У Віцебску аўтаўладальнікі прапануюць байкатаваць платную паркоўку

Актывіст кампаніі “Гавары праўду Сяргей Парсюкевіч распавёў пра ініцыятыву адмяніць плату за паркоўку ўздоўж вуліцы Церашковай у Віцебску.



Актывіст кампаніі “Гавары праўду Сяргей Парсюкевіч распавёў пра ініцыятыву адмяніць плату за паркоўку ўздоўж вуліцы Церашковай у Віцебску.

“Першымі загаварылі пра неабходнасць адмяніць плату за паркоўку прадпрымальнікі будаўнічага рынку, — адзначае Сяргей Парсюкевіч. — Думкай людзей наконт гэтага мы цікавіліся і на аўтарынку, а таксама ў гандлёвым цэнтры “Эвіком. Наведвальнікі ўсіх трох гандлёвых аб’ектаў абавязаныя плаціць па 3 000 рублёў у гадзіну за тое, што прыпаркавалі свае машыны ўздоўж вуліцы Церашковай. 23 снежня мы занеслі ў выканкам больш за дзве тысячы подпісаў грамадзян, якія не хочуць плаціць грошы “за паветра. Бо відавочна, што паркоўка стала платнай толькі таму, што для збору сродкаў у гарадскую казну гэта вельмі зручнае месца: з таго ж будаўнічага рынку ці шмат занясеш у руках, без аўтамабіля?

5 студзеня 2012 года чыноўнікі па тэлефоне паведамілі Сяргею Парсюкевічу, што гатовыя сустрэцца з тымі, хто падпісаўся, і прызначылі сход грамадзкасці на раніцу 6 студзеня 2012 года. “Адказныя асобы прыйшлі ў колькасці дзясятка чалавек ды яшчэ пад міліцэйскай аховай — разам з начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі Кастрычніцкага РАУС падпалкоўнікам Аляксандрам Каліноўскім.

“Падобна, чыноўнікі рыхтаваліся, што з дапамогай міліцыі давядзецца разганяць несанкцыянаваны мітынг. А я прыйшоў адзін. Па-першае, сабраць людзей менш чымся за суткі папросту не рэальна, а па-другое, замест размоваў пасярод вуліцы я аддаў бы перавагу афіцыйнаму пісьмоваму адказу, з якім і варта азнаёміць усіх зацікаўленых жыхароў гораду, — працягвае Сяргей Парсюкевіч. Пакуль у вуснай форме чыноўнікі заявілі, што платная паркоўка функцыянуе на законных падставах. І так будзе да таго часу, пакуль яна застаецца рэнтабельнай. Машын уздоўж вуліцы Церашковай і напраўду паркуецца шмат, асабліва ў выходныя дні.

Адзін з наведвальнікаў рынку будматэрыялаў, загрузіўшы ў багажнік некалькі ўпаковак пліткі, адзначае: “Наогул гэткія аб’екты павінны быць першапачаткова абсталяваныя аўтастаянкамі. Я не разумею, чым займаюцца праектоўшчыкі і архітэктары, калі адзіна магчымае месца для паркоўкі — уздоўж дарогі. “Вуліца ператварылася ў суцэльны корак! Машыны перасоўваюцца па адной паласе. А сама паркоўка — гэта асобная размова! Газон падчас дажджу ператвараецца ў балота, зімой выйдзеш з машыны — адразу снег па калена. Там ніхто нават не прыбірае, за што я плачу грошы? — абураецца кабета, якая прыехала па закупы на “Эвіком.

Тыя, хто хоча зэканоміць, пакідаюць машыны не на паркоўцы, а ў дварох навакольных жылых дамоў, што выклікае абурэнне мясцовых жыхароў. “Пастаянная загазаванасць, дыхаць няма чым, асабліва ў спякоту. А дзіця аднаго на вуліцу проста страшна выпускаць: машыны ездзяць як хочуць, — скардзіцца бабуля, якая выйшла на шпацыр з унучкай у двор дому №26.

Прапанову папросту байкатаваць платную паркоўку можна пачуць ад віцебскіх аўтаўладальнікаў усё часцей. “Калі ўсім разам перастаць ставіць там машыны, то плату за паркоўку проста не будзе з каго браць. Калі гарадскому кіраўніцтву абыякавая наша думка, дык будзем дзейнічаць супраць уладаў “па-партызанску, — заяўляе кіроўца “іншамаркі, прыпаркаванай у чужым двары.

Беларускія рэгіянальныя навіны


 

Каментаваць