Улады вызначылі пераможцаў конкурсу эскізных праектаў мемарыялу ў Курапатах

Журы абрала тры эскізныя праекты памятнага знаку (мемарыялу) у Курапатах, паведамляе  «Радыё Свабода».

Мітынг «Дзень памяці пра генацыд» у Курапатах

Пра гэта сёння паведаміў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, піша БелТА.

Паводле дзяржаўнага інфармагенцтва, сёння ў Мінску адбыўся круглы стол, прысвечаны Курапатам. На ім абмеркавалі абраныя журы эскізныя праекты памятнага знака.

Паведамляецца, што ў конкурсе ўдзельнічалі 32 праекты, хоць раней фігуравала лічба 60.

Баразна дадаў, што варыянты маюць патрэбу ў дапрацоўцы, у прыватнасці, з улікам архітэктурнай прывязкі, перспектыў добраўпарадкавання і гэтак далей. Паводле яго, трэба будзе таксама вызначыць дакладнае месца размяшчэння памятнага знаку, каб ён «арганічна ўпісваўся ў існуючы народны мемарыял і ніякім чынам не парушаў яго цэласнасці і ландшафту».

Дапрацаваныя эскізы маюць быць прадстаўленыя журы да 1 ліпеня.

Выявы адабраных праектаў не публікуюцца.

Колькі сабрана на мемарыял

Разам з тым, як паведаміла БелТА начальніца ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Ірына Рахвалава, на мемарыял у Курапатах сабрана 11 786 рублёў. Паводле яе, «усенародны збор сродкаў на добраўпарадкаванне мемарыялу і ўзвядзенне памятнага знаку», які пачаўся ў 2017 годзе, працягваецца.

Заказчыкам стане ФПБ

Паводле БелТА, заказчыкам будаўніцтва мемарыялу плануе стаць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Як паведаміў старшыня ФПБ Міхаіл Орда, у бліжэйшы час яны звернуцца за атрыманнем правоў заказчыка на будаўніцтва мемарыялу.

Фота Марата Гаравога


Пасля таго, як у лютым 2017 году паўстаў кругласутачны лагер абароны Курапатаў супраць будаўніцтва офіснага цэнтру, адбыўся «круглы стол» у газеце «СБ. Беларусь сегодня» пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць». Яго матэрыялы паказалі па БТ.

Праз некаторы час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мемарыяльны комплекс. 24 сакавіка 2017 году Міністэрства культуры абвясціла конкурс эскізаў памятнага знаку «Курапаты».

Ініцыятар удзелу дзяржавы ў мемарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч заявіў, што да мемарыялізацыі Курапатаў на ўсіх этапах маюць быць далучаныя ўсе прадстаўнікі грамадскасці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Узначаліць камісію, якая будзе вызначаць пераможцаў курапацкага конкурсу, было прапанавана лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч. Яна адмовілася, скажаўшы, што гэта мусіць быць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. У сваю чаргу, палітык, які з 1996 году не жыве ў Беларусі, лічыць, што народны мемарыял у Курапатах ужо створаны.

У снежні 2017 году старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў Свабодзе, што ўсе вызначаныя тэрміны для падвядзення вынікаў конкурсу ўжо даўно прайшлі, вынікаў няма. Павал Якубовіч сказаў, што прычын у затрымкі некалькі. Адна з іх — «неабходнасць вызначыць гістарычныя межы мемарыялу, каб не было непаразуменняў накшталт усялякіх будаўніцтваў побач з Курапатамі».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць