Урад стаміўся. Час у адпачынак альбо на пенсію

Некаторыя чыноўнікі ўраду відавочна стаміліся і не вытрымліваюць нагрузкі. Сапраўды, колькі ўжо можна год ад году імкнуцца пераадолець адны і тыя ж «негатыўныя тэндэнцыі». Час у адпачынак альбо на пенсію.



На гэтым тыдні Аляксандр Рыгоравіч правёў дзіўнае пасяджэнне. Гэта было, як паведамляе ягоная прэс служба, пасяджэнне Савета бяспекі з прысутнымі членамі ўрада, прысвечанае пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пры чым тут члены ўрада — зразумела. Але чаму сацыяльна-эканамічным развіццём павінен займацца Савет бяспекі — загадка. Хіба што яны прысутнічалі там як пудзіла для чыноўнікаў: маўляў, вось хто вамі зоймецца, калі вы не зробіце сітуацыю лепшай.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён хацеў бы атрымаць адказы на некалькі пытанняў. Па-першае, ці атрымалася нам прайсці ніжнюю кропку траекторыі нашага развіцця? Другое — калі адновіцца істотны ўздым эканомікі? І трэцяе — што неабходна зрабіць, каб не паўтарылася зноў сітуацыя, якая прывяла да праблем? «Гэта галоўнае, на што ўрад павінен даць выразны адказ», — заявіў Лукашэнка.

Ён патлумачыў, чаму не правёў абяцаны «разнос урада» па выніках 1-га кварталу гэтага года. Аказваецца, за студзень-красавік 2014 года ВУП краіны вырас крыху больш чым на 1%, таму размова з урадам адкладзеная да вынікаў паўгоддзя. Але павелічэннем ВУП на адзін працэнт Лукашэнка не задаволены, бо гэта не ёсць сістэмным эканамічным ростам. «Гэта павелічэнне атрымана за кошт рознічнага і аптовага гандлю, транспарту і будаўніцтва, завершаны шэраг маштабных праектаў па мадэрнізацыі энергетыкі. Такім чынам, рост ВУП забяспечаны ў асноўным унутраным попытам», — удакладніў ён, і пры гэтым падкрэсліў, што «застарэлыя болькі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы засталіся».

Паводле яго слоў, у гэтых сферах працягваецца зніжэнне вытворчасці, пагаршаецца фінансавы стан прадпрыемстваў, растуць складскія запасы. «Цяпер важная, кажучы па-ваеннаму, правільная ацэнка сітуацыі з тым, каб, сканцэнтраваўшы сілы на прыярытэтных кірунках, забяспечыць якасны рост эканомікі, павышэнне дабрабыту нашых грамадзян», — падкрэсліў Лукашэнка.

Канешне, дабрабыт грамадзян важны. Трэба стартануць перад 2015 годам, каб было чым пахваліцца перад пятым прэзідэнцкім тэрмінам. А тое мы 20 год пераадольваем адны і тыя ж праблемы, і ніяк не можам кардынальна, раз і назаўсёды іх вырашыць.

Невядома, што адказалі члены ўрада на тры пытанні кіраўніка дзяржавы. Але, мяркуючы па выказваннях міністра эканомікі Мікалая Снапкова, нічога канкрэтнага яны сказаць не здолелі.

На пасяджэнні Саўміна Мікалай Снапкоў выдаў чарговы пастулат, які выразна паказвае на непазбежны фатальны зыход цяперашняй эканамічнай мадэлі «сінявокай». «Мы лічым, што будзе правільна не ставіць у галоўнае рост ВУП, паколькі немагчыма займацца двума сістэмнымі і супярэчлівымі адзін аднаму элементамі эканамічнай палітыкі — інфляцыя і рост. У 2015 годзе для збалансавання сітуацыі ў эканоміцы прыярытэтам, на наш погляд, неабходна вызначыць інфляцыю», — пазначыў пазіцыю Мінэканомікі кіраўнік ведамства. Зыходзячы з гэтага, ён ацаніў тэмп росту беларускай эканомікі ў 2,6% у 2015 годзе.

Што тычыцца інфляцыі, то задача пастаўленая мінулагодняя — дасягнуць 12% на год. Гэта вельмі класна, асабліва калі ўзгадаць, што першапачатковай мэтай на 2014 год было ўтаймаванне інфляцыі да 11%. Гэта значыць, што Снапкоў запланаваў не ўтаймаванне, а рост інфляцыі?

Характэрна, што іншым краінам рэгіёна чамусьці атрымліваецца і забяспечыць рост эканомікі, і запаволіць інфляцыю. У Беларусі ж эканоміка расце толькі на чарговым вітку дэвальвацыйна-інфляцыйнай спіралі. І паколькі беларускі ВУП без разгону інфляцыі ніяк не расце, то разлічваць на рост эканомікі не прыходзіцца.

Карацей, урад стаміўся. Ён не можа адначасова займацца дзвюма рэчамі — і інфляцыяй, і ростам ВУП. Урад бярэцца за ВУП — расце інфляцыя, хапаецца за інфляцыю — падае ВУП. Можа, у такім выпадку, справа ва ўрадзе?

Хаця Снапкоў не стары яшчэ чалавек — яму 55 гадоў і да пенсіі адносна далёка. Ёсць ва ўрадзе і людзі, старэйшыя за яго. І калі ён не можа займацца адначасова ВУП і інфляцыяй, гэта значыць, што ён не на сваім месцы.

Падаецца, не на сваім месцы і Міністэрства фінансаў. Беларускі бюджэт у 2013 годзе склаўся дэфіцытным, прычым дэфіцыт стаўся ў 0,4% ад ВУП. Прычынай жа дэфіцыту бюджэту ў 2013 годзе намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч назваў «калійную вайну» і арышт Баўмгертнера. Паводле яго слоў, дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту ў 2013 годзе быў выкліканы праблемамі з экспартам калійных угнаенняў, якія ўзніклі да канца года.

Ермаловіч, мякка кажучы, схлусіў. Ніякіх праблемаў з экспартам калію ў 2013 годзе ў нас не было — пра гэта сведчыць Белстат. Паводле яго дадзеных, экспарт калійных угнаенняў у 2013 годзе знізіўся ўсяго на 6,3% у параўнанні з 2012 годам.

Праблемы бюджэту ўзніклі з-за рашэння Лукашэнка адмяніць экспартныя пошліны на калій у мэтах падтрымкі горадаўтваральнага прадпрыемства на фоне падзення сусветных цэн на калій, справакаванага развалам картэлю. Экспартная пошліна на калій складала 75–85 еўра за тону, але была адменена з 1 верасня 2013 года, у выніку чаго бюджэт не далічыўся больш за сотню мільёнаў даляраў. Таму можна прагназаваць паўтор бюджэтнай праблемы і ў бягучым годзе: экспартная пошліна на калій да гэтага часу не ўжываецца.

Відавочна, што ўрад, прынамсі, у выказваннях робіць грубыя памылкі, якія вядуць да няправільнага разумення сітуацыі, і адпаведна, да памылковых рашэнняў па рэагаванні на яе. «Кажучы па-ваеннаму, правільная ацэнка сітуацыі», як заўважыў Лукашэнка, з такімі падыходамі немагчымая. Гэта значыць, што ўраду час альбо ў адпачынак, каб «прачысціць мазгі» і абстрагавана паглядзець на сітуацыю, альбо ў адстаўку.

Лепшы адпачынак — гэта перамена працы. І было б някепска, каб члены ўрада пайшлі б у будаўнікі, грузчыкі ды на заводы. Можа, тады б яны іначай паглядзелі б на ВУП і інфляцыю?

Каментаваць