У ваколіцах Мінска з’явілася вуліца імя Кастуся Тарасава

У садовым таварыстве «Ясная паляна» каля вёскі Малая Дубраўка ў Мінскім раёне з’явілася вуліца імя вядомага беларускага пісьменніка і журналіста Кастуся Тарасава (10.10.1940, Мінск – 20. 03.2010), паведаміў карэспандэнту НЧ сябра садовага таварыства, актывіст РГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Сяржук Кручкоў.



Кастусь Тарасаў


Ён распавёў, што пасля таго, як праўленне садовага таварыства падтрымала ягоную ініцыятыву па наданню адной з вуліц імя Тарасава, у сядзібным пасёлку з’явіліся адпаведныя шыльды на лецішчах і ўказальнікі. «Такім чынам у пятнаццаці кіламетрах ад Мінскай кальцавой аўтадарогі ўганаравана імя славутага дзеяча беларускай культуры», сказаў Кручкоў.

 

Ён звярнуўся да чытачоў штотыднёвіка з прапановай ахвяраваць сродкі на мемарыяльную дошку ў гонар Кастуся Тарасава, якую мяркуецца ўсталяваць у Яснай паляне. З прапановамі на гэты конт можна звяртацца да Сержука Кручкова (мабільны тэлефон 8-029-635-52-40).

 

Пасла заканчэння Беларускага палітэхнічнага інстытута Кастусь Тарасаў працаваў у Паўночна-Заходняй геалагаразведачнай экспедыцыі, на прамысловых прадпрыемствах Беларусі, у выдавецтве «Вышэйшая школа», газетах «Знамя юности», «Літаратура і мастацтва», «Навіны», «Наша свабода» і «Новы час», часопісах «Нёман» і «Спадчына». Друкаваўся з 1965 года. Адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў узняў тэму гісторычнай спадчыны.

 

Сярод твораў празаіка аповесці «Дзень рассеяння» і «Пагоня на Грунвальд», кнігі аповесцяў «Падарожжа ў цесным крузе» і «Адзіны сведка Бог», раман «Тры жыцці княгіні Рагнеды», літаратурна-гістарычнае эсэ «Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны», а таксама зборнікі дэтэктыўных аповесцей «У час Стральца» і «Залатая горка».

 

Творчасці пісьменніка ўласцівы рэалістычны погляд на мінулае Айчыны, адчуванне непарыўнай сувязі часоў, а таксама ўменне перадаць гісторычную атмасферу.

 

Кастусь Тарасаў шчыры патрыёт, які быў прадвеснікам сапраўднай гістарычнай прозы. Ягоныя творы «Пагоня на Грунвальд» і «Памяць пра легенды» сталі кнігамі, на якіх вырасла сучаснае пакаленне беларускіх гуманітарыяў і грамадска-палітычных дзеячоў.

Каментаваць