Урок беларускай мовы ў Слуцку

Слуцкія актывісты адзначылі 95-годдзе БНР своеасаблівым “урокам беларускай мовы”. 16 актывістаў напісалі дыктоўку, прысвечаную памяці Кастуся Каліноўскага і сустрэліся з паэтэсай Галінай Каржанеўскай. Удзельнікі “ўрока” падпісалі віншавальныя адкрыткі палітвязням і ўсклалі кветкі на магілу Альгерда Абуховіча.



Ідэя беларускага нацыянальнага адраджэння не чужая для слуцкіх дэмакратычных актывістаў. Адзначыць 95-годдзе з дня стварэння і абвяшчэння БНР случчане хацелі ў цывілізаваных умовах. 1 сакавіка 2013 года група грамадзян у колькасці 31 чалавек звярнулася ў райвыканкам пісьмова з просьбай выдзеліць якое-небудзь памяшканне для напісання беларускамоўнай дыктоўкі. Не дачакаўшыся ў адведзены законам тэрмін пісьмовага, адправілі дэлегацыю ў райвыканкам, дзе ўрэшце ўдалося атрымаць адказ. На жаль, стандартны — адмоўны: прадставіць памяшканне  немагчыма, паколькі ўсе ўстановы працуюць адпаведна з даўно складзенымі графікамі.

Пабывалі актывісты і ў гарадской бібліятэцы. Дырэктар бібліятэкі адназначна заявіла, што бібліятэка плануе мерапрыемствы ў снежні наперад на цэлы год, а правядзенне мерапрыемстваў з ініцыятывы грамадзян магчымыя толькі з дазволу райвыканкама.

Прыйшлося ладзіць свята як заўсёды: на прыватнай кватэры, у вузкім коле аднадумцаў. Прысутнічалі 16 случчан, прычым не толькі з сяброў  партый і арганізацый. Спачатку напісалі дыктоўку па тэксту з адозвы Кастуся Каліноўскага да мужыкоў, надрукаваным на сайце “Таварыства беларускай мовы”.

Пасля паэтэса Галіна Каржанеўская, якая нарадзілася на Случчыне, чытала  вершы і адказвала на пытанні сваіх землякоў. Успомнілі добрым словам і больш за 20 віншавальных адкрытак палітычным вязням з нагоды 95-годдзя БНР.

Напрыканцы мерапрыемства ўсклалі чырвона-белыя гваздзікі на магілу Альгерда Абуховіча — удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага.

 Анатоль Болазь, жыхар Слуцка, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад “урока”: “Я першы раз быў на такім мерапрыемстве і вельмі гэтаму рады. Мне было цікава ўсё: і дыктоўка, і сустрэча з Галінай Каржанеўскай, і магчымасць пагаварыць на роднай мове з аднадумцамі. Хацелася, каб такія сустрэчы і адбываліся і надалей. Шчыра кажучы, беларускую мову ў сваім асяроддзі я не чуў ужо, можа, гадоў 30. Прагучалі вельмі прыгожыя вершы,  мілагучная беларуская мова паэткі кранула за душу”.

Каментаваць