Угнявілі “народныя масы”

“Дзіўныя рэчы робяцца ў горадзе, як спявала калісьці рок-князёўна Беларусі Кася Камоцкая. З аднаго боку, растуць адпускныя цэны на хлеб, малочныя прадукты (на 10%), на мяса (35%), чакаецца павелічэнне аплаты камунальных паслуг, а электарат гэтага ўпарта не заўважае. І ніякім чынам не рэагуе. Затое пэўныя асобы з касты гэтага самага электарату яшчэ як рэагуюць на тое, што кажа той ці іншы апазіцыянер. А разам з электаратам рэагуюць і суды.



“Дзіўныя рэчы робяцца ў горадзе, як спявала калісьці рок-князёўна Беларусі Кася Камоцкая. З аднаго боку, растуць адпускныя цэны на хлеб, малочныя прадукты (на 10%), на мяса (35%), чакаецца павелічэнне аплаты камунальных паслуг, а электарат гэтага ўпарта не заўважае. І ніякім чынам не рэагуе. Затое пэўныя асобы з касты гэтага самага электарату яшчэ як рэагуюць на тое, што кажа той ці іншы апазіцыянер. А разам з электаратам рэагуюць і суды.

Гісторыя, якая адбылася днямі з апазіцыйным палітыкам Віктарам Івашкевічам, змушае ўзгадаць падзеі страшэнных сталінскіх часоў, калі “па патрабаванні працоўных НКУС знішчаў сотні тысяч і нават мільёны людзей, якія мелі няшчасце хоць якімсьці чынам трапіць у кагорту нелаяльных да кіруючага рэжыму. Марына Цыбліенка — працаўніца з Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу — атаясамліваецца з тымі самымі “працоўнымі масамі, якія патрабавалі “вынішчаць на корані “ворагаў народа. Дзякуй Богу, сёння ў Беларусі не расстрэльваюць палітычных апанентаў, але ж судовы каток праходзіцца па іх “па поўнай праграме.

Не ведаю, з чыёй падачы (мо, насамрэч, тое было ўласная ініцыятыва, хоць гэта вельмі сумнеўна), але таварыш Цыбліенка вельмі ўразілася нейкімі заклікамі Віктара Івашкевіча да Захаду ігнараваць прадукцыю тутэйшых НПЗ да вызвалення палітзняволеных. “Я ўжо не ўпэўненая ў заўтрашнім дні, а раптам у выніку санкцыяў я страчу працу? У мяне ўзняўся ціск, пачаліся неўрозы, — заявіла ў судзе над Івашкевічам сучасная “стаханаўка. У палітыка-апазіцыянера ўзніклі лагічныя пытанні ў адказ: а чаму ж яе не абурылі леташнія дэвальвацыі, калі абсалютная большасць людзей страціла свае грашовыя назапашванні, ці падавала яна іск аб кампенсацыі да былога старшыні Нацбанку Пятра Пракаповіча, які літаральна бажыўся, што ніякай дэвальвацыі беларускага рубля не будзе, і заклікаў грамадзян захоўваць грошы на дэпазітах? Нічога ўцямнага “патрыётка адказаць не змагла.

Якія ўсё ж ранімыя некаторыя прадстаўнікі нашага электарату! Але толькі ў тых выпадках, калі нешта тычыцца непасрэдна іх саміх, няхай і ўскосна. Вось, не падскочыў ціск у таварыша Цыбліенкі пасля таго, як 19 снежня 2010 года ў Мінску былі збітыя і арыштаваныя сотні людзей, не здарыўся з ёй неўроз ад таго, што віцяблянін Сяргей Каваленка можа памерці ад галадоўкі, змагаючыся супраць прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці фактычна за вывешванне гістарычнага бел-чырвона-белага сцягу. А вось санкцыі, якіх няма і якія ніякім бокам не закранулі роднае прадпрыемства, у гэтай “змагаркі выклікалі ледзь не “карачун! І такіх “змагароў і змагарак у нас, відаць, багата, бо наперадзе яшчэ суд з той жа самай нагоды над былым палітвязнем і экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Дзмітрыем Вусам.

Тым часам улады працягваюць дэманстраваць сваё неабыякавае стаўленне да незалежных журналістаў. Не паспелі сціхнуць жарсці перад нядаўнім з’ездам Беларускай асацыяцыі журналістаў, калі па электроннай пошце многія сябры БАЖ атрымалі рассылкі з брудам на адрас кіраўнікоў арганізацыі (дарэчы, аўтары гэтых пасквіляў не змаглі дасягнуць пастаўленай мэты і ўчыніць раздрай у шэрагах асацыяцыі), як нашы калегі зноў апынуліся ў кіпцюрах праваахоўных органаў. Раніцай у сераду, 23 мая, у цэнтры Мінска былі схоплены журналісты незалежнага тэлеканалу “Белсат Любоў Лебедзева і Алесь Любянчук. Здымачная брыгада мелася ўзяць інтэрв’ю ў кіраўніка Інфармацыйна-асветніцкай установы “Платформа Андрэя Бандарэнкі. Толькі і ўсяго. Але пільныя міліцыянты, якіх было, па словах журналістаў, ажно шэсць чалавек, не далі гэтага зрабіць і адвезлі іх у Кастрычніцкі РУУС сталіцы. Праз пэўны час абодвух адпусцілі, але паабяцалі “працяг. Што гэта можа быць за “працяг, застаецца толькі здагадвацца.

А вось дзяржаўныя СМІ пачына­юць працэс узбуйнення. Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі паведаміў, што Мінінфарм рыхтуе маштабную рэформу сістэмы рэспубліканскага друку. Па словах чыноўніка, у краіне будуць створаныя два выдавецкія дамы — адзін (грамадска-палітычны) на базе органа адміністрацыі прэзідэнта “СБ. Беларусь сегодня (“Советская Белоруссия), другі (культурніцкі) — на базе холдынгу “Літаратура і мастацтва і газеты “Звязда. Як падкрэсліў Праляскоўскі, тэматыка матэрыялаў і форма іх падачы ў розных дзяржаўных выданнях мала чым адрозніваецца. У той жа час чыноўнікі загадалі не чапаць рэгіянальную прэсу, маўляў, яна бліжэй да людзей.

Вось толькі застаецца пытанне: а чаго, уласна, дабіваюцца “дзяржаўныя мужы, тасуючы афіцыйную прэсу? Пра яе якасць і попыт у чытача сведчаць і незалежныя рэйтынгі, і адставанне інтэрнэт-варыянтаў дзяржаўных СМІ ад незалежных па колькасці наведвальнікаў. І не ратуюць тут нават аграмадныя грашовыя сумы, якія дзяржава выдаткоўвае на падтрымку сваіх СМІ: толькі ў 2012 годзе на гэтыя мэты запланавана выдаць 53 мільярды беларускіх рублёў. Незалежным СМІ такія сродкі нават не мрояцца.

А простым грамадзянам, за чые сродкі існуюць афіцыйныя СМІ, верагодна, давядзецца яшчэ больш зацягнуць паясы. Чыноўнікі не выключаюць, што да канца бягучага года “жыроўкі могуць стаць даражэйшымі ажно ў два разы. Як сцвярджае Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, зараз жыхары Беларусі аплачваюць толькі 16,6% ад кошту камунальных паслугаў. Урад жа, па словах міністра ЖКГ Андрэя Шораца, ставіць за мэту давесці гэты паказчык да 35%. Да таго ж паступова даражэе і ўсё астатняе. Так, некаторыя сталічныя маршруткі, якія яшчэ дзень-два таму каштавалі 5 тысяч рублёў за праезд, накінулі яшчэ тысячу.

Ці вось яшчэ прыклад. Падабаюцца мне шакаладныя батончыкі гомельскай фабрыкі “Спартак. Два дні таму набываў іх па 3750 рублёў. А вось зараз у той жа краме з’явіўся на іх новы цэннік — 4800. Таксама падаражалі на дзясяткі працэнтаў і тэлефонныя размовы з Расіяй і Украінай, дзе ў беларусаў многа сваякоў і сяброў — зноў удар па кішэні. Вось толькі як усё гэта адаб’ецца на планах вышэйшага чыноўніцтва ўтрымаць да канца года інфляцыю ў памеры 19–22%, пра што было заяўлена на самым высокім узроўні? Рост коштаў на мяса і камуналку, на іншыя тавары ўжо выбівае паказчыкі з гэтых прагнозаў, але ж год не дасягнуў яшчэ і свайго экватару. А наперадзе яшчэ абяцаныя павышэнні коштаў на паліва, на праезд у грамадскім транспарце і гэтак далей. Ці тое яшчэ будзе!

Каментаваць