Урокі абароны Курапатаў

На жаль, мінулае ўрочышча Курапаты аніяк не ўкладаецца ў ідэалогію сённяшняй дзяржавы. Вось чаму на пытанні аховы і папулярызацыі гісторыі народнага мемарыялу павінна адказаць грамадскасць. Уся гісторыя ўрочышча — змаганне за памяць бязвінна загінулых у краіне, дзе да гэтага часу не дзяржава служыць чалавеку, а наадварот. 



Бо інакш напрыканцы 1950-х — напачатку 1960-х гадоў праз Курапаты не пракладалі б Мінскую кальцавую аўтамабільную дарогу і не пашыралі яе ў 2000-я. Бо інакш даўно быў бы завершаны працэс рэабілітацыі бязвінных ахвяраў сталінізму. Бо інакш дзяржава належным чынам ахоўвала б нацыянальны некропаль ад вандалаў. Бо інакш дзяржаўныя СМІ не ўтойвалі б ад грамадства гісторыю Курапатаў і іншых месцаў бальшавіцкага тэрору.

Бо інакш улады даўно рэалізавалі б пастанову Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 года аб узвядзенні ва ўрочышчы помніка і ўсебаковым вывучэнні прычын і наступстваў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х — пачатку 1950-х гадоў, аб выданні кнігі памяці бязвінных ахвяраў сталінізму.

* * *

У канцы верасня 2001 года ў адказ на пашырэнне МКАД за кошт урочышча была створана грамадская ініцыятыва «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты». Дзякуючы яе дзейнасці і гераічнай моладзевай вахце памяці, якая бесперапынна, удзень і ўночы, пры любым надвор’і, доўжылася ад 24 верасня 2001 года да 3 чэрвеня 2002 года, грамадскасць перамагла. Пашырэнне кальцавой дарогі на тэрыторыі Курапатаў было спынена. Навуковым кіраўніком помніка была прызначана адна з заснавальніц ініцыятывы Мая Кляшторная — дачка забітага НКУС беларускага паэта Тодара Кляшторнага.

Пасля 7 гадоў ігнаравання ўлады вымушаны былі прызнаць факт масавых палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы, прыпыніць будаўніцтва бліз Курапатаў катэджнага пасёлку «Сонечны» і храма Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы. Міністэрства культуры зацвердзіла схему зонаў аховы нацыянальнага некропалю, каля яго на МКАД быў усталяваны інфармацыйна-ўказальны дарожны знак, а ў вышэйшай кропцы ляснога масіву — ахоўная дошка з інфармацыяй, што помнік унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

29 кастрычніка 2004 года ініцыятыва «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты» арганізавала ўзвядзенне ў Курапатах так званага «Габрэйскага каменя», зробленага з фрагмента пастамента помніка Сталіну, што пасля вайны ўзвышаўся на сталічнай плошчы, а таксама распрацавала «Канцэпцыю мемарыяла ахвяраў палітычных рэпрэсій «Курапаты», падпісаную 14 грамадскімі аб’яднаннямі краіны. Галоўная ідэя канцэпцыі: мемарыял павінен засведчыць асуджэнне сталінскай палітыкі генацыду.

У аснову канцэпцыі была пакладзена канцэпцыя «народнага матэрыялу» — «Курапаты — лес крыжоў», распрацаваная Зянонам Пазьняком, якая цалкам сябе апраўдала, бо людзі ставяць у Курапатах свае знакі памяці і, спадзяемся, будуць ставіць іх надалей.

6 лістапада мінулага года дзейнасць ініцыятывы была адноўлена ў сувязі з пратэстамі грамадскасці супраць будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» на паўночна-заходнім ускрайку ляснога масіву. Менавіта грамадства, а не ўлада паўстала супраць узвядзення каля святыні комплексу з такой абразлівай для нацыянальных пачуццяў беларусаў назвай.

У любой дэмакратычнай краіне такое немажліва. Уяўляю, як адрэагавала б дзяржава Ізраіль, калі б нехта захацеў пабудаваць каля нацыянальнага мемарыялу Халакосту і гераізму еўрапейскага габрэйства «Яд ва-Шэм» у Іерусаліме падобны забаўляльны комплекс. З якім абурэннем успрынялі б масквічы і кіяўляне з’яўленне каля Бутава і Быкоўні рэстарацый кшталту «Маскаль-хол» і «Хахол-хол».

* * *

На маю думку, улічваючы сітуацыю ў краіне, праблемы вакол урочышча будуць памнажацца. Вось чаму ініцыятыва ставіць перад сабою шэраг задач:

•  Дабіцца пераносу «Бульбаш-холу» і захавання дзеючай схемы ахоўных зонаў у Курапатах, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры ад 12 траўня 2004 года.

•  Разгледзець пытанне аб інстытуцыялізацыі ініцыятывы ў зарэгістраваную грамадскую структуру кшталту Таварыства аховы Курапатаў і іншых месцаў згубы ахвяраў палітрэпрэсій 1920–1950-х гадоў.

•  Здзейсніць канцэпцыю папулярызацыі гісторыі ўрочышча. Правесці навукова-практычную канферэнцыю па сітуацыі вакол Курапатаў.

•  Дакладна вызначыць і адзначыць на мясцовасці зацверджаныя межы мемарыялу і яго ахоўных зон.

•  Сумесна з Радай беларускай інтэлігенцыі распрацаваць грамадскі горадабудаўнічы праект дэтальнага плану забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў аб’ектамі, якія будуць спрыяць яго папулярызацыі і захаванню.

•  Сумесна з Радай беларускай інтэлігенцыі і жаночымі арганізацыямі ўсталяваць ва ўрочышчы шэраг мемарыяльных знакаў, у тым ліку вайскоўцам польскай арміі ўсіх нацыянальнасцяў, закатаваным НКУС на беларускай зямлі ў 1939–1941 гадах, жанчынам, забітым у гады бальшавіцкага тэрору, а таксама выбітным прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі, расстраляным у ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 году ў Мінску.

•  Ажыццяўляць пастаянны грамадскі кантроль за ўсімі праектамі вакол Курапатаў. Прыцягваць шырокія колы грамадства да справы мемарыялізацыі ўрочышча, у апоры на грамадскасць дабівацца дыялогу з дзяржавай у гэтай справе.

Менавіта трывалая памяць пра народны мемарыял можа супрацьстаяць вяртанню масавых палітычных рэпрэсій на нашу зямлю. Але каб трывала памятаць пра Курапаты, людзі павінны адчуць боль трагедыі беларусаў у часы сталінізму. Без глыбокага асэнсавання месца Курапатаў у гісторыі Беларусі XX стагоддзя немажліва вызваліцца ад посттаталітарнай спадчыны, якая ледзянымі абдымкамі трымае ў мінулым значную частку грамадства.

* * *

Якія ўрокі трэба зрабіць з гісторыі абароны Курапатаў?

Вялікая адказнасць патрабуе высокага ўзроўню арганізацыі. У іншым выпадку мы толькі нашкодзім справе абароны народнага мемарыялу. Працаваць трэба на вынік — без манілаўшчыны і мітусні. Толькі тады ініцыятыва будзе карыстацца даверам у грамадстве.

Адказнасць СМІ ў асвятленне тэмы Курапатаў. На вялікі жаль, узровень публікацый іншым разам павярхоўны, выкліканы імкненнем хутчэй давесці да грамадства нейкую нібыта сенсацыйную навіну. Ёсць адчуванне, што тэксты не ўзгадняюцца з суразмоўцамі. Для падрыхтоўкі ж матэрыялаў па праблемах гэтага знакавага для беларусаў месца трэба працаваць сістэмна, аналізаваць нарматыўна-прававыя дакументы, публікацыі па тэме, імкнуцца ўдзельнічаць у справах, што тычацца ўрочышча і сітуацыі вакол яго.

Шанаваць (тут я згодзен з думкай Вінцука Вячоркі) не толькі мёртвых, але і жывых.

Мне думаецца, што неабходна здзейсніць прапанову актывіста ініцыятывы Вацлава Арэшкі і стварыць Кнігу гонару Курапатаў. Сярод абаронцаў урочышча — імёны яго першаадкрывальнікаў Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва, археолагаў Міколы Крывальцэвіча і Алега Іова, Уладзіміра Юхо ды іншых актывістаў КХП-БНФ, а таксама Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Радзіма Гарэцкага, Ніла Гілевіча, Артура Вольскага, Сяргея Грахоўскага, Карласа Шэрмана, Леаніда Лыча, Уладзіміра Арлова, Сяргея Законнікава, Барыса Звозскава, Алеся Бяляцкага, Станіслава Шушкевіча, Аляксея Караля і Алега Трусава, якія сваімі парадамі падтрымалі дзейнасць ініцыятывы.

Актыўны ўдзел у працы прынялі палітыкі Вінцук Вячорка, Дзмітрый Бандарэнка, Вячаслаў Сіўчык, мастакі Аляксей Марачкін і Алесь Шатэрнік, навуковы кіраўнік помніка Мая Кляшторная, каардынатар ініцыятывы Ірына Жыхар, гісторыкі Ігар Кузняцоў, Ларыса Андросік, Ірына Кашталян і Якаў Басін, праваслаўны святар Леанід Акаловіч, моладзевы лідар Павел Севярынец, удзельнікі намётавага лагеру ва ўрочышчы Васіль Парфянкоў, Ірына Веткіна, Глеб Вязоўскі, Антось Шкурынскі, Яўген Скочка, Генадзь Дранковіч, Сяржук Мацкойць, Цімох Атрошчанка і Алесь Поклад, арганізатар дапамогі лагеру Уладзімір Кішкурна, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч, музыка Аляксей Фралоў, бард Аляксей Галіч, культуролаг Вацлаў Арэшка, археолаг Валянціна Вяргей, прэсавы сакратар ініцыятывы Сяргей Сахараў. А таксама дэмакратычныя актывісты Алесь Макаў і Алег Свірыдаў, якія 1 лістапада 2008 года затрымалі ў Курапатах вандалаў, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, сцяганосец Ніна Багінская, старшыня грамадскага аб’яднання «Хрысціянская злучнасць «Курапаты» Вацлаў Нямковіч, каардынатары штомесячных ушанаванняў у Курапатах Ганна і Віктар Шапуцькі, каардынатар праекта «Пакаянне» аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Валерыя Чарнаморцава, журналісты Святлана Кліменценка, Віктар Хурсік, Генадзь Барбарыч, Барыс Гарэцкі, Ганна Соўсь, Галіна Абакунчык, Альгерд Невяроўскі, а таксама былыя вязні ГУЛАГу Уладзімір Святлоў, Зінаіда Тарасевіч, Леанід Ваўчок, Уладзімір Раманоўскі і Сяргей Ханжанкоў. Гэты спіс, вядома, няпоўны і будзе падоўжаны імёнамі іншых актывістаў ініцыятывы, у тым ліку з моладзі.

Найбольш хацелася б адзначыць двух чалавек — гісторыка Ігара Кузняцова, які на працягу многіх гадоў настойліва вывучае і распавядае грамадству праўду пра сталінскія рэпрэсіі, асвятляе мінулае Курапатаў, а таксама нязломнага сцяганосцу Ніну Багінскую, якая заўсёды прыходзіць у Курапаты з нацыянальнай святыняю — бел-чырвона-белым сцягам. Мне здаецца, што грамадзянскі чын Кузняцова і Багінскай заслугоўвае высокай ацэнкі грамадскасці.

І асабістае: праблемамі абароны ўрочышча я займаюся з пачатку працы карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН (1997). Бо не магу быць абыякавым да тэмы, якая мае непасрэднае дачыненне да лёсаў маіх сваякоў.

Таксама лічу, што нельга не выкарыстаць асабісты вопыт шматгадовай краязнаўчай работы з дзецьмі. Яшчэ за савецкім часам, калі я працаваў выкладчыкам у гомельскай будаўнічай прафтэхвучэльні №56, мы з дзецьмі і маімі сябрамі стварылі краязнаўчы атрад РВС — разведчыкаў ваеннай славы. У выніку нашых пошукаў устаноўлены болей за сотню імёнаў без вестак прапаўшых салдат, знойдзены шматлікія раней не вядомыя акопныя адзіночныя і групавыя пахаванні вайскоўцаў, праведзены перапахаванні іх парэшткаў у брацкія магілы, узноўлены асобы і лёсы загінулых. Урэшце былі арганізаваны музеі двойчы Героя Савецкага Саюза, генерала-беларуса Паўла Галавачова ў Гомелі і «Лёс салдата» ў Рагачове, створаны Рагачоўскі краязнаўчы цэнтр.

Усё гэта зрабіць было вельмі не проста. Аднак знайшлося шмат прыстойных людзей, якія сэрцам успрынялі нашу справу і дапамагалі. Не толькі сваякі і сябры невядома дзе загінулых салдат Другой сусветнай вайны, але і прадстаўнікі партыйна-савецкай наменклатуры. Сярод іх — дырэктар Гомельскага ГПТВ №56, былы матрос Балтыйскага флоту Ізот Зелянкоў, які нягледзячы на пазіцыю мясцовага партыйнага кіраўніцтва адважыўся прыняць мяне на працу, старшыня Дзяржкамітэта прафтэхадукацыі БССР Уладзімір Верхавец і сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандр Кузьмін. Нас падтрымалі і былыя ваенныя лётчыкі 16-й Паветранай арміі, якія дапамагалі адшукваць неабходныя дакументы ў ваенных архівах.

У сваіх дачыненнях з людзьмі мы з маімі выхаванцамі зыходзілі з таго, што калі абапірацца менавіта на добрае ў чалавеку, дык і ён павернецца да цябе сваімі лепшымі якасцямі.

Курапаты — святое месца. І наш вопыт сведчыць, што ў працы па абароне ўрочышча нават сярод чыноўніцтва можна знайсці тых, хто разумее ролю народнага мемарыялу.

Каментаваць