Урокі “русского мира” для постсавецкіх краін

Расія крыўдзіцца, што яна не можа поўнасцю распараджацца ў СНД, якую лічыць сваёй вотчынай. Але яе намаганні пакінуць постсавецкія дзяржавы ў ранейшым рэчышчы церпяць правал.



22 верасня у Мінску з лекцыяй выступіў вядомы расійскі публіцыст і палітычны дзеяч Андрэй Піянткоўскі. Лекцыя называлася “Русский мир”: уроки для России и ее соседей". Лектар падзяліўся сваім поглядам на падзеі ва Украіне, распавёў, чаму Расія прайграла бягучую вайну.

Украінскі крызіс, па словах спадара Піянткоўскага, з’яўляецца зусім не ўкраінскім. Гэта крызіс, які вырашае лёс і Расіі, і Беларусі, і ўвогуле ўсёй постсавецкай прасторы. Пасля крызіса, у якое рэчышча ён не павернецца, усё будзе па-іншаму.

Чаму ўвогуле ўзнік канфлітк Расіі і Украіны? Перш-наперш, ён выцякае з прыроды сённяшняй Расіі — клептакратыі і карупцыі. У Расіі ўсе буйныя кіраўнікі з’ўляюцца бізнесменамі. Алігарх Дэрыпаска неяк сказаў, што ў любы момант ён гатовы аддаць усе грошы Пуціну, па патрабаванню апошняга. Ды ён не тое што гатовы, — паіранізаваў спадар Піянткоўскі, — у яго ніхто і пытацца не будзе. Кіраўніцтва Расіі разумее, што эканоміка краіны далей развівацца не будзе. Ніхто не хоча ўкладваць інвестыцыі ў дзяржаву, асноўнай мэтай якой з’яўляецца яе выжыванне.

Выжыванне — гэта галоўнае! — падкрэслівае Піянткоўскі. — І каб выжыць, нельга паказваць мадэлі паспяховага развіцця суседніх краін. Таму і была вайна з Грузіяй, вайна ва Украіне: ні адной рэспубліцы не дазволена трансфармавацца і падняцца вышэй Расіі. Прыбалтыка тут выключэнне: Расія ніколі не лічыла літоўцаў, латышоў і эстонцаў сваімі. Хаця апошнім часам жадане Расіі ўплываць на краіны Балтыі ўсё большае.

Расія крыўдзіцца, што яна не можа поўнасцю распараджацца ў СНД, якую лічыць сваёй вотчынай. Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч захацеў Асацыяцыі з Еўразвязам. Украінскія алігархі выпампавалі з Украіны ўсё, што маглі, і вырашылі стаць рэспектабельнымі грамадзянамі, для якіх адчыненыя ўсе дзверы Лондана і Парыжа. Асацыяцыя — гэта не столькі геапалітычныя змены, колькі змены правіл узаемаадносін краін. Пасля далучэння да Асацыяцыі ўнутранае палітычнае і эканамічнае жыццё Украіны станавілася б усё больш транспарэнтнаым і прадказальным.

Але нашто пад бокам Расіі яшчэ адна Грузія? Канешне, ніхто ў Рассіі не верыць ў ваенную пагрозу NATO. Але расійская эліта баіцца экзістэнцыйнай пагрозы, таго, што Захад эканамічна пазітыўна паўплывае на постсавецкія рэспублікі. Яны пачнуць развівацца і расіяне таксама захочуць лепшага жыцця. Яны запатрабуюць кіраўніцтва Расіі мяняць курс ці сыходзіць.

Каб спыніць Украіну, увесь 2014 год Пуцін угаворваў яе не далучацца да пагаднення аб Асацыяцыя з Еўразвязам. Ён спрабаваў рознымі спосабамі паўплываць на Януковіча. Гэта яму ўдалося, але далей падзеі пачалі разгортвацца непрадказальна: звяржэннем Віктара Януковіча і захопам Крыма.

18 сакавіка 2014 года ў крымскай прамове Пуцін выказаўся наконт усёй сітуацыі. Ён паспрабаваў легітымізаваць свае дзеянні, у тым ліку і парушэнне Расіяй Будапешцкага мемарандума. Ён вырашыў, што гэта спрацавала і пайшоў далей у агрэсіі да Украіны. Хутчэй за ўсё, на Пуціна паўздзейнічала эйфарыя захопа Крыма і ён падумаў, што і надалей усё будзе атрымлівацца лёгка. Але сталася не так.

Расія прайграла Украіну тройчы, мяркуе Піянткоўскі. Па-першае, змаганне ва Украіне не ўдалося пераўтварыць у этнічныя “разборкі”. Нечакана для Пуціна рускія і рускамоўныя, якія пражываюць там, не падтрымалі Расію, а сталі поплеч з украінцамі бараніць Данбас. Яны зрабілі каштоўнасны выбар: жыць па законах, а не па паняццях.


Па-другое, калі расійскія прапагандысты казалі пра тое, што Расія можа спепяліць ЗША ў радыёактыўны попел, яны разлічвалі на сваё ўменне палохаць. Думалі,што амерыканцы і NATO не захочуць класці жыцці сваіх салдат, напрыклад, за краіны Балтыі. Па меншай меры, за горад Нарву, які знаходзіцца на самай мяжы Расіі і Эстоніі. Але саміт NATO ў верасні 2014 г. ва Уэльсе пастанавіў увесці кантынгент NATO ў Балтыю. Такім чынам, там было размешчана па некалькі соцен амерыканскіх вайскоўцаў. З ваеннага поглядe гэта мала, але псіхалагічна Захад сказаў: захоп, умоўна кажучы, Нарвы будзе азначаць аб’яўленне вайны краінам NATO. Гэта быў адказ на пытанне, ці баіцца Еўропа і ЗША радыёактыўнага попела.

І, па-трэцяе, Расіі не ўдаўся праект федэральнай Украіны, то бок, існавання ЛНР і ДНР з самастойнай унутранай палітыкай. Гэта быў бы таксама неблагі варыянт, калі прарасійскія дзяржаўныя ўтварэнні прадстаўленыя ў Радзе і ўплываюць на палітыку Украіны. Але і тут адбыўся проігрыш.

Можна думаць, што Масква зразумела свае паразы ў барацьбе з Кіевам і будзе паступова завязваць з Украінай. Але проста так сысці адтуль, значыць, сысці з таўром пераможаных. Таму, як мяркуе сп. Піянткоўскі, цяпер задача Пуціна актыўна ўмяшацца ў вайну ў Сірыі і спрычыніцца да разгрома ІГІЛ. Такім чынам ён зможа і захаваць сяброўскі рэжым Асада, і ў вачах Захада стаць выратавальнікам свету ад агрэсіі ІГІЛ і мільёнаў бежанцаў.

Арганізатар лекцыі —Еўрапейская кавярня.
 

Каментаваць