У турмах не салодка

У Міжнародны дзень правоў чалавека Праваабарончы цэнтр “Вясна” зладзіў прэзентацыю Справаздачы па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання щ Беларусі. Сітуацыя, кажуць праваабаронцы, застаецца сумнай.



Па словах юрыста Паўла Сапелкі, маніторынг грунтуецца на аналізе заканадаўства, на аснове адкрытых крыніцаў і апытанняў зняволеных, у тым ліку і былых. Выніковая справаздача ўтрымлівае дадзеныя па колькасці месцаў зняволення і саміх зняволеных, прыклады парушэння працоўных правоў вязняў. “Нават тыя правы, якія замацаваныя за зняволенымі, паўсюдна парушаюцца”, - адзначыў Сапелка.

Справаздача таксама ўтрымлівае дадзеныя пра стан турэмнае медыцыны, аналіз заканадаўства, які рэгламентуе правы зняволеных на ліставанні, на звароты ў розныя органы, і зроблена выснова, што гэтыя правы неабгрунтавана парушаюцца.

“Тут таксама ёсць аналіз магчымасцяў грамадзянскага кантролю за месцамі пазбаўлення волі, іншых месцаў несвабоды, які прыводзіць да высновы аб татальна закрытым характары такіх установаў. Апроч класічных месцаў пазбаўлення волі вывучаўся інстытут закрытых установаў адукацыі, у выніку чаго мы прыйшлі да высновы, што ўсе гэтыя ўстановы маюць прыкметы месцаў пазбаўлення волі. Вывучаўся таксама інстытут лячэбна-працоўных прафілакторыяў, якія практычна аказаліся класічнымі месцамі пазбаўлення волі”, — падкрэсліў юрыст.

Асаблівую ўвагу аўтары Справаздачы надалі барацьбе з катаваннямі, з жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем у месцах пазбаўлення волі. “Гэтая Справаздача ўтрымлівае некалькі найбольш яскравых прыкладаў такога абыходжання, тут працягнута вывучэнне стану адміністрацыйна затрыманых. У выніку мы прыйшлі да высновы, што ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі прымяняюцца катаванні, а таксама бесчалавечнае і абразлівае абыходжанне. Выпадкі такога абыходжання не расследуюцца аб’ектыўнай і незалежнай інстанцыяй”, — канстатаваў праваабаронца.

Паводле ягоных словаў, апроч калоній і турмаў, у Беларусі існуе шэраг установаў, утрыманне ў якіх можа быць прыроўнена да пазбаўлення волі. Таму, лічаць эксперты, як папраўчыя ўстановы, так і іншыя месцы несвабоды падлягаюць вываду з сістэмы Міністэрства ўнутраных справаў. Законатворцам і адпаведным дзяржаўным структурам аўтары Справаздачы прапануюць шэраг захадаў, як то выключыць выпадкі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання ў месцах несвабоды, па кожным з такіх выпадкаў праводзіць своечасовую аб’ектыўную праверку і прыцягваць вінаватых да крымінальнай адказнасці. Таксама варта забяспечыць права зняволеных на юрыдычную дапамогу, ліквідаваць інстытут лячэбна-працоўных прафілакторыяў, зрабіць захады па прадухіленні дыскрымінацыі вязняў і сферы працы, стварыць умовы для ажыццяўлення грамадскага кантролю за месцамі несвабоды.   

Вось толькі ці прыслухаюцца ўлады да прапановаў праваабаронцаў?

Каментаваць