Усё лепшае — для кароў, а калі ўжо будуць думаць пра людзей?

Ужо 2 гады жыхары вёскі Цалевічы Слуцкага раёна змагаюцца супраць засмечвання нечыстотамі і руху вялікагабарытнай сельскагаспадарчай тэхнікі, якая вывозіць гной, сенаж з малочна-таварнага комплексу па вуліцы Працоўная.



Вёска Цалевічы месціцца ў 14 кіламетрах на паўдневы захад ад Слуцка. Дабротныя вясковыя дамы, заасфальтаваная вуліца сведчаць аб тым, што гэтае сяло яшчэ жывое. Вёска ўваходзіць у СПК “Вітка-Агра”, які спецыялізуецца на малочна-таварнай вытворчасці.

Адразу за вёскай з левага боку ад дарогі, якая вядзе да аграгарадка Танежыцы, ўзвышаецца, ззяючы свежымі фарбамі, дабротны сучасны жывёлаводчы комплекс на 720 кароў, уведзены ў строй у 2014 годзе.

Вуліца Працоўная сустрэла нас церпкім водарам гною, які абрамляе шэра-зялёнымі палосамі заасфальтаваную дарогу з абодвух бакоў. Зялёная зона збоку вузкай дарогі парэзана коламі трактароў, бачна, што ім тут цяжка размінацца.

Сяляне, якія жывуць на вуліцы Працоўная, лічаць, што будаўніцтва комплекса ператварыла іхняе жыццё ў суцэльныя пакуты:

— Не жывём, а пакутуем, — скардзіцца пенсіянер Аляксандр Юркевіч. — Што нас чакае — зразумелі яшчэ падчас будаўніцтва ў 2013 годзе: вялікагрузныя машыны з бетонам, пяском, канструкцыямі бегалі тут з ранку да вечару і дурылі галаву. Думалі, што жыццё наладзіцца пасля заканчэння будаўніцтва — ды дзе там! На змену будаўнічай тэхніцы прыйшлі 20-тонныя калгасныя трактары.

— Справа ў тым, што вуліца Працоўная стала асноўнай транспартнай артэрыяй, якая злучае комплекс і сілосныя ямы з палямі і іншымі гаспадаркамі “Агра-Вітка”. Жыхары вёскі звярталіся ў слуцкі райвыканкам яшчэ да будаўніцтва комплекса, прасілі, каб для асноўнай сельскагаспадарчай тэхнікі прадугледзелі іншую дарогу ў абход іхняй вуліцы. Да таго ж непадалёку ад цэнтральнай дарогі Слуцк — Танежыцы знаходзяцца яшчэ некалькі ферм. Калі злучыць комплекс з імі па прамой, не патрэбна б было рабіць вялікі круг з заездам на вуліцу Працоўная.

У звароце да Лукашэнкі вяскоўцы нават прыводзілі аргументы, што будаўніцтва прамой дарогі ад комплекса і сенажных ямін да трасы Селішча- Танежыцы даўжынёй у 400-500 метраў у далейшым дазволіла б меньш траціць грошай на салярку і бензін і было б ідэальным рашэннем праблемнай сітуацыі.

Аднак, як вынікае з дакументаў перапіскі, дырэктар “Вітка-Агра” Д. Чырэц і іншыя кіраўнікі раённага і абласнога маштабу свярджаюць, што праектна — сметная дакументацыя прайшла экспертызу і ўсё — добра.

— У выніку іхняга праекту “дарога жыцця” для кароў ператварылася ў дарогу пакут для людзей, — распавядае далей пажылы мужчына. — Прачынаемся, як каровы, у 4 гадзіны разам з гулам магутнага трактара, які вязе на ферму корм, — Пасля ідуць малакавозы, затым чарга даходзіць да магутных трактароў з сенажом, гноем і саломай. Падчас нарыхтоўкі кармоў, закладвання сенажных ямін на вуліцы стаіць неімаверны грукат. Вуліца прапахла гноем і сенажом. Летам вокны не адчыняем. На вуліцу выходзім толькі ў рэзінавых ботах, якія лягчэй адмыць ад гною. Летам з гораду прызджаюць унукі — баімся выпусціць на вуліцу. Не вуліца, а падраздзяленне фермы.

Калі ідуць дажджы — нечыстоты змываюцца з дарогі і ляцяць у двары, да калодзежаў. Бывае, як пасярэдзіне вуліцы нападае гною, дык прысылаюць трактар з мяцёлкай. Ён лятае па вуліцы ды разганяе гной да нашых платоў, калодзежаў, пад ногі.

Калектыўных зваротаў вяскоўцы напісалі шмат — усё без толку. 3-га сакавіка 2016 года Аляксандр Іванавіч пабываў на індывідуальным прыёме ў старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры — без вынікаў.

— Яны думаюць толькі пра кароў. І калі ўжо чыноўнікі пачнуць разумець, што нешта трэба рабіць і для людзей? — задае рытарычнае пытанне Аляксандр Юркевіч. Пытанне, на якога няма адказу.

Калі я, скончыўшы размову з вяскоўцамі, села ў салон аўтамабіля, кіроўца незадоволена зачмыхаў носам. Прыйшлося вылезці і памыць боты.

Каментаваць