Уганараваны лаўрэаты прэміі імя Святланы Навумавай

У першы дзень вясны на сядзібе БНФ адбылося ўручэнне прэміі імя Святланы Навумавай — вядомага палітолага, аднаго з лідэраў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”, якая пайшла з жыцця 10 сакавіка 2011 года.



Фота Генадзя Кеснера


На самым пачатку імпрэзы арганізатары прапанавалі прысутным прагледзець відэазапіс, на якім Святлана Навумава яшчэ жывая, вясёлая. Як распавёў вядоўца цырымоніі Аляксандр Фядута, апошнім з існуючых стаўся відэазапіс, звязаны непасрэдна з гісторыяй кампаніі “Гавары праўду”.

 “А таксама з трагічнымі падзеямі нашага жыцця, таму што гэта была зіма 2011 году, лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў знаходзіўся пад хатнім арыштам. Ён ды іншыя кіраўнікі кампаніі чакалі суда, вялося следства, і на плечы Святланы Андрэеўны — надзіва таленавітай, надзіва моцнай і мужнай жанчыны легла адказнасць за ўсю тую моладзь, якая паверыла нам, якая пайшла і ў кампанію “Гавары праўду”, і ў кампанію па прэзідэнцкіх выбарах 2010 году, за тую моладзь, якая пайшла на Плошчу”, — адзначыў Фядута.

Святлана Навумава нарадзілася 29 лютага, але адзначала Народзіны заўжды 1 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень і было вырашана  праводзіць уручэнне прэміі яе імя.

Сябры журы, намінанты і лаўрэаты прэміі імя Святланы Навумавай

Заснавальнікі прэміі вызначылі тры намінацыі — “лепшы журналіст”, “лепшы аналітык” і “лепшы малады палітык”. На “лепшага журналіста” былі вылучаныя карэспандэнт польскай “Газеты выборчай” Андрэй Пачобут, намеснік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч і карэспандэнт “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Зміцер Лукашук.

Слова для абвяшчэння імя пераможцы Аляксандр Фядута прадставіў “стваральніку першай альтэрнатыўнай інфармацыйна-аналітычнай праграмы “Праспект” на Беларускім тэлебачанні, стваральніку першага ток-шоў на АНТ “Выбар”, старшыні Каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці “Ўсходняга партнёрства” Уладзіміру Мацкевічу.

“Шчыра кажучы, я не вельмі добра ацэньваю стан сённяшняй беларускай журналістыкі і сённяшніх СМІ. Але ж не магу не прызнаць, што пры не вельмі добрым стане журналістыкі ў нас ёсць выдатныя журналісты. І асабіста, і калі яны працуюць камандамі. І ў гэтым сэнсе чым мы не бедныя, дык гэта выдатнымі таленавітымі журналістамі. І тыя, хто сёння патрапіў у гэты шорт-ліст, і тыя, хто тут прысутнічаюць, але не патрапілі ў шорт-ліст. І думаю, вельмі цяжкі выбар быў у журы, на кім спыніцца. І думаю, што кожны з тых, хто патрапіў, варты таго, каб быць узнагароджаным гэтай прэміяй”, — падкрэсліў Уладзімір Мацкевіч.

Ускрыццё канверта паказала, што пераможцам у намінацыі “Лепшы журналіст” стаў Андрэй Пачобут. Як паведаміў Аляксандр Фядута, лаўрэат зараз знаходзіцца ў Гродна. “Гэта той выпадак, калі запатрабаваны турэмны досвед, паколькі ён зараз знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе”, — адзначыў Фядута.

Тым не менш, арганізатарам імпрэзы ўдалося наладзіць прамую відэасувязь з лаўрэатам праз скайп. Сёлетняга пераможцу павіншавала пераможца леташняя — шэф-рэдактар газеты “Народная воля”, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Святлана Калінкіна.

“Андрэй, ты сёння атрымаў знак якасці ў нашай прафесіі. Мы ўвогуле не сумняваліся, што ён у цябе ёсць, але сёння я цябе віншую, гэта насамрэч высокая адзнака. І я спадзяюся, што наступныя свае ўзнагароды ты будзеш атрымліваць сам, а не завочна, прымаць віншаванні, букеты, і не завочна, а вочна слухаць усе гэтыя добрыя словы. Віншую, хай пачынаецца вясна не толькі ў такім прамым сэнсе, але і ў пераносным”, — сказала мінулагодні лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай.

У намінацыі “лепшы аналітык” перамог кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.

Лепшы аналітык — Аляксандр Класкоўскі. Фота Генадзя Кеснера

Намінантамі былі таксама журналіст Радыё Свабода Юры Дракахруст і Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільнюс, Літва) Аляксей Пікулік.

Прэмію Аляксандру Класкоўскаму ўручыў першы кіраўнік Нацыянальнага банку незалежнай Беларусі, ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, доктар эканамічных навук, прафесар Станіслаў Багданкевіч.

Я з гонарам магу залічыць сябе ў перабудовачнае пакаленне, — сказаў лаўрэат. — Потым высветлілася, што ўсе былі дысідэнтамі, дулю ў кішэні трымалі. А так усе думалі, што практычна тая сістэма вечная. І раптам мы ўбачылі, кажучы словамі нябожчыка Віталя Сіліцкага, які ўпісаў яркую старонку ў айчынную аналітыку, што дыктатуры руйнуюцца. І калі экстрапаляваць на сённяшнюю, здаецца, чорную,безнадзейную сітуацыю, то гэты досвед дапамагае жыць і працаваць, таму што, кажучы побытавай моваю, вялікая шафа гучна падае. Гэта мой такі аналітычны прагноз. І пра другую рэч я хацеў бы сказаць. У нас расколатае грамадства. І гэта накідаецца “зверху”. Нас наўмысна расколваюць, сутыкаюць лбамі, сценка на сценку. І вось гэтая логіка барацьбы — яна падманлівая, небяспечная, таму што часта за гэтай барацьбой, за бурай у шклянцы вады губляецца, забываецца галоўнае. Часта ў гэтых псеўдабаталіях,у гэтых бурах пачанеш думаць, ці не атрымаецца так, што калі пэўныя змагары прыйдуць да ўлады, дык мы шыла на мыла памяняем. І пытанне зараз, як ў кампаніі “Гавары парўду” — не ХТО замест Лукашенкі, але ШТО замест Лукашэнкі? Як нам вырвацца з гэтага заганнага кола? Таму што я выдатна памятаю, як некалі казалі: “любы, абы не Кебіч”. І вы ведаеце, як прагаласавалі за рамантычнага Робін Гуда, які пакажа гэтай мафіі, пакажа гэтым чыноўнікам! І сёння таксама ёсць тыя, хто трасе кулаком і кажа “мы пакажам гэтай дыктатуры!”. А самі ў душы такія ж дыктатары. Таму часам даводзіцца пісаць рэчы, разумеючы, што сапсуеш стасункі з некім з людзей, якіх ведаеш, з якімі сустракаешся, вітаешся і гэтак далей. Але гэта трэба. Таму што для нас важна вырвацца з гэтага заганнага кола хлусні, хамства, таталітарнага мыслення. І вось гэта маё крэда. Я хацеў бы скончыць сваёй улюбёнай цытатай — гэта цытата Анатоля Франца пра тое, што самай рэдкай мужнасцю ёсць мужнасць думкі. Таму я заклікаю, каб нашы думкі былі сумленнымі, мужнымі, бясстрашнымі і незалежнымі”.

   

На званне “лепшага маладога палітыка” намінаваліся лідар “Змены” — моладзевага крыла кампаніі “Гавары праўду” Павел Вінаградаў, кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Марына Хоміч і актывістка “Маладога фронту” Таццяна Шапуцька. Апошняя папрасіла зняць сваю кандыдатуру з намінантаў, бо, па словах Таццяны, апошнім часам галоўнымі яе абавязкамі і справамі ёсць абавязкі і справы маладой маці. Канверт ускрыў слынны навукоўца і грамадскі дзяяч, акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі, якому, дарэчы, сёлета спаўняецца 85 гадоў.

Прэмію жонцы Паўла Вінаградава Святлане перадае акадэмік Радзім Гарэцкі. Фота Генадзя Кеснера.

“Лепшым маладым палітыкам” году прызнаны Павел Вінаградаў. Аднак лаўрэат не змог прысутнічаць на цырымоніі, бо акурат цяпер адбывае чарговы адміністрацыйны арышт — сем сутак — у вязніцы на Акрэсціна. Замест Паўла прэмію атрымала ягоная жонка Святлана. 

Каментаваць