Усяго 80 мільёнаў рублёў — за незаконнае чатырохгадовае

Усяго ў 80 мільёнаў рублёў ацаніла суддзя суду Маскоўскага раёна Мінска Вольга Гусакова незаконнае зняволенне гамяльчаніна Алеся Чаравухіна, які знаходзіўся за кратамі больш за 4 гады — 1 466 дзён.



У інтэрв’ю карэспандэнту “Новага Часу” Чаравухін распавёў, што ў траўні 2007 года ён, 20-гадовы студэнт III курса фізічнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, рыхтаваўся да летняй сесіі. На душы было лёгка і прыемна, хлопец быў у добрым настроі, бо сустрэў сваё каханне, будаваў планы сямейнага жыцця, а пасля сесіі збіраўся зарабіць грошай і прыдбаць машыну.

Але 21 траўня 2007 года ў адносінах да Алеся была распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка псіхатропных рэчываў, здзейсненыя групай асоб у буйным памеры).

Суд Кастрычніцкага раёна горада Мінска прызнаў хлопца вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мінскі гарадскі суд згадзіўся з выракам суду першай інстанцыі. І ўсё гэта адбылося, нягледзячы на тое, што Алесь не прызнаў сябе вінаватым, а ў следства і суду не было дастатковых доказаў віны Чаравухіна.

Маці не кінула ў бядзе свайго адзінага сына, якога сама выхоўвала з 9-гадовага ўзросту, і працягвала змагацца за Алеся разам з такімі ж жанчынамі з Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і ў пракуратуры.

Урэшце намеснік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валер Калінковіч вынес пратэст на судовыя пастановы. 2 сакавіка 2011 года прэзідыум Мінскага гарадскога суда задаволіў пратэст і адмяніў прысуд. А ў траўні 2011 года суд Кастрычніцкага раёна сталіцы апраўдаў Алеся і вызваліў яго з-за кратаў у зале судовых пасяджэнняў.

Аднак органы пракуратуры не згадзіліся з гэтым судовым рашэннем і яшчэ цэлы год працягвалі яго апратэстоўваць. І толькі ў ліпені 2012 года за Чаравухіным было прызнана права на кампенсаванне фізічнай, маёмаснай і маральнай шкоды ў сувязі з незаконным затрыманнем хлопца і яго асуджэннем.

Нягледзячы на тое, што, згодна з заканадаўствам, дзяржава павінна зрабіць усе захады дзеля кампенсацыі шкоды і ўзнаўлення парушаных правоў бязвінна пакаранага, Алесю спатрэбіўся яшчэ цэлы год, каб з вялікімі намаганнямі дабіцца ад уладаў грашовай кампенсацыі за прычыненую шкоду, у тым ліку і маральную. Якраз за яе хлопец запрасіў у суда 500 мільёнаў рублёў, але суддзя Вольга Гусакова вызначыла яму толькі 80 мільёнаў.

У такую мізэрную суму (менш за 10 тысяч долараў ЗША) дзяржава ацаніла маральныя пакуты юнака, якія яму давялося перажыць больш за чатыры гады. Каб не зняволенне, Алесь меў мажлівасць ужо ў 2009 годзе ва ўзросце 23 гадоў скончыць вучобу на стацыянарным аддзяленні ўніверсітэта. Пасля ж вызвалення з-за кратаў Чаравухін у 2012 годзе быў адноўлены на другім курсе завочнага аддзялення ВНУ і пры найлепшым раскладзе завершыць вучобу толькі ў 2016 годзе ва ўзросце 30 гадоў.

Акрамя таго, паколькі юнак не прызнаў сваю віну, ён не раз адсядзеў у штрафным ізалятары і ў памяшканні камернага тыпу, якія па ўмовах утрымання вязня больш жорсткія, чым калонія. Чатыры гады Чаравухін знаходзіўся ў стане стрэсу ва ўбогіх ўмовах зняволення. Менавіта ў гэтых умовах чалавек ні на хвіліну не можа застацца сам з сабою і павінен заўсёды падпарадкоўвацца волі іншых. Прычым маральныя пакуты юнака працягваюцца да сённяшняга дня. Алесь не згодны з рашэннем суду і будзе яго абскарджваць, бо лічыць памер кампенсацыі мізэрным і здзеклівым.

Чаравухін адчувае страх за сябе і сваіх будучых дзяцей пасля таго, як дзяржава так жорстка абышлася і абыходзіцца з ім. Вось чаму ў маладога чалавека адсутнічае ўпэўненасць у заўтрашнім дні і надзея на шчаслівае жыццё на Бацькаўшчыне.

Каментуючы сітуацыю з Алесям Чаравухіным, юрыстка Тамара Сяргей адзначыла: у сваім рашэнні суд не матываваў, як таго патрабуе заканадаўства, чаму хлопцу патрэбныя толькі 80 мільёнаў рублёў, каб ён забыўся на цяжкія фізічныя і маральныя пакуты, перанесеныя пад час затрымання і  зняволення. “Для таго, каб Алесь атрымаў дастатковыя станоўчыя эмоцыі, якія б выціснулі з яго памяці карціны прыніжэння і знявагі, патрэбны зусім іншыя грошы. Не дарма ў беларускім заканадаўстве гэтыя сумы не прапісаныя, бо на іх памер уплываюць вельмі розныя фактары. Але, як сведчыць вопыт, суд прыблізна аднолькава кампенсуе незаконны пераслед грамадзяніна. І памеры кампенсацыі розняцца ў залежнасці ад колькасці гадоў зняволення”, — падкрэсліла юрыстка. Яна лічыць, што мізэрная сума кампенсацыі сведчыць аб непаважлівых адносінах дзяржавы да сваіх грамадзян. Тамара Сяргей звярнула ўвагу на тое, што ў цывілізаваным свеце памер кампенсацыі за незаконны пераслед асобы ў разы пераўзыходзіць суму, вызначаную беларускім судом Алесю Чаравухіну.  

Каментаваць