Удаўка для байнэту

Калі прачытаў указ аб рэгуляванні карыстання інтэрнэтам, успомніўся адзін эпізод са старой замежнай кінакамедыі «Містэр Піткін у тыле ворага».

 



Плакат. «1937». Руслан Найдзен, Аляксандар Наважылаў, 1990


На медкамісіі ўрач, пры­ставіўшы фанендаскоп да гру­дзей Піткіна, камандуе: «Удых… Выдых… Удых… Выдых… Выдых… Выдых…» І той, бедалага, паступова асядае, губляючы прытомнасць.

Успомнілася і нядаўняя размова з заходнім калегам па матывах дыскусіі па праекту ўказа аб рэгуляванні інтэрнэта, які напрыканцы мінулага года трапіў у незалежныя СМІ. Калега выказаў меркаванне, што беларускія ўлады ўстрымаюцца ад увядзення абмежаванняў і жорсткага кантролю над інтэрнэтам. Па той, найперш, прычыне, што гэта акцыя выкліча гучную і адмоўную рэакцыю Захаду, для якога інтэрнэт з’яўляецца паўсядзённым элементам жыцця, своеасаблівым сімвалам свабоды інфармацыі.

Калега памыліўся: указ стаўся фактам. Найперш, ён скіраваны на блакаванне апазіцыйных рэсурсаў, што асабліва актуальна падчас правядзення выбараў. З’явіўся спецыяльны орган кантролю за працай байнэту — Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта (ААЦ). «Падводныя камяні ўказа, — па меркаванні эксперта ў галіне інтэрнэт-журналістыкі Аляксандра Класкоўскага, — цмяныя пункты аб рэгістрацыі сетак і інфармацыйных рэсурсаў… Шмат што аддадзена на дапрацоўку Савета міністраў. Тут вялікая прастора для «чыноўніцкай творчасці». І ніякай тайны перапіскі: пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны будуць ажыццяўляць ідэнтыфікацыю абаненцкіх прылад карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, весці ўлік і захоўваць звесткі аб такіх прыладах і аказаных інтэрнэт-паслугах.

Усё ў поўнай адпаведнасці з унутранай логікай функцыянавання аўтарытарных рэжымаў: запалохаць, паралізаваць волю, унушыць адчуванне непахіснасці сістэмы і бессэнсоўнасці супраціву. Пры дапамозе апрабаваных за стагоддзі сродкаў: ад папярэджванняў і пагроз да сумы і турмы, ад выгнання да фізічнай ліквідацыі. Па закону і без. Імем інквізіцыі ці рэвалюцыі, ці «тысячагадовага рэйху», ці дыктатара бананавай рэспублікі… Попел ад вогнішчаў са «шкодных» кніг грукае нам у сэрца.

«Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся». Палічым за добрае хаця б тое, што нам выпала жыць унутры рэжыму адносна мяккай жорсткасці.

Бо ўлады маглі абысціся і без прыняцця закона ці ўказа, які ў нас вышэй закона. Але ж не тое стагоддзе на двары. І не на ўскрайку свету, а ў цэнтры Еўропы. Дый замежныя крэдыты з інвестыцыямі ой як патрэбныя.

Жыццё — не кіно. І барацьба з вольным словам у таталітарных і аўтарытарных краінах — справа сур’ёзная. Выдых, выдых, выдых… Спецаперацыя па ўкароту байнэту заняла год без тыдня. Першапачаткова гэта місія адводзілася новаму закону аб СМІ, прынятаму 8 лютага мінулага года. Але тут здарыўся «дыялог» з Захадам. Давялося крыху адкручваць назад.

Указ №60 «Аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт» падпісаны 1 лютага гэтага года. Хваля крытыкі з боку айчыннай і міжнароднай дэмакратычнай грамадскасці і тут прымусіла крыху адступіць ад першапачатковага праекту, аднак ні крокам за межы агульнай палітыкі ў адносінах да свабоды слова, свабоды СМІ.

У адрозненні ад савецкай практыкі, беларускі рэжым вымушана дазваляе існаванне сегмента незалежных СМІ, але ў жорстка абмежаваных памерах, каб не дапусціць накаплення вольнага слова да крытычнай масы. Да таго ж старэйшае пакаленне «вертыкальшчыкаў» мае сваю памяць аб галоснасці, якая сталася адным з рашаючых чыннікаў краху савецкага рэжыму. І сваю памяць аб уласным прарыве да ўлады ў 1994 годзе, які наўрад ці стаўся б магчымым без свабоды СМІ.

Ды і як гэта чальцам касты недатыкальных для крытыкі трываць тое, што чытаюць пра сябе ў інтэрнэце. І не мець магчымасці заткнуць рот за «абразу гонару і годнасці», як гэта не раз рабілі з папяровымі СМІ. Хаміць публічна ў нас дазволена толькі зверху ўніз — па лесвіцы ўладнай вертыкалі. Я начальнік, ты — дурань.

Пакуль інтэрнэт быў забавай для меншасці, ён мала хваляваў улады, але калі сёння, па ацэнках кампаніі Gemius, у Беларусі налічваецца звыш трох мільёнаў карыстальнікаў, з якіх да 40 працэнтаў ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў, ён стаў успрымацца як непасрэдная пагроза.

Тым больш, што менавіта інтэрнэт з’яўляецца той прасторай, у якой дэмакратычная апазіцыя здолела спрацаваць на апераджэнне, адрадзіць у новай якасці зачыненыя ўладамі газеты, стварыць новыя рэсурсы, прывабіць шырокую аўдыторыю. Стварыць перавагу. Ні адзін з афіцыйных сайтаў нават блізка не стаіць з апазіцыйнымі па колькасці наведвальнікаў. І не зможа стаць, бо прапаганда — вораг якаснага зместу ў любым фармаце — навін, аналітыкі, нарысаў, эсэ, блогаў, мультымедыйнага прадукту.

Хаця прапановы супрацьстаяць свабоднаму інтэрнэту праз узмацненне сваіх інтэрнэтрэсурсаў з боку ўладных асоб гучалі. Але аўтарытарны ген прадыктаваў звярнуцца да апрабаваных сродкаў — забараніць і пакараць.

І ўзняць ва ўхвалу ўказу новую прапагандысцкую хвалю. Ужо 2 лютага афіцыйныя СМІ вылілі першую бочку мёду: якія цудоўныя і своечасовыя меры прадугледжвае ўказ па ачышчэнні інтэрнэту ад бруду парнаграфіі, жорсткасці, паклёпаў… Зразумела, дзеля бяспекі грамадзян, іх псіхічнага камфорту, іх добрага настрою.

Але ці ўлічылі аўтары гэтай хвалі, што беларуская прапаганда ўжо наблізілася да стану савецкай, якая, па сведчанню знакамітага пісьменніка, дысідэнта Сяргея Даўлатава, успрымалася з дакладнасцю наадварот: калі нешта бэсцілі, усе разумелі — гэта добрае, калі хвалілі, разумелі — дрэннае. Ды і карыстальнікі інтэрнэту — катэгорыя людзей дасведчаных. Так што будзем чакаць павялічэння колькасці наведвальнікаў дэмакратычнага байнэту.

Спроба накінуць удаўку на інтэрнэт у адной асобна ўзятай зоне глабальнага інтэрнэту — на байнэт, безумоўна, завершыцца правалам. Як гэта здарылася са спробай пабудаваць сацыялізм у адной асобна ўзятай краіне. Хаця турбот і непрыемнасцей дадасць.

Каментаваць