Уладзімір Кацора абскарджвае ў Камітэце ААН па правах чалавека штраф за Народны сход

5 сакавіка гомельскі апазіцыянер Уладзімір Кацора звярнуўся са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Актывіст лічыць, што беларускія ўлады ў асобе міліцыянераў, затрымаўшы яго за арганізацыю Народнага сходу і пакараўшы штрафам, парушылі артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта права на свабоду распаўсюду інфармацыі і мірных сходаў.



5 сакавіка гомельскі апазіцыянер Уладзімір Кацора звярнуўся са скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Актывіст лічыць, што беларускія ўлады ў асобе міліцыянераў, затрымаўшы яго за арганізацыю Народнага сходу і пакараўшы штрафам, парушылі артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта права на свабоду распаўсюду інфармацыі і мірных сходаў.

Актывіст быў затрыманы 8 кастрычніка, у дзень правядзення Народнага сходу, а 10 кастрычніка суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам у памеры 350 тысяч рублёў. Уладзімір Кацора не згадзіўся з пастановай раённага суда, і абскардзіў яе ў вышэйстаячых інстанцыях — абласным і Вярхоўным судзе. Але скаргі не былі задаволены.

У звароце ў Камітэт ААН апазіцыянер нагадвае, што Народны сход праводзіўся менавіта ў адпаведнасці з законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Разам з тым, на судзе Уладзіміру Кацору інкрымінавалі парушэнне закону «Аб масавых мерапрыемствах».

«Супрацоўнікі міліцыі не мелі законнага права кваліфікаваць мае дзеянні нормамі закону «Аб масавых мерапрыемствах», паколькі гэтыя дзеянні па распаўсюджванні друкаванай прадукцыі з заклікамі да ўдзелу ў мясцовым сходзе рэгулююцца законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Маё права на свабоду правядзення мірных сходаў было абмежавана, а па якой прычыне — ні міліцыя, ні суд мне гэтага не патлумачылі», — каментуе Уладзімір Кацора.

Ён лічыць, што артыкул 8 закона «Аб масавых мерапрыемствах» абмяжоўвае права на свабоду распаўсюджвання інфармацыі і не можа адпавядаць міжнародным абавязкам Рэспублікі Беларусь, паколькі не матываваны інтарэсамі дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя ці абароны правоў і свабоды іншых асоб.

Уладзімір Кацора просіць Камітэт ААН разглядзець яго скаргу, вызначыць факт парушэння з боку дзяржавы яго правоў, гарантаваных артыкуламі 19 і 21 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, і раіць Беларусі прывесці нормы закону «Аб масавых мерапрыемствах» у адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі.
 
Паводле gomelspring.org


 

Каментаваць