Усіх пайменна

Напрыканцы кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты будуць названыя імёны ахвяраў сталінізму, расстраляных у Мінску ў 1920–1941 гадах. Такое рашэнне было прынята на чарговым пасяджэнні грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі.
 



Былы вязень ГУЛАГу, каардынатар грамадскага аргкамітэта Уладзімір Раманоўскі паведаміў, што пералік імёнаў бязвінных ахвяраў таталітарызму ўключаны ў цырымонію адкрыцця мемарыяльнага знаку ў гонар афіцэраў польскай арміі, забітых супрацоўнікамі НКУС на тэрыторыі Беларусі ў красавіку 1940 — чэрвені 1941 года. Паводле ягоных слоў, былыя вязні ГУЛАГу, прадстаўнікі грамадскасці і навукоўцы зачытаюць спіс, у які ўвойдуць ад 300 да 500 імёнаў расстраляных з іх дадзенымі (прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, нацыянальнасць, пасада і дата гібелі).

Даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў адзначыў, што на сённяшні дзень вядомыя імёны 5 772 ахвяраў палітрэпрэсій 1920–1941-х гадоў, расстраляных у Мінску і пазней рэабілітаваных. Паводле ягоных слоў, гэты пайменны спіс прадстаўлены ў пакуль яшчэ не надрукаванай кнізе «Расстраляныя ў Мінску» (аўтары Ігар Кузняцоў і культуролаг Вацлаў Арэшка), электронная версія якой вясной мінулага года была прэзентаваная ў Мінску. «На цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знаку грамадскі аргкамітэт мяркуе зачытаць толькі пачатак гэтага спісу, а ўвесь ён будзе агучаны на працягу бягучага года падчас розных мерапрыемстваў у межах правядзення Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі», — сказаў гісторык.

Сябра рады грамадскага аб’яднання «Дыярыюш» Вацлаў Арэшка паведаміў, што «Расстраляныя ў Мінску» з’яўляецца часткай праекту аб’яднання «Беларускі індэкс рэпрэсаваных». Паводле ягоных слоў, аналіз вядомых сацыяльна-дэмаграфічных дадзеных на амаль 6 тысяч персаналіяў выдання сведчыць — больш за палову з іх з’яўляліся прадстаўнікамі беларускага сялянства і былі забітыя, у асноўным, у 1937–1938 гадах па абвінавачванні ў шпіянажы, антысавецкай агітацыі і прапагандзе, а таксама ва ўдзеле ў кантррэвалюцыйных арганізацыях. Арэшка нагадаў, што раней пабачылі свет першыя два тамы серыі: Ігар Кузняцоў «Індэкс ураджэнцаў Беларусі, рэпрэсаваных у 1920–1950-я гады ў Заходняй Сібіры» (Мінск, 1998) і Рыгор Карпілаў «Індэкс ураджэнцаў Беларусі, расстраляных у Маскве і Ленінградзе ў 1920–1950-я гады» (Мінск, 2002). У два тамы ўвайшлі матэрыялы на 3 721 ураджэнца Беларусі, што былі рэпрэсаваныя органамі ВЧК-АДПУ-НКУС-НКДБ-МДБ, сказаў Арэшка.
 

Каментаваць