Ушанаваць памяць братоў Цвікевічаў

Брэсцкая абласная арганізацыя БСДП хадайнічае аб ушанаванні памяці Аляксандра і Івана Цвікевічаў. Адпаведны зварот накіраваны мясцовым органам улады і адміністрацыю універсітэта з нагоды чарговай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.



У звароце да гарадскога выканаўчага камітэта, гарадскога Савета дэпутатаў і адміністрацыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта сацыял-дэмакраты прыводзяць важкія аргументы. Браты Цвікевічы нарадзіліся і выраслі ў Берасці, тут скончылі мужчынскую гiмназiю (цяпер яе будынак — адзiн з карпусоў Брэсцкага дзяржунiверсiтэта па вуліцы Міцкевіча). Аляксандр Цвікевіч каля 2-х гадоў пасля заканчэння юрыдычнага факультэта Пецярбургскага ўнiверсiтэта працаваў прысяжным павераным у родным горадзе. У студзені 1918 у складзе дэлегацыі Беларуской Народнай Рэспублікі Аляксандр Цвікевіч быў накіраваны на перамовы па падрыхтоўцы Брэсцкага мірнага дагавору.

Дзейнасць Аляксандра і Івана Цвікевічаў была была звязана як з перыядам БНР, так і БССР. Аляксандр Цвікевіч з'яўляецца вядомым беларускім палітычным дзеячам, гісторыкам, філосафам, публіцыстам. Яго брат –доктар Іван Цвікевіч быў сярод тых, хто першым узяўся распрацоўваць беларускую медыцынскую тэрміналогію, ён узначальваў Медыцынскую секцыю Інбелкульта ў БССР.

“Мы просім разгледзіць пытанне аб усталяванні мемарыяльнай дошкі памяці нашым знакамітым землякам на будынку корпуса Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта па вуліцы Міцкевіча, дзе яны атрымоўвалі адукацыю. Звяртаемся таксама з прапановай да гарадскога Савета дэпутатаў надаць адной з вуліц горада Брэста назву братоў Цвікевічаў” – каментуе ініцыятывы старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Маслоўскі.

Прэс-служба Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП

Каментаваць