Улада разлічвае на новую дамову з народам

Чарговы ўсебеларускі сход патрэбны ўладзе, каб атрымаць яшчэ адзін мандат усёдазволенасці на чарговы пяцігадовы тэрмін. Пытанне ў тым, як яна ім скарыстаецца?

 

Абяцаны пяты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 22–23 чэрвеня. Папярэдні, па традыцыі, збіраўся ў 2010 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі, каб умацаваць пазіцыі дзейнага кіраўніка Беларусі. Але чаму цяперашні сход праводзіцца тады, калі «элегантная перамога» ўжо адбылася і «ўнікальнай беларускай мадэлі» нічога не пагражае?

 

«Вось ужо 20 гадоў, кожныя пяць гадоў, мы з сябрамі…»

 

У канстытуцыі такі орган, як Усебеларускі сход, наогул не згадваецца. Але магчымасць склікання «рэспубліканскага сходу» замацаваная ў Законе «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». У адпаведнасці з ім, рашэнні прымае простая большасць адкрытым галасаваннем. Выніковая рэзалюцыя накіроўваецца кіраўніку дзяржавы, які прымае рашэнне па пытаннях, што ўваходзяць непасрэдна ў яго кампетэнцыю.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №164 «Аб скліканні пятага Усебеларускага народнага сходу» 3 мая. Прэс-служба правадыра паспяшалася паведаміць, што «рашэнне аб правядзенні пятага Усебеларускага народнага сходу кіраўнік дзяржавы прыняў у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця». Паводле той жа версіі, на абмеркаванне будуць вынесеныя пытанні пра вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады і пра асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016–2020 гады.


Усе папярэднія сходы традыцыйна праходзілі перад прэзідэнцкімі выбарамі, робячыся грандыёзнай прапагандысцкай акцыяй. Зараз жа выбары кіраўніка краіны ўжо не актуальныя, наперадзе больш за чатыры гады спакойнага кіравання, адносіны з Еўропай роўныя, апазіцыя слабая, радыкальных эканамічных рэформаў не прадбачыцца, пра што было выразна сказана ў красавіцкім пасланні. Дзеля чаго сход збіраць?

 

Памяняць грамадскую дамову

 

Аналітыкі кажуць пра сход як пра прапагандысцкую акцыю, сенсацый ад якой чакаць не варта. Аднак ёсць думка, што якраз цяперашні — пяты — Усебеларускі народны сход будзе напоўнены глыбокім сэнсам. Без жартаў. У гэтым плане з ім, пэўна, зможа параўнацца толькі другі сход (2001 года). Чаму? Калі ўзгадаць, як усё было тады, пачытаць матэрыялы першых трох сходаў (1996-га, 2001-га, 2006-га), то становіцца зразумелым: менавіта ў 2001 годзе была «ратыфікаваная» агучаная ў 1999-м і дзейсная амаль паўтара дзясяткі гадоў грамадская дамова. Тая самая «чарка і шкварка», сутнасць якой у тым, што ўлада забяспечвае электарату нейкі мінімум дабрабыту («чарка, шкварка, іншамарка»), а ў адказ грамадзяне краіны не цікавяцца палітыкай. 


Пасыл быў просты: «Уладу не трэба нават дэманстратыўна падтрымліваць, для гэтага ёсць адмыслова арганізаваныя людзі. Проста заставайцеся ўбаку ад палітыкі — і будзеце сытымі».

 

У поўнай ступені выкарыстоўваючы эканамічную добразычлівасць Расіі, дзяржава па ўсёй беларускай сацыяльнай пірамідзе аднавіла савецкую размеркавальную мадэль. Інакш кажучы, улада замкнула на сабе рэнтныя плыні — і часткова накіравала іх на задавальненне запытаў грамадства («усім па $500»). Плаціць грамадству за гэта давялося тым, што было на гады затрыманае развіццё гарызантальных сацыяльных сувязяў — з апорай на механізм рэпутацый, давер унутры сацыяльных груп і паміж імі, прыватную дабрачыннасць, валанцёрства і г. д. Развіццё недзяржаўных механізмаў рашэння праблем у розных сферах — ад пошуку зніклых людзей да дапамогі дзецям і старым — замарудзілася. Калі грамадства нарэшце пачало спраўляцца з цяжкасцямі самаарганізацыі, такім праектам давялося ўбудоўвацца ў палітычную сістэму, у якой не было паветра.

Але ў 2014 годзе пакрысе пачалося разуменне: «чарка і шкварка» як грамадская дамова канчаткова спарахнела. Ранейшая рэсурсавая падтрымка з боку Расіі спынілася, а расійскі рынак для беларускіх тавараў «здзьмуўся». Пры гэтым у самой Расіі грамадскую дамову (трохі іншую, але падобную) Крэмль аператыўна «перападпісаў». Там з вясны 2014-га дзяржава прапаноўвае ў абмен на лаяльнасць ужо не рост дабрабыту, а адчуванне прыналежнасці да «ўстаючай з каленяў вялікай дзяржавы». Гэта настолькі моцная эмоцыя, што ў адказ дзяржава зараз патрабуе ад насельніцтва Расіі не толькі лаяльнасці, але і гатоўнасці да самаабмежавання.

Беларускія ўлады да апошняга моманту не жадалі перапісваць грамадскую дамову. Змушаная спроба была зробленая падчас прэзідэнцкіх выбараў, калі на змену лозунгам аб «квітнеючай Беларусі» (якія выклікалі толькі журботны смех) прыйшлі развагі на тэму «добра, што няма вайны» (сапраўды актуальныя на фоне ўкраінскіх падзей). Але тады справу да канца не давялі — і, пераабраўшыся, Лукашэнка працягнуў разважаць аб тым, што існуючая мадэль добрая, толькі патрабуецца яе «далейшае ўдасканаленне».

 

З чым пагодзіцца грамадства?

 

Каб канчаткова ўсталяваць новую грамадскую дамову, уласна, і збіраецца пяты Усебеларускі народны сход. Але ў якой форме ўсё гэта пачуе цяперашняя тусоўка даярак, чыноўнікаў і ветэранаў працы?

Найперш кіраўніку Беларусі давядзецца «з цяжкім сэрцам прызнаць», што ў эканоміцы ўсё дрэнна. На самай справе, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) пагоршыў прагноз падзення ВУП Беларусі на бягучы год, і абяцае нашай краіне працяг рэцэсіі. Іншыя фінансавыя структуры гэты прагноз таксама пацвярджаюць.

 

Зразумела, што мы пачуем знаёмыя выказванні ў стылі «мы не вінаватыя», «у свеце ўсё дрэнна», «Расія нас крыўдзіць», «трэба зацягнуць паясы і працаваць-працаваць-працаваць», «затое дзяржава вам забяспечыць мірнае неба над галавой». 


Дзве апошнія сентэнцыі — гэта і ёсць фармулёўка новай грамадскай дамовы: «Грамадзяне зацягваюць паясы і працуюць, улада захоўвае мір у краіне. Інакш і апошняе страціце».

 

Але ёсць і іншы, менш верагодны варыянт. Сутнасцю новай грамадскай дамовы можа стаць трансфармацыя цяперашняга дзяржкапіталізму ў канкурэнтную эканоміку ў межах аўтарытарнага рэжыму. Яе пабудова запатрабуе, па-першае, маштабнай і збольшага прымусовай прыватызацыі, вынікам якой стане не столькі папаўненне казны, колькі пераход актываў у рукі правераных і абраных прадстаўнікоў партыі ўлады. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы паспрабуе павялічыць колькасць не звязаных паміж сабой груп уласнікаў, не забываючы надзяляць выгодамі рэгіянальныя эліты. Правіла простае: той, хто фактычна кантралюе нейкі актыў, у абавязковым парадку выкупляе яго ў дзяржавы з усімі абцяжарваннямі — або губляе кантроль.

 

Такі падыход дазволіць павялічыць колькасць эканамічных гульцоў першага эшалона прынамсі на парадак. Замест дзясяткаў «сяброў» павінны будуць з’явіцца сотні постацяў меншага маштабу — каб ніводная з іх не мела ані наўпроставага «доступу да цела», ані вагі, дастатковай для эканамічнага шантажу. Сярод гульцоў-уласнікаў, колькасць якіх рэзка ўзрасце, давядзецца падтрымліваць жорсткую канкурэнцыю. Усё гэта будзе суправаджацца амаладжэннем кадравага складу ўлады, найперш у рэгіёнах, з захаваннем поўнай пераемнасці адносін па вертыкалі, а таксама поўнай лаяльнасці.

 

Па шляху Азербайджана

 

Дзеючая ўлада патэнцыйна гатовая да рэалізацыі такога праекту, паколькі ён захавае і ўмацуе яе выключнае становішча і забяспечыць перадачу ўлады па прыкладзе азербайджанскай сям’і Аліевых. Унутраная канкурэнцыя не выкліча пратэсту, паколькі ёй будзе папярэднічаць прыватызацыя дзяржактываў. У выніку першая асоба і вертыкаль выканаўчай улады, захоўваючы за сабой поўную свабоду дзеянняў па кантролі, прадстаўленні і канфіскацыі ўласнасці, атрымліваюць самарэгулюючую канкурэнтную сістэму. У гэтай сістэме новыя ўласнікі забяспечваюць эфектыўнасць эканомікі і прыносяць прыбытак, але пры гэтым усведамляюць залежнасць свайго статусу як ад эфектыўнасці, так і ад лаяльнасці. А значыць, клопат пра захаванне лаяльнасці электарату кладзецца ўжо на іх плечы.

 

Аднак, якім бы ні апынулася тое, што будзе агучана 22–23 чэрвеня ў Мінску, трэба памятаць: любая грамадская дамова дзейнічае роўна да таго часу, пакуль не з’явіўся новы гулец, здольны прапанаваць грамадству кантракт, які задавальняе яго ў большай ступені. 

Каментаваць