Украінскі журналіст: «Я прывык, што мяне могуць забіць»

На канспіратыўнай кватэры ў Варшаве мы сустрэліся з Расціславым Шапашнікавым — украінскім журналістам, кіраўніком нашумелага ва Украіне праекту «Дарожны Кантроль». Праз татальны пераслед з боку ўладаў і пад небяспекай арышту і зняволення хлопец быў вымушаны пакінуць тэрыторыю Украіны, каб не трапіць за краты. 



Расціслаў Шапашнікаў у Сейме


Спробы забойстваў яго і яго калегаў, беззаконнасць дзеянняў украінскай міліцыі, арганізацыя Майдану і аўтастрайкаў — далёка не поўны спіс пытанняў, пра якія ў нас атрымалася пагутарыць з Расціславам.
 
 
Расціслаў Шапашнікаў — журналіст, праваабаронца, грамадскі актывіст, кіраўнік праекту Дарожны кантроль. Дарожны кантроль (укр. Дорожній Контроль) — грамадскі праект і аднайменная газета па абароне правоў кіроўцаў ва Украіне ад супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Удзельнікі праекта выкарыстоўваюць відэафіксацыю парушэнняў супрацоўнікаў міліцыі з наступным яе апублікаваннем на відэахостынгу Youtube і наступным выкарыстаннем у якасці доказаў пры падачы скаргаў і судовых позваў супраць супрацьпраўных дзеянняў міліцыі, у прыватнасці супрацоўнікаў аўтаінспекцыі (укр. ДАІ). 
 
 
Заходжу на канспіратыўную кватэру, дзверы адчыняе невысокі, светлавалосы, зусім малады хлапчына ў чорным швэдары: "Тут нашаму актывісту ў сэрца стралялі, пачакайце хвілінку, мушу выставіць матэрыял..." Маленькі пакойчык, на кухні — простая ежа. На ўсялякі выпадак — у лядоўні бутэлька гарэлкі: а раптам наступны раз у сэрца і трапяць.
 
 
Расціслаў праводзіць даланёй па валасах уверх, зусім па-даросламу ўздыхае, заходзіць на кухню, садзіцца насупраць, спакойна прамаўляе: "Давайце пачнем, ён жывы..."
 
 

ВУЛІЧНЫЯ ДОПЫТЫ Ў ЦЭНТРЫ КІЕВА

 
Валярына Кустава: Вы дакладна ў парадку — можаце размаўляць?
 
 
Расціслаў Шапашнікаў: Так, працоўная сітуацыя.
 
 
— Што здарылася?
 
 
— А 23 гадзіне ў Кіеве на Плошчы Шаўчэнкі актывіста Дарожнага кантролю Уладзіміра Маралава, які прымаў актыўны ўдзел у Еўрамайдане і арганізоўваў аўтапрабегі, яго заблакавала іншая машына, з пагрозамі выцягнулі з аўтамабіля. Спрабавалі збіць, ён пачаў адстрэльвацца. У аднаго бандыта трапіў...
 
 
— У яго быў дазвол на зброю?
 
 
— Так, у яго ёсць дазвол на пісталет, афіцыйная рэгістрацыя... Але злачынцы адабралі зброю, адвялі на 20 метраў ад аўтамабіля, скіравалі пісталет на яго, патрабавалі адказаў: дзе відэазапісы Андрэя Дзындзі [Украінская міліцыя палюе за відэазапісамі журналіста “ДК” Андрэя Дзындзі, якія ён рабіў на Майдане і падчас захопу Адміністрацыі прэзідэнта. Відэазапісы даводзяць яго не вінаватасць. Яго абвінавачваюць ва ўгоне знакамітага бульдозера, з дапамогай якога ён нібыта спрабаваў забіць супрацоўнікаў міліцыі — В.К.], якія былі зробленыя на Банкавай?.. Дзе ўся яго апаратура? Дзе ён пражываў? Бо Дзындзя жыў у розных месцах. І міліцыя не ведае іх усе. І пыталіся, дзе хаваецца Аляксей Ганчарук. Гэта яшчэ адзін наш журналіст, які праводзіў і арганізоўваў  аўтапрабегі, блакаванне вуліц у цэнтры Кіева. Уласна кажучы, яго таксама расшуквае міліцыя, але не можа знайсці.
 
 
 
Уладзімір Маралаў пасля аперацыі. Фота http://roadcontrol.org.ua
 
 
— Але з ім усё ў парадку?
 
 
— Так, мы на сувязі, мы яго хаваем... Пасля таго, як Маралаў адмовіўся адказваць на іх пытанні, яму стралялі ў сэрца, але куля пайшла крыху пад паху — у 6 сантыметрах ад сэрца — таму ён не памёр. 
 
 
— Ён збягаў ад іх, у момант, калі стралялі?
 
 
— Не-не. Пасля адмовы адказваць. Яны спачатку спалілі яго аўтамабіль. І проста кінулі яго поруч...
 
 
— …параненага каля спаленай машыны, думаючы, што трапілі ў сэрца?
 
 
— Так. Доктар сказаў, што калі было б наўпростае пападанне ў сэрца, сэрца магло б спыніцца... Цяпер там папросту дзірка. Наўпрост на грудзях яму зашылі тую дзірку... 
 
 
— Вы мяркуеце, што яны мелі на мэце яго забіць?
 
 
— Магчыма, так. Як ён сказаў, самі злачынцы былі ўзброеныя баявымі пісталетамі. Але зразумела, што калі б яны выкарысталі свае пісталеты, то па кулі можна было б вызначыць паходжанне.
 
 
— Ці заведзена крымінальная справа па факце нападу?
 
 
— Цяпер мы толькі высвятляем сітуацыю. Ён дастаўлены ў шпіталь, яго зашылі, ён здавальняюча сябе адчувае. Важна, што з ім усё, у прынцыпе, нармальна, ён жывы.
 
 
— Але ён збіраецца пісаць на іх заяву, падаваць у суд?
 
 
— А які сэнс? Ён напіша заяву, завядуць справу — і нікога не знойдуць. І ўсё скончыцца, як такое ўжо бывала.
 
 
— Каго вы падазраеце?
 
 
— Усё проста: каму патрэбныя відэазапісы з камеры арыштаванага Дзындзі, які цяпер за кратамі? Відэа даводзіць, што справа супраць яго сфабрыкаваная, бо абвінавачванні — непраўдзівыя. А гэта можа быць выгадна і патрэбна толькі міліцыі і пракуратуры. Ім жа патрэбны і наш журналіст, які арганізоўваў аўтапрабегі..
 
 
— З якой мэтай былі арганізаваныя аўтапрабегі?
 
 
— Ёсць людзі, якія выйшлі на Майдан, і, так бы мовіць, падтрымлівалі Майдан пехам, нагамі, стоячы на ім. А ёсць і супольнасць кіроўцаў, пераважна кіеўскіх, некалькі соцень машын, якія ездзілі па горадзе са сцягамі, агітавалі людзей далучацца да пратэсту, плюс блакавалі саму плошчу, каб была магчымасць расставіць намёты і завезці дровы, пабудаваць барыкады. Актывісты нашай кампаніі арганізавалі людзей праз сацыяльныя сеткі і прыватныя знаёмствы, каб далучыць максімальна шмат асобаў да стварэння Майдану.
 
 
 

АРЫШТАВАНЫЯ ЖУРНАЛІСТЫ І МАЙДАНАЎСКІ БУЛЬДОЗЕР

 
 
— Хто з вашых калегаў цяпер за кратамі і якія абвінавачванні ім прад’яўленыя?
 
 
— Сядзіць Андрэй Дзындзя — журналіст Дарожнага кантролю, ён ад пачатку быў каарынатарам Еўрамайдану ад нашай арганізацыі, цяпер ён арыштаваны і знаходзіцца за кратамі. Яго арыштавалі 5 снежня з абвінавачваннем у тым, што ён нібыта ўгнаў бульдозер дзеля таго, каб забіць супрацоўнікаў міліцыі ля Адміністрацыі прэзідэнта, што поўная лухта.
 
 
Фота http://roadcontrol.org.ua
 
— Той самы знакаміты бульдозер…
 
 
— Так, той самы…
 
 
— А як было насамрэч?
 
 
— Бульдозер той прыехаў з дапамогай кіроўцы камунальных службаў, з ім пачалі весці дыскусію, было вельмі шмат людзей, Дзындзя ўвесь час здымаў сітуацыю на відэа, знаходзячыся поруч з бульдозерам.
 
 
— То бок ён папросту працаваў як журналіст… У яго была акрэдытацыя?
 
 
— У нас такога няма. Ты журналіст 24 гадзіны на суткі. То бок ён здымаў падзеі, што там адбываліся ад самага першага дня. Плюс з’яўляюся каардынатарам Еўрамайдана — то бок ад нашай арганізацыі ён быў прадстаўніком сярод арганізатараў. Ён займаўся самой структурай Еўрамайдана і відэазапісы, якія ён перадаваў нам, мы размяшчалі на нашым сайце. Уласна кажучы, быў чалавек, які кіраваў гэты бульдозерам потым. Ён цяпер за кратамі таксама. Але асабліва пра яго цяпер не кажуць, бо гэта проста мінак, які паддаўся адрэналіну, сітуацыі, азарту… Бо іначай цяжка патлумачыць, як ён трапіў за стырно. Але, як вядома, перакруцілі ў тую плашчыню, нібыта гэта было зроблена наўмысна. І быў на тое злы намер, якога насамрэч, відавочна, не было. А цяпер абвінавачваюць яшчэ і Дзындзю, што і ён кіраваў тым бульдозерам таксама…
 
 
 
Андрэй Дзындзя. http://roadcontrol.org.ua
 
 
— Чаму менавіта Дзындзю?
 
 
— Бо Андрэй Дзындзя даволі вядомы чалавек, які ўвесь час публічна ў сваіх выступах на тэлебачанні і сюжэтах выкрываў супрацьпраўныя і супрацьзаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Таму яны маюць прыватную цікавасць яго “закрыць”, што яны, у прынцыпе, і не хаваюць. Таму на Дзындзю цяпер вешаюць усіх сабак, нібыта ён адзін ва ўсім вінаваты.
 
 
— З вашай арганізацыі толькі яго пасадзілі?
 
 
— 6 снежня, на паседжанні суда, калі абвяшчалі рашэнне па яго справе ў залі суда прысутнічалі мы, прадстаўнікі арганізацыі, журналісты, народныя дэпутаты, што прыйшлі нас падтрымаць, пад залю суда прыйшло каля 10 000 мітынгоўцаў… Ніхто не чакаў, што яго пасадзяць. Дэпутаты прасілі адпусціць яго на парукі. Калі суддзя агучыў рашэнне аб яго арышце, то ніхто не чакаў, што яно будзе такім. Пачалася штурханіна дэпутатаў з міліцыяй. Было шмат людзей. Паштурхаліся і разышліся (гэта ёсць на відэа ў сеціве). А на наступны дзень адваката Дарожнага кантроля Віктара Смалія, які абараняў Дзындзю, абвінавацілі ў тым, што ён хацеў забіць суддзю, нанесці яму цяжкія цялесныя пашкоджанні. І суддзя сказаў, што яму парвалі мантыю.
 
Але ніякіх цяжкіх цялесных пашкоджанняў няма. Усе абвінавачванні супраць Смалія заснаваныя выключна на заяве самога суддзі і на сведчаннях яго памочніка. Хаця ў залі прыстунічала каля 30–40 чалавек. Толькі гэтыя 2 чалавекі пагадзіліся даць паказанні супраць Смалія. Смалій вельмі жорстка правёў судзебнае пасяджэнне ў якасці адваката. Паседжанне доўжылася каля 7 гадзін. Ён цалкам разбамабіў сваімі аргументамі абвінавачванне. Усе былі проста ў шоку. Бо справа была відавочна сфабрыкаваная. Пракуратура, следчыя казалі, што гэта поўны ідыятызм, у тым плане, што падставай для затрымання Дзындзі было тое, што ён хаваецца ад следства. А доказам таго, што ён хаваецца, было тое, што следчы набраў яго на мабільны тэлефон, а той, не ведаючы, не падняў слухаўку. І з гэтай нагодай яны падалі яго ў вышук.
 
 
— І адваката таксама пасадзілі…
 
 
— Так, па тым жа сцэнары… Яго затрымалі і іншы суддзя адправіў яго на 2 месяцы ў СІЗА. Два дні таму было паседжанне апеляцыйнага суду — і суд пакінуў пад вартай і Дзындзю, і Смалія.
 
 
— Знойдзены іншыя адвакаты, што будуць іх абараняць?
 
 
— Адвакаты робяць усё магчымае. Але ў нас у краіне закон не дзейнічае.
 
 
— Былі арыштаваныя і іншыя журналісты, але бальшыню з іх выпусцілі…
 
 
— Так, арыштавалі яшчэ і іншых нашых калегаў, але збольшага арыштоўвалі проста людзей на мітынгах, якія ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйснялі. Гэта студэнты ў асноўным, грамадскія актывісты, не баевікі, ясная права. Але ўладзе трэба давесці грамадству, што масавыя беспарадкі — былі. Юрыдычна. І яны пасадзілі ўсіх арыштаваных ў СІЗА і пачалі іх “ламаць” з умовай: ці ты прызнаеш сваю віну і падпісвае адпаведны дакумент — ці ты сядзіш.
 
 
— А ў чым ім трэба прызнаць сваю віну?
 
 
— У арганізацыі масавых беспарадкаў. І пры падпісанні — цябе выпускаюць. І ты плаціш штраф 100 даляраў. Але на табе вісіць угалоўны артыкул. Але да цябе нібыта не прымяняюць ніякіх санкцый… І ты сыходзіш. Альбо — цябе “марынуюць”. Усе, хто сябе абылгаў і падпісаў, усіх адпусцілі. Практычна ўсе падпісваюць. І тады ва ўлады ёсць козыры: ёсць вінаватыя. А нашы — не Дзындзя, не Смалій не падпісваюць, канечне. І цалкам адмаўляюць сваю віну.
 
 

“МНЕ СКАЗАЛІ, ШТО Я — НАСТУПНЫ…”

 
 
— Якім чынам вы апынуліся ў Варшаве?
 
 
— Я атрымаў інфармацыю, што буду трэцім… арыштаваным.
 
 
— Дзындзя, адвакат…
 
 
— І потым я. Мы за суткі да затрымання Смалія размаўлялі з ім па скайпу (затрымалі яго 9-га, размаўлялі мы з ім 8-га вечарам). Я спапярэдзіў яго: “Віця, хутчэй за ўсё цябе затрымаюць. Завялі крымінальную справу…” Не было фактаў, але паколькі мы ўсе жывем ва Украіне і ведаем, як гэта тут бывае, то рыхтаваліся да горшага. Ён адказаў, што ён застанецца ва Украіне, хаця яму і прапанавалі некалькі амбасадаў схавацца ў іх. Сказаў, што будзе змагацца на месцы. Я сказаў, што гэта небяспечна, што я з’язджаю… 9-га яго затрымалі. І 10-га вечарам я атрымаў ад інфарматараў, якія мяне папярэдзілі і пра Смалія, звесткі, што на мяне таксама рыхтуюцца дакументы на арышт…
 
 
— У вас свае людзі ў органах?
 
 
— Ну як свае… Інфарматары. Многія спачуваюць і падтрымліваюць, таму зліваюць нам інфармацыю. Я адразу купіў першы білет на аўтобус на тэрыторыю ЕС — і з’ехаў. Дзякуй Богу, быў шэнген. Так атрымалася, што першымі білетамі з вольнымі месцамі — былі білеты на Варшаву…
 
 
— Уражанне, што вы ўжо надзвычай спрактыкаваны ў справе пераследаў… А колькі вам гадоў, Расціслаў?
 
 
— 27. Ужо 5 гадоў мы займаеся Дарожным кантролем. Наша арганізацыя ўзнікла ў 2008 годзе яшчэ за часам Юшчанкі. Яцэнюк, цяперашні апазіцыянер, тады ўзначальваў Вярхоўную Раду, Луцэнка — Міністэрства ўнутраных справаў, а Цімашэнка — была прэм'ерам. Мы змагаліся з іх маразмам у дачыненні да кіроўцаў. Таму ў нейкім сэнсе дзякуючы ім з’явіўся Дарожны кантроль.
 
 
— А што тады адбывалася?
 
 
— Вярхоўная Рада кіравала працэсам і рашэннем пра тое, каб павялічыць у 10–20 разоў штрафы для кіроўцаў. Такі рэзкі скачок! Пры тым што пачаўся эканамічны крызіс (даляр быў 4.50, а стаў 8). У людзей грошай не было. Плюс супрацоўнікам ДАІ далі права самастойна (без пратакола) на дарозе вырашаць — вінаваты чалавек ці не, што пацягнула за сабой і карупцыю, і хабары па ўсёй краіне. І супрацоўнікам ДАІ проста сарвала дах праз такія грошы. Яны былі гатовыя маці родную прадаць за рубель. А тут такія грошы! Гэта людзі без сумлення. Мяне гэта абазліла. І я як журналіст, як кіроўца стварыў свой праект. Так яно і закруцілася.
 
 
— Ці вялікай папулярнасцю карыстаецца ваш праект цяпер? Якія ў вас наведванні?
 
 
— У сярэднім 20–30 тысяч чалавек у дзень. У залежнасці ад публікацый. Сёння прыкладам 40 000, пад канец дня, думаю, будзе 50 000. Колькасць наведнікаў відавочна расце… Пачыналі мы са 100 чалавек. Да таго ж цяпер усе украінскія і шматлікія замежных СМІ пішуць пра нас, прыкладам, каля 500 выступаў на тэлебачанні можна налічыць толькі за апошні час. Каля 90% рэзанансных сюжэтаў — пакушэнні, пагрозы, хабары — на тэлебачанні пра ДАІ — гэта нашы матэрыялы.
 
 
— Кім спансуецца ваша арганізацыя, калі ў яе такі рэсурс?
 
 
— Па сутнасці, гэта адна з нешматлікіх ва Украіне арганізацый, якая нікім не спансуецца. Зарабляем грошы на жыццё мы на сваіх іншых работах — у асноўных журналісцкіх. Мы сапраўды зацікаўленыя ў тым, каб папросту рабіць справу.
 
 

“МЫ НЕ ПАДТРЫМЛІВАЕМ ПАЛІТЫЧНУЮ АПАЗІЦЫЮ”

 
 
— Цяпер, калі афіцыйная ўлада, змагаючыся з якой вы стварылі сваю арганізацыю, таксама сышла ў апазіцыю… Вы апынуліся па адзін бок барыкады?
 
 
— Не. Мы не падтрымліваем палітычную апазіцыю. З палітычнай апазіцыяй — нам не па дарозе. Мы падтрымліваем людзей. На Майдан перадусім выйшлі не палітыкі, а людзі.
 
 
— Клічко, Яцанюк…
 
 
— Не, мы з імі не супрацоўнічаем. Некаторыя дэпутаты прыходзяць падтрымліваць нас у судзе па сваёй прыватнай ініцыятыве. Мы іх пра гэта не просім ніколі. Гэта іх гармадзянская пазіцыя. А Дарожны кантроль — гэта самастойная сіла, яна не пад кім не ляжыць.
 
 
— Якія патрабаванні да ўлады вы выстаўляеце?
 
 
— Па адукацыі я юрыст. Бакалаўр правазнаўства, цяпер магістратутуру заканчваю. Год займаўся юрыдычнай практыкай. Я бачу, наколькі на сённяшні дзень знішчаная праваахоўная сістэма ў нашай краіне. Немагчыма даказаць сваю правату. Яшчэ пару гадоў таму гэта было больш-менш рэальна. І тады мы выйгравалі масу судоў, дзесяткі судоў. Асабіста я выйграваў пазовы супраць Генеральнай пракуратуры, супраць Дэпартамента ДАІ, супраць Вярхоўнай Рады Украіны, супраць кабінета міністраў, плюс бясконцая колькасць — пракуроры розных узроўняў… Выйграваў суды супраць усіх, каго толькі можна. І ўсе гэтыя перамогі мелі розгалас і ў СМІ. Я хачу сумленных выбараў папросту, каб сапраўды людзі выбіралі…
 
 

“ЯНЫ АТРЫМЛІВАЛІ АСАЛОДУ, КАЛЕЧАЧЫ ДЗЯЎЧЫНАК”

 
 
— Вы дапамагалі Майдану… Якой была была першапрычына ваша выхаду туды?
 
 
— Тыя здзекі, якія чыняць суды, пракуратура і міліцыя, проста ўсіх дасталі, а нас — найболей, бо мы ў гэтым варымся гадамі… І людзі самі разумеюць, што ў нас міліцыя — гэта садысты, хворыя людзі… Як яны збілі гэтых рабятаў…
 
 
— Вы маеце на ўвазе першы разгон Майдану “Беркутам”…
 
 
— Так. 30 лістапада. Гэтыя ж людзі не выконвалі загад, Вы зразумейце, яны атрымлівалі задавальненне, асалоду… Яны самі пра тое пісалі ў сеціве. Яны атрымлівалі асалоду, калечачы маладых дзяўчынак і хлопцаў, а ім тое было ў кайф! Гэта ж толькі садысты з маніякальнымі схільнасцямі могуць так разважаць. У асноўным яны ўсе алкашы…
 
 
— Вы ўсіх так пад адну грабёнку?
 
 
— Практычна ўсе.
 
 
— Афіцыйным патрабаваннем Еўрамайдану лічылася…
 
 
— Падпісанне дамовы з Еўрасаюзам. Мне ад гэтага ні халодна, ні горача. Галоўная задача — спыніць бандытызм у краіне. Калі ён спыніцца, калі перастануць забіваць, саджаць людзей, тады мы зможам пабудаваць нармальную краіну. А потым ужо далучацца да ЕС, да ЗША, да Афрыкі. Не істотна.
 
 
— А хто павінен змяняць? Атрымліваецца, вы супраць дзейснай улады, і супраць апазіцыі…
 
 
— Мы не супраць апазіцыі. Мы не на баку апазіцыі. Сутнасць у тым, што пры ўсіх плюсах і мінусах апазіцыі — ва ўсялякім разе гэта не тыя людзі, якія ў камерах будуць калечыць і катаваць людзей. А Януковіч — катуе людзей.
 
 
— Вы хочаце вярнуць тое, што было?
 
 
— Не, мы хочам прыбраць Януковіча, правесці свабодныя выбары — і няхай людзі, украінцы, самі абяруць сваю ўладу. Вось якую ўладу яны абяруць — за яе яны і будуць несці адказнасць. Але выбары мусяць прайсці без фальсіфікацый. Але калі не будзе міжнародных наглядальнікаў і зменаў унутры — Януковіч выграе з перавагай 90%.
 
 
— А гэтыя выбары, як на вас, былі катэгарычна сфальсіфікаваныя?
 
 
— У нас такая сітуацыя… Напрыклад, у Цімашэнкі і Януковіча быў прыкладна аднолькавы рэйтынг 50 на 50. Але выйграюць на далях працэнта. Але гэтыя паўадсоткі вельмі лёгка сфальсіфікаваць. Як і 2–3%. Таму ў кандыдата, які будзе супраць Януковіча, мусіць быць такі высокі рэйтынг, які б і з фальсіфікацыямі немагчыма было б перабіць. У гэтым праблема.
 
 

“МАЙДАН — ГЭТА Я…”

 
 
— А вы самі ночылі на Майдане?
 
 
— Ды Майдан — гэта я, можна сказаць. Мы ж сваімі рукамі і людзьмі яго стваралі. Я бываў там да 4–5 раніцы, потым ехаў дамоў спаць.
 
 
— Хто рэальна цяпер кіруе Майданам?
 
 
— На сённяшні дзень не магу сказаць, бо цяпер я тут, у Варшаве. Але тады, калі быў я, гэта былі проста людзі. Ведаеце, па званку: “Пеця, Вася, хадзем на Майдан!” Хадзем!
 
 
— То бок, гэта ініцыятыва на месцы, выключна самаарганізацыя?..
 
 
— Так, спачатку гэта было 200 чалавек, потым, пасля першага разгону — 300, 400… І ўсё больш, больш. Мы ўсе адзін аднаго клікалі — і так Майдан рос.
 
 
— Кажуць, што Майдан — гэта збольшага Заходняя Україна…
 
 
— Палова Майдану — гэта кіяўляне. Астанія, прыкладна, 30% — Заходняя Україна, 10% — Цэнтральная, 5% — Усходняя… А чаму бальшыня кіяўляне я патлумачу. Многія гэтага не ведаюць. Уся справа ў інфармацыі. Па статыстыцы, 60% усіх карыстальнікаў сеціва ва Украіне знаходзяцца ў Кіеве. Усе астатнія адсоткі — расікданыя па рэгіёнах. Тэлебачанне належыць ўладзе…
 
 
— Знаёмая сітуацыя…
 
 
— Вось, і тая карцінка ў ТБ, якую паказваюць, яна зманная. А праўда — яна ў сеціве. То бок, хто мае доступ да інтэрнэту, той ведае праўду — бяжыць на вуліцу, на Плошчу. Хто не мае — сядзіць зазамбавана дома і верыць афіцыйнаму тэлебачанню, знаходзячыся па сутнасці ў інфармацыйным вакууме.
 
 
— Неафіцыйным сімвалам Майдану, прынамсі ў сеціве, з’яўляецца спявачка Руслана… А хто для вас сімвалізуе Майдан?
 
 
— Я лічу гэта яе грамадзянскім ўчынкам. Так, яна прыходзіла і па начах давала канцэрты, калі было вельмі цяжка стаяць, халодна, утрымлівала людзей, калі іх было яшчэ мала, пару соцен, тады такая падтрымка сапраўды была істотнай, яна нават сарвала голас… Але і Акіян Эльзы, і Руслана раней займаліся палітыкай, яна былы дэпутаты Нашай Украіны, партыі Юшчанка. Гэта трэба разумець. Але цяпер, як на мяне, гэта грамадзянскі ўчынак.
 
 
— Ці адчуваеце вы падтрымку беларусаў?
 
 
— Я чуў, што былі праведзеныя нейкія сумесныя акцыі… Але я з імі не кантактаваў.
 
 
— А ці нейкія міжнародныя арганізацыі аказалі вам падтрымку?
 
 
— Ніхто нічога не дапамагаў. Толькі калі я прыехаў у Варшаву, Саюз польскіх журналістаў — дзякуй ім вялікі! — далі прытулак, далі магчымасць выступіць у СМІ, і цяпер спрабуюць максімальна даць ход нашай тэме. І нават падзякавалі, маўляў, калі б не Вы, мы б і не ведалі, што такое адбываецца, бо Масква блакуе гэткую інфармацыю, не дае, а асноўная інфармацыя ідзе акурат па-ўкраінску. А цяпер гэта вельмі важна, бо пакуль ідзе Майдан — забіваюць, саджаюць, запалохваюць людзей, якія спрабуюць высунуцца і падтрымаць яго. Калі б не гэтыя людзі, не мы — нічога не было б. Бо мы прапускалі дровы, кухню, людзей на плошчу. Калі б не гэта — не было б пачатку. І не пайшла б далейшая ланцужковая рэакцыя. І спынілася б усё яшчэ тады. А цяпер тых, хто гэта стварыў, забіваюць.
 
 
— Як вашы бацькі ставяцца да вашай дзейнасці?
 
 
— Нармалёва. Яны перажываюць, але разумеюць. Я 5 гадоў займаюся гэтай небяспечнай працай. Мяне ўжо і забівалі…
 
 

“КАЛІ ЯГО ЗАБІВАЛІ — ЁН ПРАЦЯГВАЎ ТРЫМАЦЬ КАМЕРУ”

 
— Вас спрабавалі забіць?
 
 
— 24 сакавіка 2012 года ў 10.45 раніцы я выйшаў з пад’езду, мяне схапілі, запхалі ў джып, моцна збілі, было рассячэнне павека, шчакі… Надзелі палетыленавы пакет на галаву, пачалі душыць. Я ледзь канькі не адкінуў, пачаў задыхацца. Усё было заліта крывёй. Плюс і дыхаць было няма чым.
 
 
— Было страшна?
 
 
— Не страшныя былі тыя пабоі. Калі цябе б’юць — гэта ўсё загоіцца, гэта ўсё я вытрымаю. І ўдары, і ўсё астатняе. Хаця яны сапраўды былі сур’ёзныя. Бо наносіліся такія моцныя ўдары кулакамі па галаве, што я атрымаў сатрасенне мазгоў сярэдняй цяжкасці. Ляжаў у каматозе. Але гэта не самае страшнае. Самае страшнае, калі цябе вязуць з палетыленавым пакетам на галаве ў лес… І ты думаеш: ну ўсё, дажыў, зараз будуць забіваць..
 
 
Фота http://roadcontrol.org.ua
 
Мяне везлі 10 хвілін на машыне, нават 8 — з пакетам. Я спытаўся, у чым прычына? Мне сказалі, што: “Мы проста выконваем замову”. Я пачаў пракручваць у галаве, што будзе далей. У думках развітаўся ўжо з жыццём, бо вырашыў, што мяне кокнуць. Мяне выцягнулі з аўтамабіля, перад тым забралі мабільныя тэлефоны, торба з відэакамерай і дыктафонам застался ў іх машыне. Але на мне застаўся залаты ланцужок, які нікога не цікавіў. Забралі менавіта сродкі сувязі. Відавочна, абрабаванне не было іх мэтай. Мяне паклалі тварам на зямлю ў лесе. Я ляжаў і думаў: “ Зараз цюкнуць па карку якой-небудзь бітай ці лапай, б…, і ўсё, кірдык мне…”.
 
 
Але мяне проста пачалі моцна збіваць нагамі — да непрытомнасці. І збеглі. Праз некаторы час мяне знайшлі людзі. Калі яны збеглі і я апрытомнеў, перавярнуўся на спіну — тады адчуў самае вялікае шчасце ў жыцці! Нягледзячы на тое, што фізічна я быў практычна знішчаны. Мне было вельмі прыемна, што я застаўся жывы… Мне было вельмі прыемна пажыць яшчэ крыху! Мяне даставілі ў шпіталь, памылі, паставілі на целе лапікі, падшылі. Пару тыдняў я не мог хадзіць праз боль у спіне, потым зноў расхадзіўся. Натуральна, нікога не знайшлі… Думаю, мяне “заказала” кіраўніцтва ДАІ. І ведаеце, я знайшоў спосаб, каб захаваць фотаздымкі з месца падзей…
 
 
Фота http://roadcontrol.org.ua
 
— Нават у такі момант у вас спрацавала журналісцкае мысленне…
 
 
— Я разумеў, што нават, калі я адкіну капыты, самае галоўнае, каб засталіся кадры, сведчанні. Каб нават пасля маёй смерці – быў рэзананс, каб людзі ведалі, што адбываецца, якое беззаконне… Так, гэта пра мяне: калі яго забівалі — ён працягваў трымаць камеру.
 
 
— Але тое, што вас ледзь не забілі, не спыніла вашу дзейнасць…
 
 
— Мяне гэта толькі раззлавала… Я ненавіджу мусароў! І для іх будзе самым вялікім шчасцем, калі я спалохаюся, калі пакажу, што мне страшна. І нават хаця б дзеля гэтага — я не спынюся. Мне не страшна. Ідзіце вы на хер! Усё адно будзем вас рваць!
 
 
roadcontrol.org.ua — афіцыйны сайт Дарожнага кантролю.
youtube.com/roadcontrol — відэаканал Дарожнага кантролю на сэрвісе відэахостынгу YouTube.

Абмеркаванне:

  • Z
  • 2013-12-24 20:09:18
Cмела... Дзякуй!
  • Ulad
  • 2013-12-24 20:15:20
І нават хаця б дзеля гэтага – я не спынюся. Мне не страшна. Ідзіце вы на хер! Усё адно будзем вас рваць!

+100!
  • Будзімір
  • 2013-12-24 20:28:56
Хай сорамна будзе тым, хто сцвярджаў, што ўкраінцы, маўляў, выраслі ў аранжарэйных умовах, яны проста непалоханыя і нябітыя, таму такія смелыя.

Каментаваць