Уладзімір Колас: па сітуацыі вакол Курапатаў трэба біць ва ўсе званы

Па сітуацыі вакол Курапатаў трэба звяртацца як да грамадскасці, так і ва ўсе ўладныя структуры, заявіў вечарам 20 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты старшыня грамадзянскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі” (РБІ) Уладзімір Колас.



Уладзімір Колас адзначыў, што дзеля вырашэння пытання зносу рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол”, які незаконна будуецца на паўночна-ўсходнім ускрайку гісторыка-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, грамадскасць павінна звяртацца да дэпутатаў мясцовых саветаў і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў адпаведныя органы ўлады сталіцы і Мінскай вобласці. На думку Коласа, перад дэпутатамі і чыноўніцтвам трэба ставіць і пытанне ўдзелу грамадскасці ў распрацоўцы і абмеркаванні горадабудаўнічага праекту дэтальнага планавання тэрыторыі вакол Курапатаў, каб аб’екты гэтага праекту ў першую чаргу спрыялі папулярызацыі і захаванню помніка. Старшыня РБІ назваў будаўніцтва “Бульбаш-холу” правакацыяй, якая, безумоўна, мае палітычную падаплёку. Назіраецца тэндэнцыя на апраўданне сталінізму і таталітарных захадаў кіравання, на замоўчванне масавых палітычных рэпрэсій 1920–1950-х гадоў, сказаў Колас.

Каб пазбегнуць праяў стракатасці, кічу і стыхійнасці ва ўрочышчы ён прапанаваў арганізаваць грамадскі конкурс на лепшае мастацкае ўвасабленне гэтага знакавага для ўсіх беларусаў месца, а таксама правесці ва ўрочышчы выставу грамадскіх канцэпцый мемарыялізацыі Курапатаў, у тым ліку — “Курапаты — лес крыжоў” Зянона Пазняка, “Мемарыял ахвяраў палітычных рэпрэсій “Курапаты”, распрацаванай ініцыятывай “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” і зацверджанай 14 грамадскімі аб’яднаннямі Беларусі, падрыхтаванай грамадскім аб’яднаннем “Хрысціянская злучнасць “Курапаты”. прафесарам Аляксандрам Гужалоўскім і яго студэнтамі з гістфаку Белдзяржуніверсітэту, а таксама мастаком Анатолем Кузняцовым.

Адзін з першаадкрывальнікаў месца згубы ахвяраў сталінізму ў Курапатах, археолаг Мікола Крывальцэвіч выказаў гатоўнасць у якасці прафесійнага незалежнага эксперта прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні праекта дэтальнага планавання тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і яе ахоўных зонаў. На ягоную думку, поспех у справе абароны народнага мемарыялу наўпрост залежыць ад актыўнасці, салідарнасці і моцы грамадскасці.

Паводле словаў Крывальцэвіча, талака ва ўрочышчы павінна прадугледжваць чыста санітарную ачыстку тэрыторыі. “Гаворка ідзе пра тое, каб прыбраць смецце і ўсе паваленае, адрэстаўраваць крыжы, пазасыпаць ямы ад вываратняў”, — адзначыў археолаг. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ані ў якім разе нельга ўмешвацца ў ландшафт і структуру народнага мемарыялу, якія склаліся, а таксама праводзіць забароненыя на яго тэрыторыі любыя земляныя работы. “Так, патрэбны асобы дазвол ад Міністэрства культуры нават для пракладкі дрэнажу ў самым нізкім месцы ва ўрочышчы каля Крыжа пакутаў, дзе часцяком збіраецца вада. Гэтае месца можна і камянямі засыпаць”, — мяркуе Крывальцэвіч. Прычым лепшым часам для правядзення талок ва ўрочышчы ён лічыць красавік-травень і верасень-кастрычнік.

Дзеля прыцягнення ўвагі грамадскасці да распрацаваных канцэпцый мемарыялізацыі Курапатаў археолаг лічыць мажлівым прадставіць іх у незалежных СМІ для абмеркавання.

Даследчык гісторыі масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму Ігар Кузняцоў паведаміў, што на 3 чэрвеня запланаваная навукова-практычная канферэнцыя па сітуацыі вакол Курапатаў.

Каментаваць