У Свіслачы ўшанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага

Сёлета ў Свіслач сабралася значна меней людзей у адрозненне ад папярэдніх гадоў. 



Традыцыйнае ўшаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага сёлета было адметнае тым, што разам з паўстанцамі ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць актывіста са Свіслачы Віктара Дзясяціка, якога сёння хавалі, недалёка ад магілы Віктара Каліноўскага. 

Традыцыйна напачатку ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага. Пасля ў царкве пачалося адпяванне Віктара Дзясяціка, лідэра Свіслацкай арганізацыі БСДГ, які раптоўна памёр на 56 годзе ад інсульту. Усе, хто прыехаў сёння ў Свіслач ушанаваць памяць паўстанцаў, далучыліся, каб правесці ў апошні шлях свайго аднадумца і чалавека, які кожны год разам з іншымі свіслацкімі актывістамі рыхтаваў традыцыйны фэст памяці. 
 
 
Затым ізноў традыцыйна ўсклалі кветкі да помніка Кастуся Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту ў цэнтры Свіслачы. Тут развярнулі бел-чырвона-белыя сцягі, прамаўлялі няшмат, запалілі знічы і памаўчалі... 
 
 
У Якушоўцы запалілі знічы, усклалі кветкі, таксама прамаўлялі не шмат, болей маўчалі і зрабілі традыцыйны здымак на памяць. З вядомых палітыкаў у Свіслач прыехаў Рыгор Кастусёў. Ён таксама прамаўляў няшмат, толькі зазначыў, што «барацьба за свабоду Беларусі, якую распачалі паўстанцы Каліноўскага дагэтуль не спынілася, яна працягваецца і галоўнае — атрымаць у ёй перамогу». 
 
 
Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які штогод прыяжджае ў Свіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў, зазначыў Свабодзе, што такім чынам ўрачыстасці ў Сьвіслачы адбыліся ўпершыню:
 
 
Хільмановіч: «Сённяшняе адзначэнне памяці паўстанцаў выдалася асаблівым. Такі светлы дзень, сонечна, але разам з тым гэта і самы смутны дзень за ўсю гісторыю, паколькі аднаго з арганізатараў гэтага фэсту мы сёньня правялі разам з сябрамі, блізкімі, жыхарамі Свіслачы ў апошні шлях. А свята, пасьля яго пахавання праходзіць годна: былі запаленыя знічы, ускладзеныя кветкі, сказаныя цёплыя добрыя словы пра сыноў Беларусі, якія змагаліся за яе волю... І гэтае ўшанаванне будзе працягвацца з году ў год пакуль сюды будуць прыяжджаць людзі з розных куткоў Беларусі». 
 
 
Увесь час ад могілак у Свіслачы да сканчэння мэрапрыемства ў Якушоўцы прысутнічалі людзі ў цывільным, і міліцэйскі аператар усё фільмаваў на камэру.
 
Паводле "Радыё Свабода"

Каментаваць