Уладзімір Кішкурна — у рэанімацыі

Пасля дарожна­транспартнага здарэння ў аддзяленні рэанімацыі Івацэвіцкага цэнтральнага раённага шпіталя (Брэсцкая вобласць) знаходзіцца ветэран беларускага нацыянальнага адраджэння Уладзімір Кішкурна.



Фота: nv-online.info


Як распавяла карэспандэнту "НЧ" жонка пацярпелага Валянціна, раніцай 2 верасня на сваім легкавіку 77 ­гадовы Уладзімір Кішкурна, які два гады таму перанёс інфаркт, выехаў з Мінска на лячэнне ў санаторый “Белая вежа”, што знаходзіцца ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці.

На вялікай хуткасці аўтамабіль спадара Кишкурны ўехаў у грузавік, што рухаўся ў спадарожным напрамку з хуткасцю 70 км у гадзіну. ДТЗ адбылося ў 10 км ад Івацэвічаў на аўтамагістралі Мінск – ­Брэст. Нягледзячы на тое, што спрацавалі падушкі бяспекі, Уладзімір Кішкурна атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні лёгкіх і печані.

У Івацэвіцкім шпіталі было зроблена ўсё неабходнае для выратавання ягонага жыцця. Пасля аперацыі стан спадара Уладзіміра стабільны, ён падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Сёння ў Івацэвіцкі шпіталь для кансультацыи мусяць прыехаць дактары з Брэста.

На думку спадарыні Валянціны, ДТЗ адбылося з той прычыны, што пад час кіравання аўтамабілем Уладзіміру Кішкурну стала кепска.

Каментаваць