Урачыстасці на Случчыне

Юбілейныя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну адзначылі гэтымі выходнымі. Прадстаўнікі грамадскасці і партый наведалі мясціны, дзе 90 гадоў таму 27 лістапада пачалося паўстанне за незалежнасць Беларусі.

У суботу там былі і кіраўнікі БНФ Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, лідэр БХД Павел Севярынец і старшыня Руху салідарнасці “Разам Вячаслаў Сіўчык. А ў нядзелю — кіраўніцтва Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ са сваімі паплечнікамі.



Юбілейныя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну адзначылі гэтымі выходнымі. Прадстаўнікі грамадскасці і партый наведалі мясціны, дзе 90 гадоў таму 27 лістапада пачалося паўстанне за незалежнасць Беларусі.

У суботу там былі і кіраўнікі БНФ Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, лідэр БХД Павел Севярынец і старшыня Руху салідарнасці “Разам Вячаслаў Сіўчык. А ў нядзелю — кіраўніцтва Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ са сваімі паплечнікамі.

У мястэчку Семежава сябры КХП – БНФ напярэдадні аднавілі крыж. Побач уманціравалі мармуровую пліту з выявай герба Пагоня і словамі ў памяць герояў Слуцкага збройнага чыну ад нашчадкаў. Іх маршрут пралягаў праз мястэчкі Грозава, Семежава і Вызна (Чырвоная Слабада). Актывісты ўсклалі кветкі і запалілі лампадкі ў памяць удзельнікаў Слуцкага паўстання.

У Слуцку КХП — БНФ наладзіла мітынг каля краязнаўчага музея. Раней гэта быў шляхетны дваранскі сход, дзе месціўся штаб слуцкіх паўстанцаў. І там Рада Случчыны прыняла рашэнне аб збройным змаганні. У мітынгу ўдзельнічалі актывісты з Мінска, Баранавічаў, Салігорска, Слуцка.

“Лейтматыў ва ўсіх адзін: слава героям Случчыны, — адзначыў намеснік старшыні КХП — БНФ Юрась Беленькі. — Яны баранілі і нас. Усе разумеюць, што ў свой час, калі збройныя слуцкія сілы абвясцілі сябе арміяй Беларускай Народнай Рэспублікі, гэта вельмі істотна паўплывала потым і на розныя палітычныя рашэнні, якія прымаліся ў дачыненні да Беларусі. Бо БНР сапраўды білася са зброяй, ад гэтага ўжо нікуды не дзенешся. Бальшавікі маглі б БССР проста знішчыць, нават не пакінуць гэтага кавалачка зямлі. Але мусілі лічыцца. І потым калі ААН ўтварылася, мы былі туды прыняты. Хай існавала квазінацыянальная дзяржава. Але калі мы прыйшлі ў Вярхоўны Савет і ўзнікла першая магчымасць, мы ўжо на базе гэтай квазідзяржавы стварылі сапраўдную незалежную дзяржаву.

Наведванне гістарычных мясцін праходзіла пад бел-чырвона-белымі сцягамі і заканчвалася гімнам “Магутны Божа. Міліцыя адганяла жыхароў ад актывістаў, якія выступалі з прамовамі. Са словамі: “Ідзіце, ідзіце, праходзьце, яна старалася максімальна абмежаваць колькасць людзей. “Асабліва моладзь, — падкрэсліў намеснік старшыні КХП — БНФ. — У Слуцку маладыя людзі, якіх міліцыя адагнала, стаялі ў баку і слухалі. А калі скончылася мерапрыемства, яны падышлі, узялі бел-чырвона-белыя сцягі і фатаграфаваліся разам з намі. Таксама вельмі прыемна было, калі ў Грозаве да нас звярнуўся мужчыны сярэдняга веку і набыў сцяг. Так што людзі з намі, нягледзячы на супрацьдзеянні ўладаў.

На думку Юрася Беленькага, бачны паварот жыхароў да нацыянальных ідэяў. Яны ставяцца з вялікай павагай да ўшанавання гэтай даты. “Мы прыязджаем і бачым, што крыжы дагледжаны. Мы бачым рэакцыю людзей на нашы выступы. І мы бачым змену гэтай рэакцыі. Яны падыходзяць бліжэй і слухаюць. І рэакцыя абсалютна добразычлівая, — кажа ён.

Як вядома, права адзначаць угодкі Слуцкага паўстання давялося адстойваць. Бо не заўсёды ўлады дазвалялі святкаваць гэту падзею. Міліцыя затрымлівала ўдзельнікаў, якія накіроўваліся на Случчыну. “Мы кожны год ездзілі, не перарывалі гэту традыцыю ў самыя цяжкія часы. І мы ўлады папярэджвалі: вы нас будзеце судзіць, а мы ўсё роўна будзем удзельнічаць, — нагадаў Юрась Беленькі.

Ён зазначыў, што роля Слуцкага збройнага чыну ў ланцужку станаўлення беларускай дзяржаўнасці надзвычай важная. “Безумоўна, з майго пункту гледжання гэта мусіла быць дзяржаўнае свята. З улікам значэння, якое гэта падзея мела потым менавіта для суверэнітэту краіны. Я думаю, як толькі адбудзецца аднаўленне беларускай улады ў нас на Беларусі, то там ужо хай спецыялісты вызначаюць, як лепш. Ці гэта будзе дзяржаўнае свята, ці гэта можа быць свята беларускіх вайскоўцаў. Але ўшанаванне гэтай гістарычнай падзеі стопрацэнтна мусіць быць. І гэта будзе, — лічыць намеснік старшыні КХП — БНФ.
 

Каментаваць