У Віцебску сёння — Дзень Латвіі

Латвія 18 лістапада святкуе Дзень незалежнасці. Напярэдадні гэтай даты ў Віцебску, дзе ёсць консульства гэтай еўрапейскай дзяржавы, па традыцыі адзначаюцца Дні Латвіі. Сёлета святочныя імпрэзы пройдуць 12 лістапада ў канцэртнай зале “Віцебск і ў Цэнтры культуры “Віцебск.



У 13.00 у Цэнтры культуры “Віцебск адбыўся сход прафесіяналаў культуры Латвіі і Беларусі. Спецыялісты з абедзвюх краін падзяліліся назапашаным вопытам працы.

А 17-й, у канцэртнай зале “Віцебск можна будзе ўбачыць Латвію з вышыні птушынага палёту. Так называецца фотавыстава мастака Юрыса Калніныша, які займаецца аэрафатаграфіяй. Сваю родную краіну ён здымаў з паветранага шара, верталёта, самалёта. Выставу падрыхтавалі Міністэрства замежных спраў Латвіі сумесна з Цэнтрам культуры “Віцебск і яго філіялам “Цэнтр нацыянальных культур.

А ў 18.00 у канцэртнай зале “Віцебск адбудзецца канцэрт духавога аркестра «Daugava» (мастацкі кіраўнік і дырыжор — Арнольд Грынберт) «На беразе Даўгавы-Дзвіны». У канцэрце таксама прымуць удзел: лаўрэат прэміі імя Уладзіміра Мулявіна конкурса “Віцебск—2011 Дайніс Скутэліс, салістка Нацыянальнай Латвійскай оперы Ілона Багеле, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «Лявоніха».

Мерапрыемствы адбудуцца ў межах праекта «Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё» Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Латвія — Літва — Беларусь». Яго праводзяць Цэнтр латышскай культуры Даўгаўпілса і Цэнтр культуры “Віцебск. Праект накіраваны на распаўсюджванне ведаў аб нацыянальнай культуры і фальклоры суседніх краін.

"Народныя навіны Віцебска"

Каментаваць