Украінскія журналісты бачаць сваю сілу ў разнастайнасці і сіле духу

Няроўныя ўмовы працы для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, пераслед журналістаў за іншадумства, манаполія дзяржавы на тэлебачанне, перашкоды ў доступе да інфармацыі ды шэраг іншых фактараў амаль максімальна вычысцілі медыйнае поле ад непажаданых СМІ.



Украіна ў плане разнастайнасці медыя прыемна ўражвае — шапікі поўныя газет і часопісаў рознай тэматыкі-арыентацыі, тэлебачанне прапануе гледачу каналы з альтэрнатыўнымі поглядамі. Ці ёсць заслуга саміх журналістаў у больш ліберальных умовах працы, пра гэта журналістцы НЧ Вользе Хвоін распавядае кіраўнік незалежнага медыя-прафсаюзу Украіны Юрый ЛУКАНАЎ.

— Кажуць, медыяпрастора Украіны рухаецца ў бок беларускага ўзору, які абсалютна не ёсць добрым прыкладам. Ці згодныя вы з такім меркаваннем?

— Канешне, тэндэнцыя ёсць, але не ўсё так сумна, як малюецца. Пры Кучму цэнзура мела фармальную праяву: адміністрацыя прэзідэнта рассылала «цемнікі», у якіх было прапісана, пра што і як трэба пісаць, каго запрашаць у эфір. Гэта прывяло да журналісцкай рэвалюцыі, якая папярэднічала «памаранчавай» рэвалюцыі. Цяпер жа Кучма ўстанавіў кантроль над усімі галінамі ўлады, пабудаваў вертыкаль, якая працуе на «сям’ю» Януковіча. Ён мае магчымасці «зачмурыць» любога алігарха, адпаведна, нашы алігархі зацікаўленыя ў тым, каб сябраваць з прэзідэнтам. А паколькі большасць СМІ належаць алігархам, то яны не імкнуцца раздражняць Януковіча. Прамой цэнзуры цяпер фактычна няма, хаця адзінкавыя выпадкі ўсё ж былі. Ёсць самацэнзура.

Нядаўна быў выпадак у інфармацыйным агенцтве УНІАН — аштрафавалі журналіста, які паставіў навіну пра Януковіча, што не спадабалася кіраўніцтву. Тым не менш ва Украіне ёсць нейкі настрой, дух — ёсць людзі, якія нязгодныя з такім раскладам спраў і імкнуцца супрацьстаяць гэтаму. Свежы прыклад: нядаўна спрабавалі ўнесці папраўку ў Крымінальны кодэкс, што прадугледжвае пакаранне за паклёп. Сесці можна было б ад трох да пяці гадоў. Журналісты выйшлі на акцыі пратэсту, многа газет, тэлеканалаў распаўсюдзілі адпаведныя банэры, і ўлады былі вымушаныя адклікаць прапанаваныя папраўкі. Ва ўмовах, калі суды працуюць паводле ўказання з Банкавай (вуліца, дзе знаходзіцца адміністрацыя прэзідэнта — аўт.) гэта было б добрай магчымасцю распраўляцца з тымі, хто займаецца журналісцкімі расследаваннямі.

— Ці ёсць прыклады, калі судовы іск да журналіста завяршаўся перамогай журналіста, а не яго абвінавачваннем? Ці можна работнікам медыясферы праз суд адстаяць свае правы?

— Былі выпадкі, калі суды станавіліся на бок журналістаў, выданняў. Канешне, судовая ўлада ў нас падпарадкаваная прэзідэнту. І калі ёсць указанне з Банкавай, то выканаюць, і нікуды не дзенуцца. Але суддзі разумеюць, што робяць. Раней яны рабілі гэта за грошы, а цяпер ёсць хіба што адміністрацыйны ціск. І суддзі думаюць, калі няма прамога загаду, няма ўзнагароды, то навошта ім гэта трэба, бо потым яшчэ за такія рашэнні іх жа «шчэмяць»? І таму зацягваюць вынясенне вердыктаў на некалькі гадоў. У нас не ўсё так глуха, як у вас. Няма такога кантролю і Савецкага Саюза. Ёсць нейкая барацьба апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, хай сабе і слабай.

— Ці ёсць у вас прагнозы, што Украіна дагоніць Беларусь у рэгуліроўцы працы СМІ?

— Лукашэнка пачаў фарміраваць сваю сістэму, калі кланы яшчэ не склаліся. Януковіч у нас на той час быў «развадзяшчым», пасярэднікам. Алігархічная сістэма — не маналітная. Цяпер з’яўляецца інфармацыя, што ёсць незадаволеныя Януковічам, бо ён забірае іх бізнэс. Паміж кланамі існуе канкурэнцыя, ёсць яна і паміж «сям’ёй» Януковіча і кланамі, свой унёсак робяць апазіцыя і грамадзянская супольнасць. Таму не думаю, што мы паўторым беларускую мадэль.

Нядаўна праводзілася сацыялагічнае даследаванне, якое паказала, што СМІ ў грамадзян займаюць другое месца па ўзроўні даверу. Мяркую, старэйшае пакаленне па звычцы давярае СМІ. Яшчэ адзін бок справы: калі б усе медыі былі кантралюемыя, то і ўзровень даверу быў бы да іх нізкім. Але наш журналісцкі асяродак неаднародны, журналісты працягваюць змагацца. Гэта ўплывае на меркаванне аўдыторыі.

Даведка:

Юрый Луканаў, журналіст, займаецца расследаваннямі. Па яго словах, дзякуючы гэтым расследаванням былі выпадкі, калі з людзей здымалі крымінальныя абвінавачванні. Кіраўнік Незалежнага медыяпрафсаюзу Украіны.

Пра рашучасць настрояў украінскіх журналіста рабіць крокі, якія б спрыялі іх працы і задачы даносіць усебаковую інфармацыю да аўдыторыі, сведчыць выказванне выканаўчага дырэктара Інстытута масавай інфармацыі Вікторыі СЮМАР пасля нядаўніх парламенцкіх выбараў.

— Не ўсе палітычныя сілы мелі роўны доступ да СМІ. Мы мелі справу ў тым ліку і з «джынсой», выпадкамі платы тэлеканалам, каб мець магчымасць патрапіць у эфір. Цягам апошняга месяца атрымалася падаць крытыку на тэлеканалах, але да апошняга ішлі сюжэты пра Януковіча па нацыянальных тэлеканалах у пазітыўным ключы. Вядома, што прысутнасць тых ці іншых палітычных сілаў у СМІ, як правіла, карэлюецца з вынікамі выбараў. А мы акурат уступаем у фазу падрыхтоўкі да наступнай прэзідэнцкай кампаніі. Таму заданне №1 для грамадскіх арганізацый — стварыць у краіне рэальна незалежны тэлеканал, які б дазволіў правесці ў час прэзідэнцкай кампаніі незалежную палітычную дыскусію. Мусіць быць змена ў законе аб выбарах, якая робіць абавязковымі палітычныя дэбаты, каб выбарца меў магчымасць азнаёміцца з падставовымі, праграмнымі тэзамі кандыдата.

Каментаваць