Усе ў лес!

Вось калі б Лукашэнка балатаваўся на гэтых выбарах у парламент, то яго можна было б пахваліць за свядомую пазіцыю адносна выбараў. Ён ведае, што выбары адбудуцца толькі 23 верасня. Ён не ходзіць на датэрміновае галасаванне. І невядома, ці будзе ён галасаваць увогуле. Карацей, робіць усё, што прапанавана апазіцыяй.
 



Аляксандр Лукашэнка паводле запрашэння Уладзіміра Пуціна «правядзе ў Сочы кароткатэрміновы адпачынак», паведаміла 17 верасня прэс-служба прэзідэнта Беларусі. Вечарам 14 верасня Лукашэнка паляцеў у Сочы, а наступным днём ён паразмаўляў з Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў правялі сустрэчу ў фармаце «без гальштукаў». Паводле звестак расійскіх СМІ, Пуцін, адкрываючы перамовы, сказаў: «Рады магчымасці размаўляць з вамі, спадзяюся, тут вы з задавальненнем зможаце правесці некалькі дзён».

І Лукашэнка з задавальненнем пагадзіўся. Колькі працягнуцца «некалькі дзён», яго прэс-служба не ўдакладняе.

Так што ў краіне зараз няма правадыра. Сапраўды, яму трэба адпачыць пасля таго, як збожжа ўбранае, «барацьба за ўраджай» амаль скончаная перамогай сельскай гаспадаркі над навакольным (і, канешне ж, неспрыяльным) асяроддзем, каровы дояцца, азімыя сеюцца. Чаму б не адпачыць?

Тым больш, што з адпачынку Лукашэнка трапляе адразу на свята. Плануецца, што ён ашчаслівіць усіх сваёй прысутнасцю на «Дажынках–2012», якія гэтым разам пройдуць у Горках 21–22 верасня.

У гэтай сувязі Горкі чакае беспрэцэдэнтнае нашэсце міліцыянтаў. Як паведамляецца, у раёне, дзе запланаваны ўрачыстасці, ужо працуе аператыўна-сітуацыйны штаб. Кантроль становішча будзе ажыццяўляцца кругласутачна. Задзейнічаны падраздзяленні УУС аблвыканкамаў і ГУУС Мінгарвыканкама, вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС Беларусі, а таксама супрацоўнікі спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы ДАІ «Страла».

У мэтах забеспячэння аховы правапарадку тэрмінова ўстанаўліваюцца камеры відэаназірання ў месцах знаходжання вялікай колькасці лю­дзей, сумесна з МНС адпрацоўваюцца пытанні прафілактыкі і прадухілення надзвычайных сітуацый. Непасрэдна перад пачаткам мерапрыемстваў сапёрна-піратэхнічныя групы ўнутраных войскаў МУС абследуюць месцы іх правядзення і прылеглыя тэрыторыі. Прапускны рэжым будзе арганізаваны праз кантрольна-прапускныя пункты з выкарыстаннем металадэтэктараў.

На Дзяржаўтаінспекцыю ўскла­дзена адказнасць за суправаджэнне арганізаваных калон дэлегацый з усіх абласцей краіны, абмежаванне ў выпадку неабходнасці руху аўтамабільнага транспарту ў месцах правя­дзення святочных мерапрыемстваў. Транспартная міліцыя ўзмацніла ахову грамадскага парадку ў цягніках, на вакзалах і станцыях у Горках і Горацкім раёне. Прадугледжаны неабходныя рэзервы сіл і сродкаў для рэагавання на ўскладненні аператыўнага і дарожнага становішча.

Здаецца, прасцей было б сабраць усіх гараджан на вакзале і вывезці іх у чыстае поле, каб спявалі і «адцягваліся» там, і не псавалі б свята «дэлегатам з усіх абласцей краіны». Фэсты кшталту «опэн-эйр» на адкрытым паветры зараз робяцца ўсё папулярнейшымі. Тым больш, што гасцям і ўдзельнікам фестывалю «Дажынкі–2012» пака­жуць сваё майстэрства 3 600 артыстаў. Выступяць як творчыя аматарскія калектывы, так і вядомыя выканаўцы, у прыватнасці Алег Газманаў, Рынат Ібрагімаў, Вера Брэжнева. Горкі трох з паловай тысячаў артыстаў могуць не вытрымаць.

А вось як з «Дажынак» госці бу­дуць раз’язджацца — вялікае пытанне. Каб вывезлі ўсіх у лес на цягніку — то так бы і вярнулі. А так будуць праблемы. Бо 22 верасня ў Беларусі пройдзе міжнародная штогадовая акцыя «Дзень без аўтамабіля».

Беларусь бярэ ўдзел у акцыі з 2008 года. Толькі за адзін дзень правядзення акцыі ў краіне прадухіляецца выкід у паветра як мінімум 250 тон забруджвальных рэчываў, сцвярджае прэс-сакратар Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Панцялеева.

Паводле яе слоў, летась акцыю падтрымалі ад 13 да 24% насельніцтва ў розных рэгіёнах Беларусі. Колькасць аўтамабіляў на дарогах знізілася ад 8 да 18%. Паводле звестак канцэрна «Белнафтахім», знізіліся аб’ёмы спажытага паліва да ўзроўню таго ж дня тыднем раней, у прыватнасці бензіну — на 12,3%, дызельнага паліва — на 10,4%. Быў прадухілены выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу ў аб’ёме прыблізна 300 тон.

Замест выхлапу з машынаў супрацоўнікам міліцыі трэба будзе замерыць алкагольны выхлап удзель­нікаў «Дажынак». Цікава, колькі тон посталкагольнага «выхлапу» яны зафіксуюць?

Але беларусам пакуль што прапануюць «піць сваё». У Беларусі ўзмоцнены дзяржаўны санітарны нагляд за ўвозам і рэалізацыяй алкагольнай прадукцыі вытворчасці Чэхіі і Польшчы. Як паведамляецца на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя, такое рашэнне прынята ў сувязі з тым, што ў Чэхіі, Польшчы і Славакіі зарэгістраваны выпадкі смерцяў ад атручэння метанолам. Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе пры набыцці алкагольнай прадукцыі ў абавязковым парадку запытваць у прадаўца дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку прадукцыі, у тым ліку звесткі аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

Гэта не так радыкальна, як у Чэхіі. Там увогуле забаранілі продаж алкаголю, мацнейшага за 20 градусаў. Але ж мы пакуль «п’ем айчыннае». У Беларусі працягвае расці аб’ём продажу гарэлкі. Паводле звестак Белстата, у студзені—жніўні 2012 года рэалізацыя гарэлкі павялічылася на 4,4% у параўнанні са студзенем—жніўнем 2011 года. Прададзена 7 мільёнаў 985,9 тысяч літраў гарэлкі, яе доля ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю склала 49,6% (у студзені—жніўні 2011 года — 44,2%).

Доля рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту ў студзені—жніўні 2012 года склала 10,6%. На спажывецкім рынку рэалізавана алкагольных напояў і піва на 10,2 трыльёна рублёў.

Так што будзе чым адзначыць нам і выбары, і «Дажынкі», і заканчэнне ўборачнай, і сяўбу азімых. Галоўнае, каб адзначыўшы святы, не апынуцца потым у постсвяточным стане, калі ні грошай, ні здароўя…
 

Каментаваць