Узгоднены праект ахоўных зонаў Курапатаў

27 лістапада Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ўзгадніла праект ахоўных зонаў гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты».



Як адзначыў архітэктар Вадзім Гліннік, праект распрацаваны на больш дакладнай геадэзічна-картаграфічнай аснове, чым пакуль дзеючая схема ахоўных зонаў Курапатаў, зацверджаная пастановай Міністэрства культуры ад 12 траўня 2004 году. Паводле ягоных словаў, гаворка ідзе пра выкарыстанне раней невядомых картаграфічных матэрыялаў даваеннай, ваеннай і пасляваеннай пары, у тым ліку трафейных. «Разам з тым, канцэпцыя межаў і рэгламенту ўтрымання зонаў аховы ў цэлым засталася без прынцыповых зменаў» падкрэсліў Вадзім Гліннік.
 
 
Карэспандэнт НЧ нагадаў Вадзіму Глінніку ранейшую заяву начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігара Чарняўскага пра тое, што 4 домікі рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» узведзены ў ахоўнай зоне Курапатаў і падлягаюць пераносу. Аднак Вадзім Гліннік не адказаў на пытанне пра тое, на якой тэрыторыя знаходзяцца гэтыя домікі па ўзгодненаму праекту ахоўных зонаў. Можна толькі меркаваць, што згодна гэтаму праекту домікі рэстаранна-забаўляльнага комплексу ўжо не падлягаюць пераносу.
 
 
Звяртаем увагу, што рада ўзгадніла праект толькі ў частцы ягоных заходніх, паўночных і паўднёвых межаў. Рады вырашыла, што ўсходнія межы ахоўнай зоны Курапатаў будуць узгоднены пасля распрацоўкі праекту дэтальнага планавання поля паміж Курапатамі і вуліцай імя Пятра Мірашнічэнкі. На гэтай тэрыторыі захавалася
гістарычная дарога (так званая «Дарога смерці»), па якой ў даваенныя гады ў «чорных варанках» вазілі людзей на расстрэл з Мінска ва ўрочышча. Аднак запланавае на гэтым полі будаўніцтва шматфункцыйнага выставачнага комплексу можа знішчыць гістарычную «Дарогу смерці».
 
 
Таксама трэба мець на ўвазе, што ўзгоднены праект ахоўных зонай Курапатаў набудзе юрыдычную сілу толькі пасля зацвярджэння адпаведнай пастановай Міністэрства культуры. Пакуль жа дзейнічае схема ахоўных зонаў Курапатаў згодна пастановы Міністэрства культуры ад 12 траўня 2004 году.
 
 
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуў увагу сябраў рады на парушэнне заканадаўства пры падрыхтоўцы праекту. Паводле ягоных слоў, навуковы кіраўнік Курапатаў Мая Кляшторная павінна была ўдзельнічаць у распрацоўцы праекту з самага пачатку, а таксама пісьмова ўзгадніць гэты праект. «Без візы навуковага кіраўніка Курапатаў Міністэрства культуры не мае права разглядаць праект ахоўнай зоны»,  —  падкрэсліў Антон Астаповіч.
 
 
Але сябры рады праігнаравалі гэтую заяву Астаповіча, як і выступ каардынаатара грамадзянскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганны Шапуцькі, якая заклікала сябраў рады не ўзгадняць праект, а дапрацаваць яго з улікам таго, каб захаваць ранейшую мяжу ахоўнай зоны з заходняга боку Курапатаў і не дазваляць нікому парушаць гэтую мяжу.
 
 
Як паведаміў карэспандэнту НЧ актывіст ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Алесь Макаў, 25 лістапада насупраць Курапатаў распачалося пашырэнне шашы Заслаўе-Калодзішчы ў бок народнага мемарыяла. Паводле ягоных словаў, працы вядзе дарожна-будаўнічае ўпраўленне з горада Маладзечна (Мінская вобласць).

Каментаваць