Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Уладзімір Макей: Я не збіраюся заклікаць вас спяваць панегірыкі ўладзе

Выступ Міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея на VII з’ездзе Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» быў прасякнуты міралюбствам і патрыятызмам.

У выступе Макей зазначыў, што зараз шмат робіцца для ўмацавання незалежнасці нашай краіны. Ён добра казаў пра развіццё мовы, культуры. Усцешыўся з таго, што беларускія традыцыі набываюць у грамадстве папулярнасць, узгадаў папулярнасць сярод моладзі тых жа вышыванак.

«Нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія жывуць у самастойнай незалежнай дзяржаве. У іх ужо свае погляды на жыццё, сваё меркаванне наконт будучыні нашай дзяржавы. І нават тая сухая лічба пра тое, што больш за 70% падтрымліваюць існаванне самастойнай дзяржавы, хочуць жыць у самастойнай дзяржаве — гэта многае значыць. Гэта якасныя змены, і гэта павінна атрымаць сваё далейшае развіццё», — заявіў Макей, і гэта дэлегаты з’езду сустрэлі апладысментамі.

Сёння ад трох да чатырох беларусаў пражываюць за мяжой, адзначыў міністр. Гэта, па яго словах, «мяккая, але магутная і велізарная сіла, здольная адстойваць інтарэсы народа Беларусі і мацаваць незалежнасць дзяржавы».

«У нас ва ўсіх адна мэта — умацаванне і росквіт нашай зямлі, Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў ён.

«Мы ўсе розныя. У кожнага з нас свой погляд на жыццё, на развіццё краіны. І гэта я лічу нармальным. Я не збіраюся заклікаць вас спяваць нейкія панегірыкі ўладзе і ўсхваляць кагосьці ці штосьці. У гэтым вы можаце вызначыцца самі. Але кожны з нас на сваім месцы можа многае зрабіць дзеля ўмацавання і дасягнення нашай галоўнай мэты — не толькі ўмацавання, але і захавання незалежнасці нашай дзяржавы», — сказаў міністр.

«Вяртаючыся да таго меркавання, як мы павінны жыць далей, як мы павінны развівацца далей, зноў жа, у кожнага сваё меркаванне. Але я тут згодзен з логікай Святланы Алексіевіч, якая неаднойчы сказала, што, напэўна, досыць Беларусі войнаў, досыць рэвалюцый. Мы павінны зрабіць усё, каб наша краіна развівалася эвалюцыйным шляхам. Логіка канфрантацыі павінна адысці ў мінулае. Мы павінны кіравацца логікай кааперацыі. Мы павінны ад менталітэту супрацьстаяння перайсці да менталітэту партнёрства», — падкрэсліў Макей.

«Канешне, гэта патрабуе пэўных намаганняў, і, напэўна, для кагосьці гэта цяжка зрабіць. Але іншага шляху няма», — сказаў ён.



Абмеркаванне:

  • Дзяніс Лаўнікевіч
  • 2017-07-15 11:52:22
Ну вось давайце ўявім сабе. Нейкі нахабны злыдзень прыйшоў у тваю хату, цябе выгнаў, і жыве там. А ты тулішся ў сваякоў ды сяброў. І вось гэты злодзей да цябе прыходзіць і гаворыць: "А дапамажы хату адрамантаваць, бо я тут усё засраў. Але ж гэта твая хата! Ты дапамажы з рамонтам, а я там і надалей жыць буду".
Вось так прыблізна і Макей....

Каментаваць