Усім усё надакучыла…

Гадамі нашы чыноўнікі размаўлялі пра шматлікія «прарыўныя» праекты і пра шляхі іх вырашэння. Падаецца, што размаўляць ім ужо надакучыла. І таму амаль напрыканцы года некаторыя праекты будуць скасаваныя ўвогуле, а па некаторых прынятыя радыкальныя рашэнні.



Надакучыла не толькі беларусам. У сераду на прэс-канферэнцыі па выніках саміту прэм’ераў СНД прэм’ер Расіі Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што Беларусь і Расія паспрабуюць у чарговы раз актывізаваць перамовы па аб’яднанні МАЗа і КамАЗа. Але гэтая спроба будзе, пэўна, апошняй. «Мне здаецца, нам ужо даўно час або гэту дыскусію завяршыць і перайсці да рэальнага аб’яднання, або закрыць гэтую тэму, таму што яна цягнецца даўно», — раздражнёна заявіў Мядзведзеў.

Па ягоных словах, было вырашана «працягнуць канструктыўную працу і паспрабаваць адказаць на гэтыя пытанні ў самым кароткім прамежку часу. І калі гэтага не атрымаецца — будзе сумна», — сказаў на заканчэнне прэм’ер Расіі.

А ўжо нам як будзе сумна, Дзмітрый Анатольевіч! Гэта ж колькі людзей згубяць сваю любімую забаўку! Не будзе пра што пагаварыць прэзідэнтам, не будзе Аляксандр Рыгоравіч шмат разоў вагацца, як і ў якім выглядзе будзе ці не будзе гэтае аб’яднанне, колькі эканамічных і не толькі журналістаў перастануць гадаць, што будзе ў выніку і наколькі гэта зацягнецца, і гэтак далей. Карацей, шмат народу згубіць любімую тэму для абсосвання. Канешне, сумна.

Але мы яшчэ крыху патрымаемся. Прэм’ер Беларусі Міхаіл Мясніковіч растлумачыў, што хаваецца за фразай «самы кароткі прамежак часу»: «Мы мяркуем, і з Дзмітрыем Анатольевічам знайшлі разуменне, што ў снежні гэтага года будзе прымацца рашэнне па сістэме кіравання. Гэта самае было вялікае пытанне. Зараз адпрацаваная дамова, працуюць міжнародныя эксперты па сістэме кіравання гэтым холдынгам, паколькі там плануецца сканцэнтраваць капітал 50 на 50. Я думаю, што гэты праект будзе рэалізаваны», — адзначыў Мясніковіч.

Але Дзмітрый Анатольевіч наўрад ці павёўся на гэтыя словы Міхаіла Уладзіміравіча. Бо Анатольевіч выдатна разумее, хто прымае ў Беларусі такія рашэнні. А Аляксандр Рыгоравіч не так даўно заявіў, што, словамі адной вельмішаноўнай перадачы, «Камамаза не будзе».

Дарэчы, пра перадачы. Урэшце беларускі Мінінфарм скончыў дыскусіі пра тое, хто ёсць сродкам масавай інфармацыі, а хто не. Беларускія ўлады рыхтуюць папраўкі ў закон аб СМІ, якія дазволяць перавесці шэраг беларускіх сайтаў у разрад СМІ з усімі вынікаючымі наступствамі. Як паведаміў намеснік міністра інфармацыі Дзмітрый Шадко, ужо створана працоўная група з прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў.

«Прапануем унесці шэраг змяненняў у закон аб СМІ, у адпаведнасці з якім найбольш папулярныя і ўплывовыя інтэрнэт-рэсурсы патрапяць у разрад СМІ і будуць несці адказнасць перад законам за распаўсюджванне любой інфармацыі — аж да адклікання рэгістрацыі», — заявіў Шадко.

Канешне, пытанне даўно надакучыла, лічыць інтэрнэт сродкам масавай інфармацыі альбо не. Але спадар Шадко, як заўсёды, паставіў воз наперадзе кабылы. Як ён здолее адклікаць рэгістрацыю ў сайта, які яшчэ нават не зарэгістраваўся? Што, ён забярэ ў «Хартыі» дамен org? Гы-гы, тры разы. Так яму і дазволілі запусціць свае рукі ў рэгістрацыю даменаў.

Ад непаразумення гэта спадар Шадко сказаў і ад злосці. Справа ў тым, што дзяржава так і не здолела перамагчы незалежную інфармацыю. З вуснаў чыноўніка гэта гучыць так, што для арганізацыі ў інтэрнэце эфектыўнага процідзеяння негатыўным сацыяльным з’явам неабходна вырашыць кадравую праблему. «Павінны быць рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсаў, якія выверана, з пункту гледжання псіхолагаў, журналістаў, іншых спецыялістаў, будуць гэтую прапаганду весці. Сёння большасць адміністратараў, якія адказваюць за сайты дзяржорганаў, газетныя сайты, такой кваліфікацыі не маюць, каб адэкватна дагрукацца да аўдыторыі», — сказаў намеснік міністра.

Ну, зразумела, што на першым месцы ў намесніка міністра інфармацыі не інфармацыя, а ідэалогія і прапаганда — ведаем, у якой краіне жывем. Але чаму за правалы ў кадравай палітыцы і ідэалагічнай падрыхтоўцы павінны адказваць нейкія сайты сваёй незразумелай нікому рэгістрацыяй? Мо, лепш папрацаваць там у сябе, вызначыць недахопы, ліквідаваць іх і гэтак далей?

А так, калі «ўзяць усё і забараніць», то можна проста адключыць ад інтэрнэту краіну — і не будзе табе ніякіх праблемаў. А то вызначай, хто ўплывовы і папулярны, а хто не. Пакрыўдзяцца ж «непапулярныя».

Таксама ўсім надакучыла пытанне, хто ж паедзе ад Беларусі на саміт краінаў Усходняга партнёрства, які ўжо праз тыдзень адбудзецца ў Вільні. Хто паедзе, той і паедзе, тлумачыць міністр замежных справаў Уладзімір Макей. «Мы зацікаўленыя ва ўдзеле ў саміце і ў тым, каб саміт быў звязаны са станоўчымі эфектамі для Беларусі. Рашэнне ў справе ўзроўню нашага ўдзелу акурат цяпер абмяркоўваецца і цягам бліжэйшых дзён будзе аб’яўлена. Яно залежыць ад рашэння прэзідэнта Беларусі», — сказаў ён польскаму выданню «Dziennik Gazeta Prawna». Сапраўды, чаго туды ехаць, калі там нармальных пытанняў па Беларусі не будзе? Ну, хіба што на шопінг у «Акропаліс». Так што паедзе той, хто мае валюту.

Ну і ўвогуле, надакучылі ўсім мітуслівыя грамадзяне, якія не праяўляюць свядомасць. Напрыклад, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік у гэтыя складаныя для краіны часы не знайшоў нічога лепшага, як заняцца гандлем алкаголем. Анатоль Тозік лічыць недапушчальным, што ўдзельнікі руху могуць бесперашкодна купіць на заправачнай станцыі спіртное. «Я абсалютна перакананы, што гэта памылка. Трэба прыняць меры па адмене гэтага рашэння, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра. — Буду ўносіць ва ўрад прапанову аб забароне продажу спіртных напояў на заправачных станцыях».

Канешне, няма ў намесніка прэм’ера іншых праблемаў, як алкаголь на запраўках, праўда? Намеснік прэм’ер-міністра — менавіта той узровень для вырашэння такога пытання. І большых праблемаў у краіне няма. Так?

Каментаваць