Украіна перадасць у Беларусь затрыманага ў Чарнігаве бізнэсмэна Кушнера

Новазаводскі раённы суд Чарнігава прызначыў экстрадыцыйны арышт беларусу Вячаславу Кушнеру, затрыманаму ў лістападзе 2017 года. Кушнера плануецца перадаць у Беларусь.
Да экстрадыцыі яго будуць трымаць у следчым ізалятары, але не больш чым да 27 снежня 2018 года. Выдаць Кушнера Генпракуратура Украіны вырашыла пасля адпаведнага звароту беларускага боку, атрыманага ў снежні 2017 года, паведамляе Радыё Свабода.

На судовым пасяджэнні Кушнер назваў абвінавачванні беларускага боку «сфабрыкаванымі». Паводле яго слоў, гэта ціск на яго і беларускага бізнесмена, заснавальніка групы кампаній «Сармат-насці» Аляксандра Кныровіч. Як паведамлялася раней, Кныровіч быў затрыманы ў студзені мінулага года. Яго абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

Ужо пасля затрымання Вячаслаў Кушнер звярнуўся ў міграцыйныя органы Украіны з просьбай даць яму статус бежанца.

У Беларусі яго вінавацяць у сістэматычных перадачах хабараў, у тым ліку ў вялікіх памерах, дырэктару ТАА «Аншанс плюс». Факты перадачы хабару зафіксавана 6 чэрвеня і 24 снежня 2014 года, а таксама 21 мая 2015 года. У верасні 2017 года беларуская пракуратура выдала ордэр на затрыманне Кушнера.

Вячаслаў Кушнер з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, але з канца 2016 года легальна знаходзіцца ва Украіне. У кастрычніку 2017-га ён атрымаў пасведчанне на пастаяннае пражыванне ў Украіне. Да затрымання ў Чарнігаве працаваў намеснікам дырэктара аб продажах і маркетынгу ўкраінскай суполкі з абмежаванай адказнасцю «Інка-Фуд Бердзічаў».


Паводле gazetaby.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць