У традыцыйным рэжыме

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік заявіў, што выбары ў Палату прадстаўнікоў могуць адбыцца 23 верасня. Кіраўнікі палітычных структур апазіцыі сабраліся за закрытым круглым сталом, каб у чарговы раз паспрабаваць дамовіцца наконт агульнай, аб’яднанай кампаніі. Але выглядае на тое, што нічога новага ані выбарцы, ані назіральнікі ў сёлетняй палітычнай кампаніі не пабачаць.



Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік заявіў, што выбары ў Палату прадстаўнікоў могуць адбыцца 23 верасня. Кіраўнікі палітычных структур апазіцыі сабраліся за закрытым круглым сталом, каб у чарговы раз паспрабаваць дамовіцца наконт агульнай, аб’яднанай кампаніі. Але выглядае на тое, што нічога новага ані выбарцы, ані назіральнікі ў сёлетняй палітычнай кампаніі не пабачаць.

«Паводле заканадаўства, выбары ў парламент мусяць быць праведзеныя не пазней за 26 верасня. Аднак яны абавязкова праходзяць у нядзелю. Апошняя нядзеля перад 26-м прыпадае на 23-га верасня. Хоць не выключана, што выбары могуць адбыцца і на тыдзень раней», — паведаміў старшыня ЦВК Мікалай Лазавік. Ён нагадаў, што афіцыйны старт выбарчай кампаніі дае адпаведны прэзідэнцкі ўказ. «Мы чакаем, што ён з’явіцца дзесьці ў сярэдзіне чэрвеня. Указ вызначае канкрэтную дату правядзення выбараў. І ад гэтай даты мы рыхтуем каляндарны план правядзення выбарчай кампаніі», — патлумачыў сакратар ЦВК.

Лідары палітычных партый і рухаў вырашылі зладзіць чарговы круглы стол на тэму фармату ўдзелу ў парламенцкай кампаніі. Мерапрыемства не адбылося без скандальчыку. Нагадаем, палітыкі дагэтуль не дамовіліся наконт агульнай стратэгіі. Партыя левых «Справядлівы свет» і Рух «За Свабоду» хочуць ісці на выбарах да канца, АГП і Партыя БНФ — здымаць кандыдатаў, «Гавары праўду!» плануе зняць сваіх кандыдатаў, калі не вызваляць палітвязняў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя ўвогуле не мае намеру вылучаць кандыдатаў. Круглы стол адбываўся з удзелам Рады інтэлігенцыі. Удзельнікі круглага стала нечакана большасцю галасоў вырашылі выдаліць журналістаў з пасяджэння.

Лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін заявіў, што ў прысутнасці журналістаў палітыкі пачнуць выказвацца для прэсы, а не гаварыць, што насамрэч думаюць. Супраць выдалення прадстаўнікоў СМІ прагаласавалі толькі Рымашэўскі і Лябедзька. Фармулёўка Сяргея Калякіна, канешне, уразіла: наўрад ці хто з журналістаў не разумее, што ёсць палітыкай, лініяй партыі і персанальным меркаваннем. Але агучыць аргумент супраць прысутнасці прэсы як звычку палітыкаў хлусіць — гэта трэба ўмець!

Праўда, і зачыненыя дзверы не надта дапамаглі лідарам беларускай апазіцыі. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зазначыў, што «ў залік сустрэчы можна занесці факт камунікацыі паміж палітычнымі суб’ектамі, ініцыятывамі, грамадскімі арганізацыямі, бо, калі гэтага няма, то з’яўляюцца вялікія праблемы». «Больш рэльефнай стала перспектыва: можа быць супрацоўніцтва палітычных структур па асобных кірунках, ці больш вузкія кааліцыі ўнутры кааліцыі шасці. Выглядае так, што ў АГП, БНФ і БХД даволі блізкія стратэгіі на выбарчую кампанію, у партыі «Справядлівы свет» і Руху «За Свабоду» таксама ёсць нейкія агульныя погляды, — распавёў палітык пра вынік сустрэчы. — Усе гавораць, што трэба арганізоўваць назіранне. Усе суб’екты маюць шанец папрацаваць на адну перспектыву — вяртанне да дэмакратыі. Апазіцыя мусіць выйсці як моцная альтэрнатыва ўладзе. Але без еднасці гэтага не будзе».

Уладзімір Колас, кіраўнік Рады інтэлігенцыі, пад патранажам якой і ладзіўся круглы стол, з прыкрасцю канстатаваў: «Ніякіх зменаў пасля перамоў не адбылося ні ў кірунку кансалідацыі, ні ў вызначэнні руху па дасягненні мэтаў. Гэта таксама вынік, але ён нікога не задаволіў».

Уладзімір Колас, як, зрэшты, і многія аналітыкі, нічога новага, цікавага ад бліжэйшай электаральнай кампаніі не чакае. «Вынікаў ад кампаніі, калі не будзе вонкавых нечаканых фактараў, што могуць паўплываць на сітуацыю незалежна ад паводзінаў апазіцыйных палітыкаў, форс-мажорных абставінаў, не даводзіцца чакаць. Звязваць нейкія спадзевы на паляпшэнне іміджу той ці іншай палітычнай структуры я б таксама не стаў, бо імідж паляпшаецца толькі дзеяннямі», — падкрэслівае Уладзімір Колас.

Разважаючы, чаму ёсць такая сітуацыя раздробленасці і папросту не зразумелых паводзінаў сярод лідараў апазіцыі, Уладзімір Колас згадаў рускую прымаўку. «Я б не сказаў, што для некаторых асобаў гэтая сітуацыя бядотная. “Кому война, кому мать родна. Дык вось, некаторыя суб’екты ў гэтай сітуацыі знаходзяць для сябе станоўчыя моманты. Уся справа ў тым, якія мэты ставіць. Асабістыя мэты — існаванне, канкурэнцыя за больш утульныя месцы — гэтага цалкам можна дасягнуць імітацыяй дзейнасці. Змяніць такую сітуацыю можна толькі праз агульныя дзеянні, але іх няма», — падкрэсліў спадар Колас.

Цікава, што раней Аляксандр Лукашэнка заяўляў: выбары ў парламент будуць іспытам для ўлады, і яго «давядзецца трымаць на поўную катушку». З гэтай нагоды ён нагадваў кіраўнікам абласцей рыхтавацца да парламенцкай кампаніі. «На кагосьці сапхнуць адказнасць не атрымаецца. Закон і Канстытуцыя гэта не дазваляюць», — заяўляў кіраўнік дзяржавы. На сустрэчы са старшынямі Брэсцкага і Магілёўскага аблвыканкамаў Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў ліквідаваць праблемы, якія тармозяць развіццё Брэсцкай і Магілёўскай абласцей і перашкаджаюць выкананню прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Ён звяртаў увагу, што па выніках сацдаследаванняў менавіта гэтыя вобласці знаходзяцца на апошніх месцах па ўзроўню даверу мясцовым органам улады. Маўляў, у гэтых рэгіёнах адзначаны самы высокі ўзровень вымушанай няпоўнай занятасці, а таксама практычна ў кожным раёне парушаліся тэрміны выплаты заробку. «На гэтым фоне назіраецца істотнае пагаршэнне сацыяльна-псіхалагічнай абстаноўкі ў працоўных калектывах», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ці азначаюць гэтыя заявы і папярэджанні, што раптоўна хаця б гэтыя дзве вобласці сапраўды стануць «для народа»? Вельмі сумнеўна. Цяпер найлепшым (калі так можна выказацца) пернікам для народу ёсць міліцэйская дубінка — на раскошнае жыццё ў дзяржавы элементарна няма рэсурсу, а стрымліваць незадаволенасці лакальнага ўзроўню дазваляе моцная рэпрэсіўная сістэма. Фактычна штодня можна знайсці зводкі пра затрыманне актывістаў грамадскіх, палітычных ініцыятыў. З такім раскладам апазіцыя з агульнай суперпрапановай для народа магла б выглядаць вельмі прывабна. Але не будзем толькі камяні кідаць у гароды недамоваздольных.

«Апазіцыя ў кепскім стане, яна не з’яўляецца цяпер суб’ектам палітыкі. Прычына — найперш у жорсткасці аўтарытарнага рэжыму, які не дае магчымасці развівацца публічным працэсам. Публічная палітыка ў краіне знішчаная, апазіцыя мае зусім невялікі ўплыў на грамадства. Таму ад парламенцкіх выбараў я нічога незвычайнага не чакаю. Думаю, кампанія будзе ісці ў традыцыйным рэжыме», — гаворыць палітолаг Валерый Карбалевіч.
 

Каментаваць