Умова ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс — спыненне адлічэнняў за ўдзел у палітычных акцыях

Балонскі камітэт, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі экспертнай супольнасці і шэрагу грамадскіх арганізацый, распрацаваў план дзеянняў (дарожную карту) па ўключэнні Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Пра гэта паведаміў член камітэта прафесар Уладзімір Дунаеў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 13 снежня.



Балонскі камітэт, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі экспертнай супольнасці і шэрагу грамадскіх арганізацый, распрацаваў план дзеянняў (дарожную карту) па ўключэнні Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Пра гэта паведаміў член камітэта прафесар Уладзімір Дунаеў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 13 снежня.

Паводле яго слоў, на першым этапе ўмовай прыёму Беларусі ў лік краін, якія падпісалі Балонскую дэкларацыю, павінна стаць спыненне адлічэння і прымянення іншых форм пакарання студэнтаў за ўдзел у палітычных акцыях ці ў дзейнасці незалежных, у тым ліку незарэгістраваных, грамадскіх арганізацый. Таксама важнай умовай з'яўляецца "спыненне звальненняў, пагроз звальненняў ці іншых форм націску на выкладчыкаў, іншых супрацоўнікаў ВНУ за аналагічныя дзеянні". Дунаеў падкрэсліў, што вышэйшыя навучальныя ўстановы не павінны браць на сябе функцыі праваахоўных органаў і ўдзельнічаць у палітычных рэпрэсіях.

Аднаўленне выбарнасці рэктараў і іх падсправаздачнасці акадэмічнай супольнасці з'яўляецца важным складальнікам руху да Балонскага працэсу, лічыць Дунаеў.

Неабходна, мяркуюць аўтары дарожнай карты, каб у ВНУ студэнцкае самакіраванне было пазбаўлена палітычнага кантролю Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ) і ідэалагічнай вертыкалі ўлады. Нацыянальны саюз студэнтаў павінен быць выведзены са складу БРСМ, не павінны дыскрымінавацца незалежныя студэнцкія арганізацыі.

На другім этапе чакаецца заканадаўчае замацаванне пераходу да еўрапейскіх падыходаў да архітэктуры вышэйшай адукацыі, прызнанне кваліфікацый бакалаўра — магістра — доктара. Далей неабходна замацаваць у законе рэальную аўтаномію ВНУ і гарантыі акадэмічных свабод для персаналу і студэнтаў. Актуальна заканадаўчае забеспячэнне гарантый атрымання вышэйшай адукацыі на любым з дзяржаўных моў, стварэнне беларускамоўных патокаў у ВНУ.

На трэцім этапе трэба чакаць завяршэння рэфармавання сістэмы акадэмічных ступеняў і кваліфікацый і сістэмы кантролю якасці.

БелаПАН

 
 

Каментаваць