Удзельнікі акцыі ў Курапатах: “Рэпрэсіі працягваюцца”

28 лютага ва ўрочышчы Курапаты грамадскія актывісты традыцыйна ўшанавалі памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Успомніць бязвінна забітых людзей прыйшлі больш за дзясятак грамадскіх актывістаў, сярод якіх — Алесь Макаеў, Максім Вінярскі, Ілья Дабратвор, Ніна Багінская і іншыя. Яны традыцыйна прачыталі малітвы, запалілі знічкі, праспявалі гімн “Магутны Божа”.

 



Падчас жалобнай імпрэзы немагчыма было абмінуць увагай падзею, што здарылася напярэдадні ў Маскве, — забойства расійскага палітыка Барыса Нямцова. На думку Ільі Дабратвора, які прынёс у Курапаты яго партрэт, да гэтай трагедыі мае непасрэднае дачыненне той, хто распаліў нянавісць у расійскім грамадстве.

Ніколі не думала, што пры маім жыцці гэтая эпоха забойстваў паўторыцца”, — заўважыла ў сваю чаргу маці былога палітвязня, старшыні Руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка Галіна Сіўчык. Апроч штомесячных акцый у Курапатах, актывістка кожны дзень удзельнічае ў малітвах за беларускіх палітвязняў ля Чырвонага касцёла ў Мінску. Іх, беспадстаўна асуджаных беларускімі ўладамі на турэмныя тэрміны, таксама ўспомнілі ва ўрочышчы. Удзельнікі акцыі адзначылі, якім асабліва жорсткім стаў прысуд, вынесены Мікалаю Дзядку за тры дні да заканчэння тэрміну: палітвязню дадалі яшчэ год за кратамі.

Сярод сучасных беларускіх падзей, якія таксама носяць рэпрэсіўны характар, намеснік старшыні Руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў назваў цяжкае становішча беларускіх прадпрымальнікаў. Паводле ўказа прэзідэнта № 222, з 1 сакавіка прадпрымальнікі павінны мець дакументы, якія пацвярджаюць набыццё тавараў.

 “Людзі проста застануцца без працы, бо для большасці зрабіць гэтыя дакументы немагчыма”, — зазначыў Алесь Макаеў.

Праўда, штрафаваць за адсутнасць сертыфікатаў не будуць да 1 чэрвеня, аднак пры гэтым астатняя дакументацыя на ўвоз тавараў у прадпрымальнікаў павінна быць.

Акцыі ўшанавання памяці ахвяр таталітарных рэпрэсій на Беларусі па ладзяцца ў Курапатах штомесяц 29 чысла. Менавіта ў ноч на 29 кастрычніка 1937 года ў Мінску было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Па ініцыятыве Руху салідарнасці “Разам” акцыі праходзяць з 2007 года.

Каментаваць