Упершыню ў Беларусі адбудзецца ўручэнне дыплома «Midwives4all» лепшым акушэркам

13 траўня ў РНПЦ «Мацi i дзiця» пройдзе цырымонія ўзнагароджання  лепшых акушэрак краіны. Дыплом «Midwives4all» ва ўрачыстай абстаноўцы будзе ўручаць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Обэргэ.
Уручэнне дыплома прымеркавана да святкавання Міжнароднага дня акушэркі, які ва ўсім свеце адзначаецца 5 траўня, і служыць прызнаннем штодзённага гераізму людзей, якія нястомна працуюць дзеля забеспячэння выжывання і дабрабыту маці і дзіцяці.

Кампанія «Midwives4all» з'яўляецца часткай глабальнай аднайменнай інфармацыйнай кампаніі, ініцыяванай ў 2015 годзе Міністэрствам замежных спраў Швецыі з мэтай павялічыць колькасць акушэрак ва ўсім свеце і прыцягнуць увагу да іх важнай ролі ў паляпшэнні здароўя маці і дзіцяці, а таксама ў барацьбе за правы жанчын у грамадстве .

Адна з важных мэтаў ААН у галіне ўстойлівага развіцця — двухразовае зніжэнне ўзроўню мацярынскай смяротнасці да 2030 года. Большасць выпадкаў смерцяў магчыма прадухіліць дзякуючы кваліфікаванай дапамогі акушэрак і лекараў. Акушэркі не толькі ратуюць жыцці, яны таксама з'яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі сацыяльных зменаў. Шведскі ўрад у супрацоўніцтве з Міжнароднай канфедэрацыяй акушэрак накіроўвае свае намаганні на тое, каб як фізічныя асобы, так і арганізацыі, і палітыкі ва ўсім свеце змаглі аб'яднацца для вырашэння гэтай задачы.

У 2016 годзе Беларусь упершыню стала адной з краін, дзе ўручаецца дыплом у межах кампаніі «Midwives4all».


Каментаваць