Ушанавалі беларускага гісторыка і журналіста Міколу Гайдука

У Бельск-Падляшску (Польшча) прайшлі ўрачыстасці з нагоды 80-годдзя беларускага гісторыка, грамадскага дзеяча, журналіста і літаратара Міколы Гайдука (1933–1998), які ўсё сваё жыццё пражыў на Беласточчыне і займаўся беларускім справамі.



Мікола Гаўдук


Мерапрыемствы арганізавалі кафедра беларускай культуры філалагічнага факультэта Беластоцкага універсітэта, праграмная рада беларускага тэднёвіка «Ніва» у Беластоку, Другі агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, майстэрня фільма, гуку і фатаграфіі ў Міхайлове на Беласточчыне, музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы, рэдакцыя штомесячніка «Przeglad Prawoslawny» , рэдакцыя штомесячніка «Czasopis» і Беларускае гістарычнае таварыства ў Польшчы.

У першы дзень мерапрыемства адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Міколы Гайдука. Канферэнцыя прайшла ў Другім агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім.У ёй прынялі ўдзел беларускія грамадскія актывісты, журналісты, літаратары і гісторыкі з Польшчы.

Напрыклад, ГражынаХарытанюк-Міхей расказала пра бібліяграфію творчасці Міколы Гайдука і пра яго зацікаўленні беларускім фальклорам, Анжэліка Масальская — пра калекцыю Міколы Гайдука ў музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы, Славамір Іванюк — пра педагагічную дзейнасць Міколы Гайдука, Яўген Вапа — пра творчасць Міколы Гайдука на старонках тыднёвіка «Ніва», Тэрэза Занеўская — пра паэзію Міколы Гайдука, а Ганна Саковіч — пра прозу, Ірына Матус — пра захапленне Міколы Гайдука Брэсцкай уніяй і г.д.

Удзельнікі мерапрыества таксама ўсклалі кветкі на магілу Міколы Гайдука на праваслаўных могілках на Выгодзе ў Беластоку, пабывалі на святой літургіі ў Свята-Мікалаеўскай царкве ў Міхалове.

Нагадаем, што Мікола Гайдук нарадзіўся у сялянскай сям'і. Скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у мястэчку Міхалова на Беласточчыне. Два гады працаваў у гміннай управе. З 1953 года вучыўся ў СССР на філалагічных факультэтах ва ўніверсітэтах Растова-на-Доне, Ленінграда. Скончыў БДУ (1959), працаваў у агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім спачатку як настаўнік беларускай і лацінскай моў, а з 1965 года — дырэктарам ліцэя.

У 1959–1964 гадах адначасова выкладаў беларускую літаратуру на беларускім аддзяленні завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку. З 1971 года працаваў у газеце «Ніва» (Беласток). Сябра Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа» (з 1958). Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў.

Дэбютаваў ў друку вершам на беларускай мове ў 1957 годзе ў беларускім тыднёвіку «Ніва». Аўтар зборніка вершаў на беларускай мове «Ціш» (Беласток, 1988), апавяданняў, аповесцей і гістарычных эсэ «Трызна», «Паратунак», «Брэсцкая унія», казак. На польскай мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990).

Выступаў як публіцыст, літаратуразнавец і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік. Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (1982). Сааўтар (з Л. Гайдук) падручнікаў па беларускай мове для 3, 4, 5 класаў, выйшла тры выданні і «Граматыкі беларускай мовы для 5–8 класаў беларускай пачатковай школы» (1975).

Мікола Гайдук быў узнагароджаны ордэнамі Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залатым крыжам і Сярэбраным крыжам заслугі і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986).

Артыкул пра Міколу гайдукова можна прачытаць тут:

http://novychas.info/kultura/dasliedcyk_nashaj_historyi/

Каментаваць