з італьянскага Палерма (Сіцылія) і валанцёры з розных гарадоў Германіі рэалізоўвалі праект, прысвечаны вырашэнню праблем пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС і пытанням энергетычнай эфектыўнасці.

Моладзь аказвала актыўную дапамогу ў будаўніцтве экалагічных дамоў для маладых перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй раёнаў. Як паведаміў журналістам, што прыехалі ў Стары Лепель на цырымонію адкрыцця Культурна-адукацыйнага цэнтра, кіраўнік праекта «Дамы замест Чарнобыля» Дзітрых фон Бодэльшвінг, будаўніцтва самых першых дамоў для перасяленцаў на поўначы Беларусі пачалося яшчэ ў далёкім 1991 годзе. На сёння ў раёне возера Нарач і пад Лепелем пабудаваныя ўжо пяцьдзесят такіх дамоў. Перад тым, як пачаць праект, немцы дасканала вывучылі экалагічную сітуацыю ў рэгіёне, правялі замеры ў розных раёнах, і толькі пасля гэтага Лепельскі раён быў абраны для будаўніцтва пасёлка для перасяленцаў.

Па словах спадара Бодэльшвінга, мэта праекта — не толькі будаўніцтва дамоў для людзей з забруджаных тэрыторый, але і стварэнне інфраструктуры, магчымасцяў для таго, каб людзі, што пакідаюць свае родныя мясціны, на новым месцы пачуваліся сапраўды дома, каб яны знайшлі сваю другую малую радзіму. «Канцэпцыю праекта можна вызначыць так: мы будуем разам — гэта валанцёры з Германіі і Беларусі, якія цягам трох тыдняў знаходзяцца ў гэтым лагеры і бяруць удзел ва ўзвядзенні каркаса дома», — распавядае германскі кіраўнік праекта.

Але самае важнае, адзначае Дзітрых, гэта тое, што да будаўніцтва прыцягваюцца і тыя, каму пазней давядзецца жыць у гэтых дамах. «Людзі, якія сюды пераязджаюць, а гэта людзі менавіта з забруджаных тэрыторый, бо мы самі вядзем адбор, — на гэтым месцы гер Бодэльшвінг зрабіў асаблівы акцэнт, — самі мусяць разам з намі цэлы год адпрацаваць на будоўлі ажно да завяршэння будаўніцтва дома».

Аўтары праекта ўпэўнены, што непасрэдны ўдзел перасяленцаў — будучых гаспадароў дамоў дапаможа ім найхутчэй адаптавацца да новых умоваў, знайсці паразуменне з будучымі суседзямі, сваімі рукамі будуючы сваю будучыню. А на маю асабістую думку, гэта яшчэ і адвучванне нашых суайчыннікаў ад славутай «халявы», да якой мы прызвычаіліся за савецкія і постсавецкія часы (у якасці прыкладу можна прывесці стаўленне грамадзян да так званых аграгарадкоў, створаных дзяржавай за грошы падаткаплацельшчыкаў, адкуль людзі бягуць наўскапыта, бо ім асабіста нічога не каштавала атрыманае жыллё).

Каб пазбегнуць памылак ужо ўзгаданых мной аграгарадкоў, арганізатары праекта вырашылі не толькі ўзводзіць хаты, але і ствараць на месцы адпаведную інфраструктуру. Так, часткай гэтай інфраструктуры і стаўся Культурна-адукацыйны цэнтр, збудаваны таксама валанцёрамі ды файнымі спецыялістамі з Германіі па сучасных энергазберагальных тэхналогіях. Менавіта на яго адкрыццё і прыехалі не толькі сталічныя журналісты, але і дзесяткі гасцей з Італіі і Германіі — тыя, хто ахвяраваў грошы на праект, дапамагаў у яго рэалізацыі маральна і тэхнічна і нават непасрэдна сам браў удзел у яго рэалізацыі. Прыехалі і старыя, і малыя.

Сам дом, дзе месціцца цэнтр, нагадвае невялікі палац культуры, але адметнасць яго перад усім у тым, што ён фактычна сам будзе сябе забяспечваць цяплом і энергіяй. Германская фірма Paradigma Enegrie- und Umweltschutz GmbH, прадстаўнік якой Томас Нойер прысутнічаў на адкрыцці цэнтра, у якасці дабрачыннага ўнёска перадала для абсталявання будынка сонечны калектар вакуумнага тыпу для нагрэву вады (сонечная батарэя месціцца на даху), а таксама кацёл на драўляных гранулах-пілетах з аўтаматычнай падачай паліва і сістэму аўтаматычнай тэрмарэгуляцыі будынка. Па словах германскіх спецыялістаў, такая сістэма дазваляе эканоміць да сарака працэнтаў цяпла ў параўнанні са звычайнымі памяшканнямі.

На адкрыццё Культурна-адукацыйнага цэнтра прыбылі і некаторыя афіцыйныя асобы з раёна і нават з Мінска ў асобе начальніка ўпраўлення па гуманітарнай дзейнасці ўпраўлення справамі прэзідэнта Уладзіміра Рыжанкова. «Тое, што ўжо зроблена — вось гэты маленькі будынак за нашай спінай, — сёння сапраўды адыгрывае вельмі вялікую ролю ва ўмацаванні нашых братэрскіх сувязяў», — заявіў спадар Рыжанкоў, звяртаючыся да прысутных германскіх гасцей і ўдзельнікаў праекту падчас цырымоніі адкрыцця цэнтра. А намеснік Лепельскага райвыканкама Мікалай Нікіцін адзначыў, што маладыя людзі з розных краін, занятыя ў рэалізацыі праекта, могуць не толькі сумесна працаваць, але і вучыцца паважаць адзін аднаго. «А гэта вельмі важна для разумення мінуўшчыны і для пабудовы будучыні», — падкрэсліў Мікалай Нікіцін.

Праект у Старым Лепелі працягваецца. Пра тое, што ён мае перспектывы (у планах арганізатараў — будаўніцтва яшчэ дзесяці дамоў для перасяленцаў, а таксама аб’ектаў інфраструктуры), сведчыць не толькі гатоўнасць дарослых нямецкіх і беларускіх мужчын і жанчын аказваць актыўнае спрыянне, але і шчырае стаўленне да гэтага маладога пакалення як беларусаў, так і італьянцаў, і немцаў. Адзначу толькі адзін факт: нягледзячы на тое, што звычайная валанцёрская змена доўжыцца тры тыдні, прычым некаторыя маладзёны жывуць наўпрост у намётах, бальшыня з іх застаецца на два і нават на тры тэрміны, і многія заяўляюць, што абавязкова прыедуць у Стары Лепель і на наступны год.

Каментаваць