Удар па адным — удар па ўсіх

Віталь Рымашэўскі схільны лічыць справу ксяндза Лазара праяўленнем  мэтанакіраванай палітыкі ў дачыненні да хрысціянскай супольнасці як часткі «трэцяга сектару». Бо менавіта гэта частка засталася не «акучанай», пры гэтым самай шматлікай і моцнай. На погляд спадара Рымашэўскага, раптоўныя прапановы прэзідэнта рэфармаваць праваслаўную царкву — гэта не трызненні ад няма чаго рабіць, а непрыхаванае жаданне дамінаваць і тут таксама. 



У чацвер, 15 жніўня, у сядзібе Партыі БНФ адбыўся круглы стол па справе ксяндза Уладзіслава Лазара, які таемна знік 1 чэрвеня, потым знайшоўся ў СІЗА  КДБ, дзе меркавана і знаходзіцца ўжо трэці месяц. Хаця ў гэтым няма пэўнасці, бо некаторыя адрасаваныя яму паштоўкі вярнуліся назад. Дасюль невядома, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць. Адзіная афіцыйная інфармацыя, нібыта датычная яго справы, — цмяныя намёкі прэзідэнта на нейкага «здрадніка, які быў звязаны з замежжам праз каталіцкіх святароў». 
 
 
Удзел у сустрэчы ўзялі каардынатар ініцыятывы «Хрысціянскі рух» Аляксей Шэін, праваабаронцы Ганна Шапуцька і Алег Воўчак, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, савецкі палітвязень Сяргей Ханжанкоў, каталіцкі публіцыст Кастусь Шыталь ды інш.
 
 
Галоўнай мэтай круглага стала было высветліць, як можна дапамагчы Уладзіславу Лазару ў яго становішчы. І арганізаваць гэтую дапамогу. Удзельнікі вырашылі накіраваць свайго прадстаўніка, каб пагутарыць з апостальскім нунцыям Клаўдыё Гуджароці пасля імшы, якую ён мае адслужыць 16 жніўня ў Браславе. А таксама падрыхтаваць зварот да Папы Рымскага Францішка («ён блізкі да народа», заўважыў нехта з прысутных). Гэты пункт спачатку выклікаў пярэчанні прадстаўнікоў касцёлу — маўляў, ці не атрымаецца, што мы дзейнічаем праз галаву беларускіх іерархаў, парушаем субардынацыю, нават ускосна вінавацім іх у бяздзейнасці... Адбылася кароткая, але гарачая палеміка, поўная эмацыйных закідаў у бок кіраўніцтва Беларускага касцёла.
 
 
Баявітая пажылая жанчына Кацярына Садоўская падсумавала: «Увесь час мы баімся рэзкіх рухаў, баімся памыліцца, зрабіць нешта не тое! Лукашэнка вунь не баіцца.... і выйграе». 
 
 
На больш рэзкія рухі прысутныя ўжо не адважыліся. Прапанову пайсці разам да «амерыканкі» сустрэлі скептычнымі заўвагамі: «Нібыта вы не ведаеце, чым такія паходы сканчаюцца... Ну што мы там, язык ім пакажам? Ці камень у акно кінем?». 
 
 
Адмовіліся таксама ад ідэі падаваць заяўку на правядзенне пікету з прычыны бессэнсоўнасці. Апроч зварота да Папы маюць быць падрыхтаваны звароты да амбасадараў краін ЕС, у міжнародныя праваабарончыя структуры. Але ў першую чаргу — зварот да беларускіх уладаў, подпісы пад якім плануецца збіраць у касцёлах. Будзе арганізавана падтрымка сям'і ксяндза Уладзіслава Лазара, чыя старая маці ляжыць зараз у шпіталі. Грошы на яе пачалі збіраць адразу за круглым сталом. 
 
 
Крыху пра асабістыя якасці Уладзіслава Лазара распавёў яго сусед па пакоі ў інтэрнаце Гродзенскай вышэйшай семінарыі, ксёндз Юры. Паводле яго словаў, айцец Уладзіслаў перажыў калісці цяжкае ДТЗ, пасля якога яму мусілі ампутаваць нагу. Аднак у апошні момант, літаральна напярэдадні ампутацыі, ён пачаў выздараўліваць. Гэты выпадак моцна паўплыўваў на Уладзіслава, паглыбіўшы веру. Чалавек адкрыты да дыялогу, ніколі не правакаваў канфліктных сітуацый, адданы свайму служэнню, у астатнім жа нічым не адметны, каб можна было ў нечым яго падазраваць. Журналістка Любоў Лунёва згадала, што ён быў самым цікавым лектарам, калі служыў у сталічным касцёле. Пасля яго пераводу ў Мар'іну Горку не стала каго слухаць. 
 
 
Усім неабыякавым да гэтай справы застаецца толькі марна гадаць аб  сапраўдных прычынах арышту. Як былы следчы, Алег Воўчак выказаў меркаванне, што падчас працы ў Мар'інай Горцы, дзе жыве нямала  супрацоўнікаў КДБ, маглі быць зробленыя нейкія спробы завербаваць ксяндза, а ён адмовіўся. Або нейкі прыхаджанін у цывільным заўважыў крамолу і вальнадумства ў яго пропаведзях.
 
 
«Самае крыўднае, што ён быў адным з найлепшых... Акурат такія ў нас і трапляюць пад прыцэл», —  заўважыла спадарыня Лунёва. Яна ж заклікала не шукаць тут элементы рацыянальнасці: «Гэта толькі дзядуля Фрэйд мог бы патлумачыць. Магчыма, улады хацелі зрабіць прыемнае патрыярху Кірылу, ён жа прыязджаў якраз тады, паказаць, што прыжучылі касцёл, не даюць яму спуску. Як калісці прэзідэнт палічыў, што ўсе немцы — фашысты, таму ім прыемна будзе пачуць... ну, вы памятаеце. Вось і ўся логіка». 
 
 
Аднак Віталь Рымашэўскі схільны лічыць справу ксяндза Лазара праяўленнем  мэтанакіраванай палітыкі ў дачыненні да хрысціянскай супольнасці як часткі «трэцяга сектару». Бо менавіта гэта частка засталася не «акучанай», пры гэтым самай шматлікай і моцнай. На погляд спадара Рымашэўскага, раптоўныя прапановы прэзідэнта рэфармаваць праваслаўную царкву — гэта не трызненні ад няма чаго рабіць, а непрыхаванае жаданне дамінаваць і тут таксама. 
 
 
Па словах палітыка, беларусам уласцівая «сектанцкая свядомасць», і не толькі ў рэлігійнай сферы. Маўляў, я належу да гэтай групы, а што там робіцца з астатнімі — мяне не цікавіць і не павінна турбаваць. Віталь Рымашэўскі заклікаў адмовіцца ад такой тупіковай і пагібельнай свядомасці. Удар па аднаму трэба ўспрымаць як удар па ўсім.   

Абмеркаванне:

  • Ціхановіч
  • 2013-08-15 21:20:33
Новы 37-мы год у нас нешта зацягнуўся...
  • XXL
  • 2013-08-15 21:26:37
Відавочна, нам гэта падабаецца!

Каментаваць