Улады не дазволілі пікет у Мінску ў Дзень правоў чалавека

Мінскі гарвыканкам не дазволіў правядзенне на сталічнай плошчы Свабоды пікетавананя  ў Дзень правоў чалавека 10 снежня.
 

Арганізатарамі акцыі выступілі пенсіянеры, ветэраны працы з агульным працоўным стажам 138 гадоў: 64-гадовы Аляксандр Каваленка з Бабруйска (Магілёўская вобласць), 70-гадовы Аляксандр Сафронаў з Наваполацку (Віцебская вобласць) і 74-гадовы Барыс Бабок з Крупак (Мінская вобласць).     

У заяўцы адзначалася, што пікет мусіць прыцягнуць увагу грамадства і дзяржавы да праблемы парушэння чыноўнікамі правоў грамадзян. “Гаворка ідзе пра тое, што на свае скаргі ў дзяржаўныя органы грамадзяне атрымліваюць адпіскі, а не адказы па сутнасці на ўзнятыя пытанні. Такія дзеянні з’яўляюцца парушэннем артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Болей таго, не даючы адказы на ўзнятыя пытанні, чыноўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыпынілі з намі “перапіску, тое ж самае зрабілі і чыноўнікі Вярхоўнага Суду краіны, — гаварылася ў заяўцы.

Пад час акцыі меркавалася выкарыстаць плакаты наступнага зместу: “Чынавенства, годзе дурыць народ і здзекавацца з яго!,“Ашуканцаў народа — да адказнасці!, “Администрация Президента Республики Беларусь — надежная защита беззакония в стране, “Требуем от чиновников выполнения Конституции и законов страны!.

У пікетаванні планаваўся ўдзел грамадзян з усіх рэгіёнаў Беларусі, прычым большасць з іх – жанчыны сталага веку.  

Арганізатары акцыі звярнулі ўвагу сталічных уладаў на тое, што “права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету даецца нам адпаведна з артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі краіны. “Механізм рэалізацыі гэтага права вызначаны  Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь. Мінгарвыканкам, як орган выканаўчай улады, павінен забяспечыць рэалізацыю нашага права на свабоднае выказванне нашага меркавання пад час правядзення пікету, падкрэслівалася ў заяўцы.

Як паведаміў карэспандэнту “НЧ Барыс Бабок, адмова ад 3 снежня падпісана намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Уладзімірам Калтовічам. Заяўшчык акцыі назваў рашэнне сталічных уладаў “здзекам над народам. “Атрымліваецца, што адны чыноўнікі не вырашаюць нашыя праблемы і даюць адпіскі на нашыя звароты, а другія нават не дазваляюць пратэставаць супраць гэтага. Такім чынам, дзейнічае кругавая парука чынавенства, — сказаў пенсіянер. Ён нагадаў, што ў адпаведнасці з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь падпісанты заяўкі прасілі вырашаць усе пытанні па даце, месцы і часу правядзення акцыі па дадзеных нумарах тэлефонаў. “Аднак нам ніхто не патэлефанаваў, — падкрэсліў Барыс Бабок.

З 1950 году 10 снежня штогод ва ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека ў сувязі з тым, што 10 снежня 1948 году Генеральная Асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Гэта першы міжнародны дакумент, у якім прызнаецца, што асноўныя правы і свабоды  неаддзельна ўласцівы  ўсім людзям, і што ўсе людзі нараджаюцца вольнымі і роўнымі.

 

Каментаваць