Уладам патрэбны іншы народ?

У беларускім фінансавым сектары здарылася знакавая і эпахальная падзея. Чацвёртага лістапада апошні дзяржбанк — «Парытэтбанк» — спыніў выдачу крэдытаў на набыццё жылля. Зараз такія крэдыты выдае толькі камерцыйны «Франсабанк». Эксперты ў адзін голас кажуць: гэта праблемы банкаўскай сістэмы, а, магчыма, і знак хуткай дэвальвацыі.



Фота belta.by


Зразумела, банкіры больш за ўсіх ведаюць, што нас чакае ў хуткім часе, а буйныя крэдыты, асабліва на набыццё жылля, заўсёды былі прадметам нейкай «махінацыі» ва ўмовах няўстойлівасці эканамічна-фінансавай сістэмы Беларусі. Спыненне выдачы крэдытаў на жыллё — знак таго, што ў нас не ўсё ў парадку з фінансамі, і недзе хутка будзе горш.

Напрыклад, эканаміст Леанід Заіка адзначае, што ў сучасных умовах крэдыт на набыццё жылля — на 90% спекулятыўная здзелка. «Чалавек мяркуе, што ён возьме 100 мільёнаў, купіць сабе кватэру і будзе чакаць, пакуль рубель абрынецца. Такое ўжо было ў 2009 і ў 2011 гадах. Я ведаю бізнэсоўцаў, якія бралі крэдыты на дарагія машыны, куплялі іх, а праз тры-чатыры месяцы адбываўся абвал, і 80 мільёнаў, якія былі ўзятыя, ператварыліся з 20 тысяч долараў, скажам, у 10. Нават самі банкіры бралі такія крэдыты», — адзначыў Заіка.

Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір адзначае, што ў банкаўскім сектары эканомікі ўзніклі вялікія праблемы. «Рашэнне банкаў тлумачыцца агульнай фінансавай сітуацыяй, і як доўга гэта працягнецца, сказаць немагчыма. Усё будзе залежаць ад таго, як будзе паводзіць сябе Расія і Міжнародны валютны фонд, ці будуць яны далей падтрымліваць Беларусь. Аднак галоўная прычына крызісу — у незбалансаванасці знешняга гандлю. Улады не могуць экспартам расплаціцца за імпарт энерганосьбітаў, нягледзячы на іх нізкія цэны. Калі гэта не будзе зроблена, то мы і далей будзем знаходзіцца ў сітуацыі, калі будуць узнікаць такія ж праблемы і працягнецца дэвальвацыя нацыянальнай валюты», — упэўнены ён.

Тыя, хто дбае больш «пра народ», адзначаюць іншы аспект праблемы. Так, кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у заяве з нагоды спынення крэдытавання адзначыў, што «фактычная забарона жыллёвага крэдытавання» несумяшчальная з вырашэннем дэмаграфічнай праблемы. «Усім зразумела, што ўпэўненасць у заўтрашнім дні для маладой сям’і з дзецьмі немагчымая без уласнай кватэры альбо дому. Падобнымі крокамі дзяржава фактычна дэкларуе адмову ад раней агучаных намераў зрабіць падтрымку нараджальнасці важнай задачай дзяржаўнай палітыкі», — лічыць Янукевіч.

Але насамрэч, падаецца, што ўлады збіраюцца проста замяніць «кепскіх беларусаў» на іншы народ. Бо, як высвятляецца, у нас шмат магчымасцяў забяспечыць жыллём каго заўгодна. Пра тое, што ў Мінску ў раёне Лябяжы будуецца «кітайскі квартал», усе ўжо ведаюць. А значыць, грошы на будоўлю ёсць.

І, дарэчы, ёсць грошы не толькі для кітайцаў. Падчас перамоваў з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у Ашхабадзе 5 лістапада Аляксандр Лукашэнка прапанаваў стварыць у Беларусі «туркменскую выспу» з інтэрнатамі або гасцініцамі для студэнтаў з Туркменістана. «Мы будзем рабіць усё, што пажадае туркменскі бок па стварэнні і развіцці сумесных вытворчасцяў як у Беларусі, так і ў Туркменістане. Сапраўды, вы маеце рацыю, больш, чым туркменскіх студэнтаў, у нас нікога няма. Гэта вельмі добрыя, добрыя хлопцы. Мы вылучым у Мінску самы добры раён, няхай пабудуюць «астравок туркменскай моладзі», якая будзе вучыцца ў ВНУ, на нашых прадпрыемствах, калі мы СП будзем тут ствараць. Дапусцім, вырашылі мы трактар выпусціць тут сумесны... Мы заўсёды запрашаем вашых хлопцаў, яны вучацца на канвееры, у тэхнікумах, а потым прыязджаюць сюды працаваць. Хай бы быў астравок туркменскай зямлі ў Мінску, дзе былі б інтэрнаты, гасцініцы, тое, што вы захочаце», — заявіў Лукашэнка.

Такім чынам, у Беларусі не стае грошай, каб пракрэдытаваць набыццё жылля для ўласных грамадзянаў. Але ў той жа час мы гатовыя забяспечыць жыллём і працай «добрых туркменскіх хлопцаў». Можа быць, беларусам увогуле пакінуць краіну — каб не перашкаджаць Аляксандру Лукашэнку сябраваць з Туркменіяй і дасягаць амбітнай мэты стварэння сумеснага беларуска-туркменскага трактару?

Каментаваць