Уступіла ў сілу папярэджанне аб крымінальнай адказнасці Тамары Сяргей

Уступіла ў сілу афіцыйнае папярэджанне Генпракуратуры аб крымінальнай адказнасці юрысткі Тамары Сяргей за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання. Такое рашэнне 24 кастрычніка прыняла калегія Мінскага гарадскога суда па грамадзянскіх справах ў складзе Вольгі Рамашэўскай (старшыня), Алы Крапіўкі і Кацярыны Якутовіч.



Нагадаем, што 29 ліпеня бягучага года суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінску Іван Майсейчык не задаволіў скаргу Тамары Сяргей, пацвердзіў законнасць і абгрунтаванасць афіцыйнага папярэджання Генпракуратуры ад 23 красавіка аб крымінальнай адказнасці юрысткі за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання. Затым Тамара Сяргей абскардзіла рашэнне Івана Майсейчыка ў Мінгорсудзе.

На яго пасяджэнні юрыстка адзначыла, што падчас судовага працэсу суддзя Іван Майсейчык падмяніў прадмет доказу, у парушэнне 20 артыкулу Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу пазбавіў заяўніка сродкаў доказу, а Генеральная пракуратура адстойвала сваю пазіцыю з дапамогаю падтасаваных і фальшывых доказаў, у той час, як гэты надзорны орган краіны павінен паказваць прыклад павагі да закону і яго дакладнага выканання,

У якасці прыкладу Тамара Сяргей прывяла факт выкарыстання Генпракуратурай у судовым пасяджэнні 29 ліпеня копіі адпраўлення гібрыднай пошты, на якім адсутнічаў подпіс юрысткі. Акрамя таго, згодна са службовым паметам паштовага аддзялення №131 горада Мінска, гэтае адпраўленне было накіравана 10 ліпеня 2012 года, а атрымана, згодна штампу Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 9 ліпеня 2012 года.

Падчас пасяджэння Мінгорсуду, знаёмячыся з матэрыяламі, на выснове якіх Генпракуратура вынесла юрыстцы афіцыйнае папярэджанне, Тамара Сяргей знайшла яшчэ адзін цікавы дакумент, што не быў прадстаўлены Генеральнай пракуратурай суду Цэнтральнага раёна. “Гэта копія майго запісу ад 11 ліпеня 2012 года ў кнігу заўвагаў і прапановаў Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак на копіі пасля майго подпісу я прачытала наступнае: “Лидер Гражданской инициативы против беззакония в судах и прокуратуре“. Прычым гэты тэкст на копіі чытаецца вельмі дрэнна”, — падкрэсліла юрыстка.

Яна звярнула ўвагу калегіі Мігарсуду на тое, што людзі адрозніваюцца не толькі ўзроўнем ведаў, уменняў і навыкаў, але асаблівасцямі характару і норавамі. “Вось чаму ў любой супольнасці заўсёды ёсць лідар. Аднак яго прысутнасць ў любой групе людзей аніяк не сведчыць пра тое, што гэтая група з’яўляецца грамадскім аб’яднаннем. У дзяцінстве ўсе чыталі кнігу Рэдзьярда Кіплінга “Маўглі”, дзе аўтар называе важаком самага паважанага воўка Акелу. Калі ж сыходзіць з логікі чыноўнікаў, дык Акела таксама з’яўляецца кіраўніком грамадскага аб’яднання”, — сказала юрыстка.

Калегія Мінгарсуду не задаволіла скаргу Тамары Сяргей, прызнала законным і абгрунтаваным рашэнне суддзі Івана Майсейчыка і пакінула яго ў сіле. Як адзначыла суддзя Вольга Рамашэўская, “парушэнняў норм матэрыяльнага і працэсуальнага права” пры вынясенні судовага рашэння “не дапушчана”.    

Каментуючы рашэнне калегіі Мінгарсуду, Тамара Сяргей заявіла: “Я на асабістым вопыце ў каторы раз пераканалася, як фабрыкуюцца справы ў нашай дзяржаве. І мне блізкія пачуцці бязвінных людзей, незаконна і несправядліва асуджаных за інкрымінуемыя ім злачынствы”.

      

Каментаваць