Усіх затрыманых пасля святкавання Дня Волі адпусцілі з міліцыі без складання пратаколаў

Згодна з паведамленнямі праваабаронцаў, пасля шэсця на Дзень Волі ў Мінску было затрымана зменшага пяць чалавек, якія прымалі ўдзел у святкаванні. 



Так, на вуліцы Калініна супрацоўнікі міліцыі ў штацкім затрымалі Цімура Сідорыка, які вяртаўся з шэсця. Ён адмаўляўся згарнуць сцяг, калі выходзіў з плошчы Бангалор, хаця зрабіў гэта пазней. Сідорык з сяброўкай сеў у тралейбус, каб дабрацца да метро. За імі ўвязаліся пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі, якія відаць і выклікалі падмацаванне. Па выхадзе з транспарту на вуліцы Чорнага, Цімура чакаў сіні мікрааўтобус Фальксваген з нумарам 9429-IK. З яго выбеглі пяць чалавек, занеслі хлопца ў бус і з’ехалі.

Сідорыка адвезлі ў РУУС Савецкага раёна, дзе ўжо знаходзіліся яшчэ тры затрыманых удзельніка шэсця, у тым ліку двое непаўнагадовых. Ім пагражалі складаннем адміністрацыйных пратаколаў па арт. 17.1. «Дробнае хуліганства» і 23.4 «Непадпарадкаванне службовым асобам пры выкананні». Праз тры гадзіны ўсіх адпусцілі з РУУС без складання пратаколаў, паведамляе сайт spring96.org.

На кароткі тэрмін быў затрыманы былы палітвязень Эдуард Лобаў. Пазьней ён распавёў карэспандэнту радыё «Свабода», што яго пратрымалі ў міліцыі каля 10 хвілінаў і адпусцілі. «Мяне затрымалі для праверкі дакументаў, за тое, што на куртцы была нашыўка «Малады фронт». Пацікавіліся я з акцыі ці не. У мяне з сабой пашпарту не было, таму мяне завялі ў апорны пункт і «прабілі» па базе і адпусцілі», — паведаміў Лобаў.

Каментаваць