Урокі гісторыі. Чаму беларускіх чыноўнікаў будзе цяжка перасадзіць на Geely

На ўрачыстым адкрыцці завода «БелДжы» кіраўнік дзяржавы заявіў, што з часам беларускія чыноўнікі перасядуць з імпартных аўтамабіляў на вырабленыя ў Беларусі Geely.
— Зараз паступова будзе ісці замена — ад урада да старшыні райвыканкама, — сказаў Лукашэнка. — У нас гэта ўжо адбываецца, і мы гэта зробім.

Аднак гісторыя прымушае моцна сумнявацца ў рэальнасці рэалізацыі пазначаных планаў. Падобную задуму спрабавалі ўвасобіць у жыццё ў Расіі роўна 20 гадоў таму.

Малады віцэ-прэм'ер Барыс Нямцоў прапанаваў, каб чыноўнікі выкарыстоўвалі ў якасці службовых аўтамабіляў «Волгі». Такім чынам, бюджэтныя грошы не траціліся б на куплю нямецкіх «Мэрсэдэсаў», а накіроўваліся б на падтрымку расійскага аўтамабілебудавання. Акрамя таго, гэта магло стаць нядрэннай рэкламай, што заклікала б шараговых грамадзян прытрымлівацца прыкладу высокіх кіраўнікоў.

Аднак быццам бы нядрэнная ідэя рэалізаваная да канца не была. Чаму?

Па-першае, пераканаць чыноўнікаў у вартасцях расійскай машыны не ўдалося. «Волга» часта ламалася і патрабавала дарагіх рамонтаў. Некаторыя, каб выключыць форс-мажоры, куплялі адразу па два аўтамабілі. Акрамя таго, чыноўнікі замаўлялі дарагую камплектацыю. У выніку расійская машына абыходзілася не нашмат танней нямецкай, сцвярджалі кіраўнікі, апраўдваючы сваю адмову ад айчыннай прадукцыі.

Але, верагодна, яны дыскамфорт змаглі б перажыць. Аб другім, больш важным фактары, што паспрыяў правалу ідэі, пасля распавядаў сам Нямцоў.

Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын падтрымаў пачынанне віцэ-прэм'ера адпаведным указам, і бюракратыя кінулася закупляць айчынныя аўто. Штоквартальна колькасць чыноўнікаў на «Волгах» павялічвалася. Аднак і ў шараговых грамадзян, і ў бюракратаў было адчуванне, што нічога не мяняецца. Усё таму, што Ельцын парушыў свой жа ўказ і працягваў ездзіць на браняваным «шасьцісотым».

А раз так, то неўзабаве рух пайшоў у адваротным кірунку: чыноўнікі сталі перасаджвацца назад на «Мэрсэдэсы».

— Мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль ажыццявілася, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Толькі вось ці перасядзе ён сам на гэтую машыну? Калі не, то гісторыя рызыкуе паўтарыцца: пераканаць іншых чыноўнікаў у неабходнасці язды на Geely будзе няпроста.

Паводле Салідарнасці

Каментаваць